• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Я за тое, каб найбольш актыўныя былі знойдзены і ім далі належнае». Вялікая гутарка з Лявонам Вольскім

    Часам здаецца, што мы жывем у часы, калі спраўджваюцца сюжэты антыўтопій і прагнозы пісьменнікаў-фаталістаў. Ці маглі ўявіць сабе такое самі творцы?

    Беларуская асацыяцыя журналістаў паразмаўляла з даўнім сябрам БАЖ і ўсіх незалежных журналістаў, музыкам Лявонам Вольскім пра прароцкія радкі ў яго песнях, працу ў рэдакцыі «Беларускай маладзёжнай» і навэлу аб прапагандыстах.

    «У Доме радыё многія касіліся на нас, бо мы мелі нефармальнае адзенне, насілі завушніцы»

    — Атрымліваецца, што песня «Тры чарапахі» стала для беларусаў прароцкай — «…трэба ў розных краях пабываць». Маглі вы ўявіць, што кантэкст зменіцца, а радкі тэксту будуць успрымацца праз уласны досвед?

    — Шчыра кажучы, калі я пісаў тэкст, на мяне незразумелым чынам нешта сышло, а ўжо пасля я асэнсаваў: ах, вось што маецца на ўвазе!

    Насамрэч гэта была постмадэрнісцкая цытата з савецкай песні «Песняроў» (на верш Алеся Ставера). Такая простая, ясная, нават местачкова патрыятычная паэзія.

    Каб любіць Беларусь нашу мілую,
    Трэба ў розных краях пабываць.
    Разумею цяпер, чаму з выраю
    Жураўлі на Палессе ляцяць.

    У нейкі момант я зразумеў, што атрымалася цікавае перафразаванне. Асэнсаванне здарылася пасля нашых вандровак па Польшчы і іншых краінах. Сапраўды, каб любіць Беларусь, трэба ў розных краях пабываць!

    Бо лёгка сядзець на хутары і казаць: я так усё тут люблю. Канешне, ты ж нічога больш не ведаеш… А калі лётаеш па свеце, бачыш розныя краіны, то гэта любоў іншага кшталту.

    Але ў мяне былі значна болей прароцкія тэксты. Амаль трыццаць гадоў таму я напісаў песню, у якой ёсць такія радкі: «Бывай, мой родны край! Бывай, мой родны горад!» (песня «Бывай», 1995 г.). Ужо тады былі думкі, што, можа, давядзецца з’ехаць. Аднак яны былі несур’ёзныя, хаця я такое дапускаў.

    У 1990‑я мы пісалі песімістычныя, дэпрэсіўныя песні, і ўвесь час сітуацыя ў Беларусі як камлыга, што ляціць з гары, абрастала негатывам. У пачатку 2000‑х, калі яшчэ была жывая N.R.M., мы смяяліся: не іначай накаркалі.

    Калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, у мяне было адчуванне глабальнай катастрофы. Пачуўшы першыя ягоныя спічы, зразумеў, што нічога добрага нас не чакае.

    Тады я на паўстаўкі працаваў на радыё малодшым рэдактарам. У будынку трансляваліся пасяджэнні Вярхоўнага Савета. Я чуў, як нехта крычыць высокім, сіплым голасам. Мне патлумачылі: «Дык гэта барацьбіт, змагар (тады слова не мела сучаснага кантэксту) з карупцыяй». Я падумаў: ну Божа, усё ясна…

    А падчас перадвыбарчай кампаніі я здзівіўся ягонаму папулізму. Потым стала відавочна, што ў Кебіча (кіраўнік Савета Міністраў у 1990–1994 гадах) шанцаў перамагчы няма. Тады я зразумеў, што прыйшоў гамон. Пасля была абвешчана бліскучая і элегантная перамога, і стала ясна, што будзе з культурай. Але былі спадзяванні, што ўсё хутка закончыцца.

    — Цяпер часта ўзгадваюць «Беларускую маладзёжную» як прыклад свабоднай журналістыкі, файнай каманды, творчых ідэй. Шмат цікавых людзей выйшлі з яе…

    — …напрыклад, Мукавозчык, які там падпрацоўваў.

    — Цікава. Вы працавалі разам з ім?

    — Працаваў — гучна сказана. Так, быў знаёмы. Ён нячаста бываў у рэдакцыі. Здаецца, супрацоўнічаў з Анатолем і Аксанай Вечарамі, якія рабілі гумарыстычную перадачу.

