Блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў — на Валадарцы. Кабанаў — знямоглы
Праваабаронцы паведамляюць, што блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў знаходзяцца ў СІЗА-1 Мінска на вул. Валадарскага.
Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава падазраюць у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікам улады або актыўны ўдзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Справа тычыцца падзей у Гродне 29 траўня, калі быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі і яго паплечнікі.
Сяргею Пятрухіну ўжо перадалі перадачу ў 5 кг. Блогер знаходзіцца ў СІЗА‑1, у яго ёсць адвакат.
Пра Кабанава валанцёры кажуць:
“Калі можаце нейкую прадуктовую перадачу і ад страўніка амез, то, калі ласка. Ён вельмі знямоглы, мы не змаглі дапамагчы, пакуль ён быў у Драгічыне, бо не ведалі, што ён там. А калі даведаліся і перадалі, то хутчэй усяго не аддалі яму, бо там былі таблеткі, а ён хацеў узяць таблеткі ў хаце ў маці, значыць, не атрымаў перадачу”.
Раніцай 29 чэрвеня Аляксандру Кабанава перадалі лекі, ён таксама знаходзіцца ў СІЗА‑1 па вул. Валадарскага ў Мінску.
Храналогія пераследу
Напрыканцы сакавіка блогеры Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін сышлі на «народны каранцін» і схаваліся ў вёсачцы пад Пінскам. Але спакойна працаваць рэпарцёрам праваахоўнікі не далі: 4 красавіка падпалкоўнік Пінскага ГАУС Алег Хрысюк наведаўся ў госці да блогераў, каб “апытаць” Сяргея.
27 красавіка блогерам Сяргеем Пятрухіным зноўку зацікавілась міліцыя. Гэтым разам пінскі ўчастковы Таранько паскардзіўся сваім калегам на блогера. Пасля гэтага яго пачалі пільнаваць і ў дзень, і ў начы.
6 траўня Сяргея Пятрухіна затрымаў АМАП. Пазней Пухавіцкая міліцыя перадала яго УУС Брэсцкага аблвыканкама, а 7 траўня блогера чатыры разы выклікалі на допыт, але размаўляць з супрацоўнікамі Сяргей Пятрухін адмовіўся. За што яго затрымалі ён даведаўся толькі ў судзе 8 траўня, калі яго абвінавацілі ў здзяйсненні правапарушэння паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП 19 траўня. Суддзя Куроўскі прызначыў працяг разгляду справы на 11 траўня на 10.00. Але Пятрухіна не выпусцілі, тут жа затрымалі за масавае мерапрыемства, якое адбылося 5 красавіка, і зноўку адправілі ў камеру. 11 траўня суд пакараў блогера 15 суткамі арышту, і нягледзячы на тэмпературу яго змясцілі ў ІЧУ. Адтуль у той сама дзень “хуткая дапамога” даставіла яго ў шпіталь. Пасля выпіскі Пятрухін быў на самаiзаляцыi да 2 чэрвеня.
16 чэрвеня каля 14 гадзін на лецішча, дзе блогер Пятрухін васстанаўліваўся пасля перанесенага каранавіруса, прыехала міліцыя. Яны затрымалі блогера “дзеля далейшага адбыцця пакарання”. І блогер знік. Толькі 20 чэрвеня Сяргей быў знойдзены у ІЧУ Кобрынскага РАУС. А 25 чэрвеня Сяргея Пятрухіна з Кобрынскага ІЧУ даставілі ў Мінскі ІЧУ на Акрэсціна.
Блогера Сяргея Пятрухіна праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнем.
18 красавіка стала вядома пра затрыманне блогера Аляксандра Кабанава. У 7.30 яго затрымалі ў Пінскім раёне, у п. Гарадзішча, дзе Кабанаў знаходзіўся на самаізаляцыі. Раніцай блогер сабраў дзяжурны пакунак, пагаліўся, надзеў медыцынскую маску і выйшаў за браму, дзе і быў затрыманы міліцыяй, а пасля дастаўлены ў ІЧУ. 20 красавіка суддзя Куроўскі Д.Г. пакараў Аляксандра Кабанава паводле ч.2 арт. 23.34 КаАП 15 суткамі адміністратыўнага арышту за ўдзел у акцыі пратэста супраць завода АКБ 12 красавіка. 9 траўня Кабанава змясцілі ў Брэсцкі гарадскі шпіталь, дзе ў яго выявілі каронавірус. 1 чэрвеня блогера выпісалі з бальніцы, і ён знаходзіўся на самаізаляцыі.
15 чэрвеня блогера Аляксандра Кабанава ізноў затрымалі, калі ён пайшоў па выкліку ў паліклініку дзеля кантроля па адбыцці каранціна. Як толькі выйшаў з дома, яго затрымалі і даставілі ў ІЧУ Ленінскага раёна г. Брэста. Блогера абвінавацілі ў адміністрацыйным правапарушэнні паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП за заклікі 7 траўня “карміць галубоў”. 17 чэрвеня старшыня суда Брэсцкага раёна Сяргей Маручак арыштаваў Кабанава на 15 сутак, і яго адразу адправілі ў ІЧУ.
20 чэрвеня блогер знік з ІЧУ. Ягоны лёс стаў вядомы праваабаронцам толькі 25 чэрвеня, калі ў бацькоў Аляксандра Кабанава ў вёсцы Зубачы Бярозаўскага раёна адбыўся ператрус. Ператрус праводзілі міліцыянты Драгічынскага РАУС. У іх, як выявілася, тры дні перад гэтым знаходзіўся Кабанаў у ізалятары часовага ўтрымання. Туды яго таемна перавезлі з ІЧУ Ленінскага РАУС Брэста, дзе нібыта праводзілі дэзінфекцыю. Міліцыянты бацькам не прадставіліся, ператрус учынілі заўзята, потым далі Кабанаву падпісаць нейкую паперу. Таблетак для хворага страўніка Кабанаву дома ўзяць не дазволілі, як і паразмаўляць з бацькамі. На пытанне блізкіх, куды павязуць іх сына, сказалі – у Мінск. Па словах родных, Аляксандр Кабанаў пачувае сябе кепска. Ён нядаўна перанёс COVID-19 і яму патрэбныя добрыя ўмовы для аднаўлення здароўя.