    Каманда «Беларускай маладзёжнай» сапраўды была прагрэсіўнай. Сабралася вельмі вольная рэдакцыя, эфіры вялі на тарашкевіцы.

    У Доме радыё многія касіліся на нас, бо мы мелі нефармальнае адзенне, насілі завушніцы. Заімшэлы кантынгент глядзеў на нас з нянавісцю, нядобразчылівасцю, хаця нехта — з цікавасцю. Маўляў, што яны тут робяць?

    Жану Літвіну, якая была на чале рэдакцыі, часта выклікалі да радыйнага начальства, паласкалі, але мы працягвалі сваю палітыку, і яны нічога зрабіць з гэтым не маглі.

    Якая-ніякая, але дэмакратыя і паўгалоснасць былі. Калі мы хацелі данесці інфармацыю, рабілі без праблемаў. Ясна, што нехта абураўся, аднак далей гэта не ішло.

    «Калі ў руках з’яўляецца бела-чырвона-белы сцяг і «Пагоня», то натуральна, што крычыш “Жыве Беларусь”»

    — Спрабуем разглядзець нават у змрочныя часы праменчык святла. Падчас пераследу ўсяго нацыянальнага многія згадалі, што яны — беларусы, сталі часцей гаварыць на беларускай мове, цікавіцца гісторыяй. Няўжо ў мірны час ідэнтыфікацыя немагчымая, а толькі праз боль, пакуты, страх? І якія асаблівасці яе ўсведамлення падчас такіх крызісаў?

    — Доўгі час народ знаходзіўся ў маўклівай змове з дыктатурай: нас жа не кранаюць!

    Калі чалавек проста хадзіў на працу ці займаўся дробным бізнесам, то меў магчымасць купіць кватэру, пабудаваць дом у садовым таварыстве… Але гэта ўсе роўна была змова: мы не лезем у палітыку, а дзяржава не лезе да нас.

    Баланс быў парушаны падчас пандэміі. А з выбарамі прачнулася нацыянальная самасвядомасць, чым я быў вельмі ўсцешаны, бо думаў, што пры маім жыцці гэта ўжо не адбудзецца.

    Натуральна, калі ў руках з’яўляецца бела-чырвона-белы сцяг і «Пагоня», то крычыш «Жыве Беларусь» і размаўляеш па-беларуску. Цяпер жа ёсць дадатковы стымул — пачалася ганебная вайна, і мова дазваляе адрознівацца ад захопнікаў.

    За амаль трыццаць гадоў беларуская мова мусіла знікнуць і, як у рамане Віктара Марціновіча, засталіся б пару сотняў носьбітаў, якія хаваюцца ад пераследу.

    На шчасце, мова выявілася нашмат больш жывучай, нягледзячы на тое, што праз прапагандыстаў яе прыніжалі. Спачатку прадстаўлялі як «калгас», нейкую неадукаванасць — лапці-лыжкі-заціркі, потым як хваравіты нацыяналізм.

    Аднак так не здарылася. Думаю, што колькасць беларускамоўных людзей у горадзе нават вырасла.

    — Сапраўды, беларусы 24 лютага 2022 года ператварыліся з ахвяраў у суагрэсараў. Асабісты досвед дыскрымінацыі маеце?

    — На шчасце, не. Хіба што некаторыя ўкраінскія музыкі, з якімі мы супрацоўнічалі, абарвалі кантакты.

    Але далёка не ўсе. Так, нядаўна прыязджалі Сяргей Жадан і гурт «Сабакі ў космасе». У варшаўскім клубе мы выканалі песню «Я — рок-музыкант», якую ён пераклаў на ўкраінскую мову. Яна стала іх хітом таксама.

    — А калі глядзець з філасофскага гледзішча: навошта нам даюцца такія выпрабаванні?

    — Мы не плацілі крывёй за сваю незалежнасць, пад танкі не траплялі, не стаялі каля тэлецэнтра, як у Вільні. Хаця некаторыя беларусы там былі.

    Ну і тая катастрофа, што здарылася ў 1994 годзе, адбылася па волі народа. Людзі вырашылі вярнуць СССР. Доўгі час верылі, што рухавік выцягне. Можа, таму мы атрымалі ўсе выпрабаванні, што сядзелі і не думалі пра тое, у які бок развіваецца гэтая мадэль?

    Аднак з часам прыхільнікаў Савецкага Саюза станавілася ўсё менш і менш. У 2020 годзе канчаткова стала ясна, што беларусы не хочуць прымаць хлусню і хунту ва ўладзе.

    Але цяпер народ у закладніках. Уражвае, што нават у такі час, пад пагрозай смерці існуе супраціў. Рэйкавая вайна, самалёт у Мачулішчах… Нацыя нараджае сапраўдных герояў.

    «Усе, ад каго залежыць духоўнае развіццё, вернуцца назад і будуць укладацца»

    — Дай бог, усё закончыцца ў найбліжэйшай перспектыве. Што мы мусім прывезці з вымушанай эміграцыі?

    — Відавочна, што вернецца толькі частка. Аднак творчыя людзі напэўна гэта зробяць, бо мы з’язджалі не для таго, каб жыць больш камфортна.

    Усе, ад каго залежыць духоўнае развіццё, вернуцца назад і будуць укладацца, каб краіна заставалася суверэннай і стала нарэшце нармальнай.

    Як мы гэта бачым? Вясёлкава і ў яскравых колерах.

    Няма бязвыхадных сітуацый. Цяпер увесь свет знаходзіцца ў досыць падважаным стане. Не толькі мы ў страшным становішчы.

    — А колькі беларусаў застанецца за мяжой нават у лепшым выпадку. Гэта рэсурс ці страта?

    — У 2020 годзе я знаходзіўся пад уражаннем ад таго, як згуртаваліся дыяспары.

    Раней на канцэрты ў ЗША, Заходняй Еўропе прыходзілі людзі, якія адчувалі сабе не беларусамі, а хутчэй за ўсё — выхадцамі з пэўнай тэрыторыі. Аднак неўзабаве ўсё змянілася.

    — З чаго пачынаць будаваць новую Беларусь? У якім выпадку адбудзецца сапраўднае адраджэнне? Асабіста для вас, што стане маркерам?

    — Адыход ад савецкай мадэлі і з’яўленне ў палітычнай эліце адэкватных людзей, якія ведаюць беларускую мову і якія хочуць адраджэння. Ну і канешне, тых, хто ведае, як выйсці з дурацкай эканамічнай сітуацыі, навязанай Лукашэнкам і Расіяй.

    Кампетэнтных людзей хапае. Доўгі час да іх не прыслухоўваліся, адцёрлі, і яны з’ехалі. Варта, каб спецыялісты вярнуліся і занялі месцы ва ўладзе. Потым могуць быць падзенні і хістанні. Гэта нармальна. Так мусіць быць.

    Важна, каб прыйшла класная каманда, якая зробіць з Беларусі Беларусь!

    — У адным з інтэрв’ю вы назвалі тры складнікі сапраўднай краіны: адукацыя, культура і масмедыя. З адукацыяй і культурай зразумела, а СМІ пры чым?

    — Далёка не тры… Як, напрыклад, без эканомікі будуць існаваць тыя ж культура і адукацыя?

    Што ж тычыцца СМІ, то яны накіроўваюць грамадскую думку і могуць уплываць як пазітыўна, так і негатыўна. Медыя могуць цэлы народ загнаць у стан, калі ў сваёй большасці ён будзе паўтараць неадэкватныя тэзы.

    Вось як, напрыклад, можна абвяргаць напад, спасылаючыся на «упреждающий удар»? Няўжо здаровы чалавек паверыць, што Украіна атакавала Расію? Тым не меней, яны паўтараюць ідыёцкую мантру: «каб не мы, яны б нас»…

    Аказалася, што гебельсаўскія тэзы выдатна працуюць. Расійскія прапагандысты цалкам уплываюць на народ. Гэта цікавы эксперымент, калі б ён так дорага не каштаваў.

    Аднак у чымсьці беларускія прапагандысты нават яшчэ горш за расійскіх. Бо тыя ведаюць, што робяць. А гэтыя — не. Атрымліваецца калька з няўдалай калькі. Тройчы перажаваная ежа.

    «Для нашай тэрыторыі сярэднеазіяцкія звычаі не ўласцівыя, але так атрымалася…»

    — Медыясфера перажывае крызіс, якога ў Беларусі яшчэ не было: больш за 30 супрацоўнікаў медыя за кратамі, каля 400 журналістаў у эміграцыі. Ці можна выжыць пасля такога ўдару?

    — Тым не менш незалежныя СМІ дагэтуль працуюць, навіны ў Telegram з’яўляюцца. Увогуле распаўсюджваецца інфармацыя, якую ніхто не павінен быў ведаць, напрыклад, чым закончыўся закрыты суд.

    Атака на незалежную прэсу была адпачатку. Я сам спачатку працаваў у «Беларускай маладзёжнай», пасля была «Студыя БМ» на Мінскім тэлевізійным канале. Потым — «Радыё 101.2 FM». І ўсё гэта было зачынена. Адно за адным. Чым гэта магло скончыцца? Толькі поўным разгромам…

    Такое ўражанне, што яны цярпелі. Увесь час чакалі зручны момант, калі можна будзе ўсё накрыць. Так і здарылася.

    У Беларусі даўно няма нармальнай прэсы. Больш-менш праўдзівую інфармацыю апошнія гады мы дазнаваліся ў інтэрнэце. А прэса — гэта ж таксама нармальны навінавы тэлеканал, інфармацыйна насычанае радыё, неперадузятая аналітыка ў газеце.

    — Дарэчы, на пачатку года старэйшая FM-радыёстанцыя Беларусі (Radio BA) спыніла вяшчанне.

    — Наогул у Беларусі цяжка існаваць FM-радыёстанцыям, асабліва калі ў іх няма праўладных каранёў. Быў жа выдатны канал са сваім тварам — «Аўтарадыё». А пасля нібыта не выканаў нейкія ўмовы, прыйшла праверка і…

    Нават калі ты па-за палітыкай і ў цябе выключна забаўляльнае радыё, то заўсёды існавала рызыка. У нейкі момант вырашаюць, што павінна быць 75% беларускага кантэнту. Дзе яго набраць? З чаго?

    І гэта ва ўмовах, калі эстрадныя выканаўцы не выпускаюць альбомы. Лічаныя мелі пяць песень і мінусоўку з іх: Саладуха, Афанас’ева і, можа, Ялінская.

    У гэты ж час існаваў чорны спіс музыкантаў, якіх нельга круціць. «Палац», N.R.M., «Нейра Дзюбель» — нельга!

    Хаця мы былі папулярныя і маглі выратаваць сітуацыю, але знаходзіліся пад забаронай. Ну як выжыць FM-радыёстанцыям? Пякельная праца…

    — На пачатку сваёй палітычнай кар’еры Лукашэнка шмат чаго кампліментарнага казаў на адрас прэсы, абяцаў свабоду… Як зрабіць, каб у будучым ніхто не мог дазволіць сабе так абыходзіцца з незалежнымі медыя?

    — Гэта няўдалы прыклад… Ён столькі ўсяго казаў, а потым рабілася наадварот.

    Як засцерагчыся? У першую чаргу трэба скасаваць інстытут прэзідэнцтва. Каб не было адзінаўласнай улады, а рашэнні прымаліся б парламентам. Тады будзе прасцей. Прадстаўнікі прэсы самі будуць дамагацца, каб прынялі справядлівыя законы.

    Цяпер усе кідаюцца выконваць тое, што сказаў адзін. Гэта ненармальная сітуацыя, нейкі султанізм. Для нашай тэрыторыі сярэднеазіяцкія звычаі не ўласцівыя, але так атрымалася… Цяжкая спадчына Савецкага Саюза.

    «Нехта звыкла кінецца ў ногі новай уладзе»

    — Як абысціся з экстрэмісцкімі цэтлікамі, вар’яцкімі законамі і вялікай колькасцю ўпэўненых ва ўседазволенасці сілавікоў? Гэты ж наследак не зменіш за адзін дзень…

    — Хай вырашае новая ўлада. Але спачатку неабходна прыйсці да грамадзянскай згоды.

    Як толькі сітуацыя хіснецца ў іншы бок, то нехта звыкла кінецца ў ногі новай уладзе. А пэўная частка з’едзе ў Расію, калі яна яшчэ будзе існаваць, канешне. Ну інакш — у рэспубліку Сібір ці ў іншыя рэгіёны.

    Астатнія растворацца. А дзе падзеліся супрацоўнікі «Штазі» з ГДР? Ці прадстаўнікі савецкіх карных органаў? Пайшлі вахцёрамі, у аддзелы кадраў.

    Аднак я выступаю за тое, каб найбольш актыўныя былі знойдзеныя і ім далі належнае. Ёсць такія, якіх немагчыма абысці, заплюшчыўшы вочы на іх мінулае.

    Мы ўжо аднойчы пакінулі савецкую спадчыну. Ніхто не выбачыўся, не пакаяўся. І вось да чаго ўсё прыйшло. Рэінкарнацыя КДБ, прывід гнілога Сталіна… Досыць цяжка назіраць гэта ўсё. Мусім пакласці канец усім савецкім зомбі.

    — А як вы адносіцеся да прыхільнікаў улады? Іх жа не так мала. Як кажуць незалежныя сацыёлагі, да адной трэці грамадства. «Ябацек» трэба пераконваць, перавыхоўваць? Увогуле ці магчыма гэта? Хто гэтым мусіць займацца?

    — Не так іх і шмат! Апантаных, якія прапаноўваюць зносіць памятнікі Ларысе Геніюш, адзінкі.

    «Ябацькам» трэба, каб была стабільнасць. Тыя ж бабулі каля пад’езда кажуць: дайце нам спакойна дажыць, і вось яны дажываюць ужо трыццаць гадоў.

    Гэтыя людзі ніколі і нічога не вырашаюць. Вельмі інэртная маса з нізкай самаарганізацыяй.

    А хітранькія актывісты, якія робяць кар’еру, — зусім іншая катэгорыя. Яны будуць адказваць за прапановы забіваць людзей і іншыя крымінальныя рэчы.

    — Шмат кажуць пра люстрацыю, у тым ліку ў дачыненні да прапагандыстаў, якія палошчуць і вас. Па-першае, ці лічыце вы магчымым дацягнуцца да кожнага віноўніка — відавочна, што ўсіх не пакараеш? Па-другое, дзе тут мяжа паміж свабодай слова і злачынствам?

    — Хай вырашаюць кампетэнтныя органы!

    Асабіста я лічу, што лукашэнкаўскія прапагандысты ні на што не ўплываюць, у іх няма аўдыторыі. Досыць камічныя персанажы там сабраліся. Гэта проста лаянка! Каму яе цікава слухаць? Адзінае, што апазіцыянерам, якія скардзяцца ў Twit­ter альбо смяюцца з таго ж Азаронка.

    А вось з расійскімі прапагандыстамі трэба разбірацца сурова — гэта безумоўна. У іх іншая ступень адказнасці, чым у лукашэнкаўскіх. Яны распальваюць вайну.

    — Узгадваецца ваша песня «Ворагі народу», у якой вы саркастычна прайшліся па прапагандыстах.

    — Я адгукаўся на тое, што адбывалася на хвалі пратэстаў. Не займаюся аналізам іх выступаў, але калі нешта трапіць на вочы ў сацсетках, то рэагую.

    Відавочна, што сярод іх ёсць людзі, якія зарабляюць грошы і давер улады. Іншыя разумеюць, што робяць кепскую справу — па тварах бачна няўпэўненасць, але ж яны працягваюць дзейнасць.

    Вельмі цікава пасля будзе асэнсаваць гэта і напісаць нейкі твор. Як прапагандысты прыдумляюць свае тэксты і перадачы.

    Між іншым, у мяне ёсць навэлка на тэму. Сюжэт такі. Пасля чарговай праграмы прапагандысты прыходзяць да п’янага боса. А той пытаецца: вы разумееце, што нас ніхто не слухае, бо мы некалькі гадоў знаходзімся ў бункеры і не ведаем, што адбываецца наверсе? У фінале высвятляецца, што яны гоняць свае перадачы ў нікуды і жывуць толькі гэтым.

    — Нягледзячы на песімістычны кантэкст, у такія часы нараджаецца шмат твораў. На ваш погляд, як адлюструюцца гістарычныя перамены ў культуры?

    — Творчыя людзі цяпер перажываюць шок: кагосьці пасадзілі, хтосьці спрабуе адаптавацца за мяжой. Для творчага чалавека гэта праблематычная сітуацыя, якая абязброіла. Але пасля, упэўнены, з’явяцца шмат значных твораў, якія ўпрыгожаць сусветную культуру. Як гэта адбылося пасля Другой сусветнай вайны. Думаю, мы гэта ўсё пабачым.

    Чытайце яшчэ:

    Вольга Класкоўская: Як тут не параноіць, калі ў ванне ляжыш, а да цябе ГУБАЗіК урываецца

    Стваральніца падкаста «Вясна прыйдзе»: Меншае, што мы можам зрабіць, — гэта ведаць пра досвед людзей, якія побач з намі

    Рэдактарка зіна PAMYŁKA: Трэба было дзесяць год валанцёрыць, каб пабачыць квантавы скачок у грамадстве

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці