“Мастачка зрабіла сто партрэтаў за чатыры месяцы”. Заснавальніца праекта “Палітвязынка” расказала, як яго стваралі
Журналістка Яўгенія Долгая разам з мастачкай Ганнай Татур запусцілі праект, які прысвечаны палітзняволеным беларускам. БАЖ паразмаўляла з Яўгеніяй і даведалася, як яны абіралі назву для праекта і як з’явілася сама ідэя.
«Ва Украіне дзейнічае такі наратыў: “А чаго вы з кветачкамі хадзілі і на лавачцы стаялі?”
— У маёй дачкі ёсць кніжка “Казкі юных бунтарак”. У ёй пра жанчын усяго свету. Гэта першае, што мяне падштурхнула да думкі аб такім праекце. Падумала, што зараз у нашай краіне адбываецца гісторыя. Шмат жанчын сядзяць за сваю грамадзянскую пазіцыю, яны абсалютна розныя і пра іх варта расказваць, — кажа Яўгенія.
Выношвала ідэю журналістка з лістапада 2020-га, калі яна з’ехала з Беларусі. Яўгенія пачала збіраць гісторыі беларусак, якія знаходзяцца ў зняволенні.
— Нешта з адкрытых крыніц, а пры магчымасці сама брала нейкія інтэрв’ю.
Яшчэ калі жыла ва Украіне, сустрэлася з украінскай калегай. Яна была ў 2020 годзе галоўным рэдактарам аднаго фемінісцкага выдання, называецца “50 адсоткаў”. Я для іх пісала пра прэзідэнцкую кампанію, пра нашых трох жанчын — Ціханаўскую, Калеснікаву і Цапкалу.
— Прапанавала ім зрабіць сумесны праект, расказваць аб тым, што адбываецца ў Беларусі. Ва Украіне дзейнічае такі наратыў: “а чаго вы з кветачкамі хадзілі і на лавачцы стаялі?” — узгадвае Яўгенія. — З‑за такіх стэрэатыпаў яны не бачаць, што адбываецца насамрэч. Я б хацела бачыць салідарнасць з беларускамі ўкраінскіх праваабаронцаў, журналістак, грамадскіх дзеячак.
«Жанчына пісала, што яе кінуў муж падчас яе зняволення»
На стварэнне праекта Яўгенію Доўгую натхніла гісторыя Ірыны Палянінай.
— Памятаю летась я гартала групу “Лісты салідарнасці” ў фэйсбуку, дзе апублікавалі яе ліст. Ён быў напісаны на паперы алоўкам. Жанчына пісала, што ў яе нават няма ручкі. Ірыну кінуў муж падчас яе зняволення, пажылая маці — інвалід, і Ірыне давялося прасіць дапамагчы сабраць яе ў калонію. Тады стала шукаць яе фотаздыкі ў сацсетках. Мастачка Ганна зрабіла выдатны яе партрэт, сабрала ўсё ў адно, — дзеліцца аўтарка.
Думала над назвай журналістка доўга.
— У галаву прыйшло, што ўсе мы змагаемся за фемінітывы. Так і з’явілася “Палітвязынка, — тлумачыць яна.
Зараз у Яўгеніі гатова сто гісторый пра беларускіх палітзняволенных жанчын. Яны на беларускай і ўкраінскай мовах.
— Пачалася вайна, праект прытармазіўся, — расказвае яна. — Украінскаму боку зараз не да гэтага. Хаця я ім і спрабавала данесці, што ў нас сярод палітвязняў жанчын ёсць тыя, хто выступіў супраць вайны. Яны не разумеюць нашай бяды. Сайт у нас таксама практычна гатовы, проста ён ніяк не можа запусціцца з‑за таго, што з іншага боку тармозяць.
«Ганна малявала партрэты на паперы, гісторыі пераклала на французскую мову і паказала сваім выкладчыкам як навучальны праект»
Чаму Яўгенія для гэтага праекта вырашыла выкарыстоўваць намаляваныя партрэты, а не фотаздымкі?
— Па-першае, натхнілася кнігай дачкі, а па-другое, яшчэ больш падмацавала гэтую ідэю тое, што калі пачалася вайна з’явілася вельмі шмат у сетцы партрэтаў байцоў ВСУ. І гэта заўсёды было кранальна. Яшчэ вобраз сам зборны, калі мастак робіць нешта адно са шматлікіх фотаздымкаў, — тлумачыць Яўгенія.
Мастачку, якая б зрабіла партрэты жанчын, Яўгенія знайшла праз сацсеткі. Яна напісала пост, заптылася, хто гатовы дапамагчы з такой справай. На яго адгукнулася Ганна Татур.
— Яна жыве і вучыцца ў Францыі. Я скінула ёй гісторыі разам з фотаздымкамі жанчын, якія я знаходзіла ў сацсетках. Ганна пачала маляваць партрэты на паперы, гісторыі пераклала на французскую мову і паказала сваім выкладчыкам як навучальны праект. Сказала, што яны звярнулі ўвагу на яе працы.
Аня намалявала сто партрэтаў у лічбавым варыянце за чатыры месяцы.
— Калі мастачку моцна натхніць гісторыя, то яна і за дзень можа зрабіць партрэт. Часам наадварот выгарае. Перад канчатковым варыянтам яна звычайна малюе яшчэ чатыры чарнавыя, а потым карэктуе.
«У замкнёнай прасторы дакладна відаць, які чалавек перад табой»
Першапачаткова Яўгенія збірала гісторыі пра тых жанчын, якіх было прасцей знайсці праз сацсеткі. Пасля яна пачала шукаць інфармацыю і пра іншых зняволенных. Дапамагае тут тое, што ёсць доступ не толькі да сацсетак, але часам і да родных, і да сакамерніц.
— Часта бывала, што яны пішуць дзе-небудзь у суполцы ці ў чаце пра каго-небудзь. Гэта, дарэчы, вельмі каштоўная крыніца інфармацыі. У замкнёнай прасторы дакладна відаць, які чалавек перад табой. На жаль, не ўсе родныя ведаюць усё пра сваіх. Напрыклад, пра Алену Таўкачову мне расказвала іншая палітзняволеная. Яна апісвала, колькі Лена рабіла падыходаў, калі пампавала прэс, якую любіць садавіну і што яна заставалася вельмі стыльнай у СІЗА. З гэтага таксама нараджаецца вобраз чалавека, хто перад намі, — дадае Яўгенія.
Якая мэта ў праекта “Палітвязынка”?
— Каб людзі праходзілі не міма. Хочацца, каб іх чапляў партрэт, яны чыталі гісторыю гэтай жанчыны, — тлумачыць Яўгенія. — Хтосьці прасякнецца і напіша ліст камусьці з іх ці проста раскажа пра такога чалавека.Мне, напрыклад, вельмі сорамна, што пра Ларысу Геніюш я даведалася не ў падлеткавым узросце, а нашмат пазней. Цяпер перачытваю яе гісторыі і разумею, якая гэта ачмуральная жанчына.
Хачу паказаць нашых жанчын, даць шанец, каб пра іх нехта даведаўся.
— Мне вельмі не падабаецца наратыў “хадзілі з кветкамі”, — падкрэслівае аўтарка праекта. — Нават калі гэта так, усё роўна быў вялікі крок салідарнасці, смеласці. Усё гэта трэба фіксаваць, каб развіць інстытут нацыянальнай памяці. Хаця б праз сацсеткі.
Яўгенія марыць, каб з гэтый гісторый і партрэтаў пасля атрымалася кніга.
— Можа быць, нехта з нашых жанчын ужо піша кнігу і патрэбныя ілюстрацыі да яе. Тады таксама можна ўзяць нашы партрэты, — падкрэслівае яна. — Вось з дыяспары ў Беластоку ўжо папрасілі гэтыя малюнкі на гадавіну пратэстаў.
Журналістка дадае, што на фоне навін пра вайну ва Украіне тэма беларускіх пратэстаў адыходзіць на задні план:
— Вольга Гарбунова выйшла і расказала, што ім там было вельмі страшна, што пра іх забыліся, што пачалася вайна і іх проста разбамбяць.Таму я ўпэўнена, што трэба працягваць падтрымліваць палітзняволеных.
Чытайце яшчэ:
У Варшаве пакажуць праект журналісткі Яўгеніі Доўгай, прысвечаны пратэсным татуіроўкам беларусаў
Журналістка Ірына Новік: «Апошнім часам узаемадзеянне дзяржавы са СМІ ідзе выключна праз рэакцыю кантралюючых і сілавых структур»
В Беларуси практически убита независимая журналистика. Четверть века назад все было иначе, а штрафы получало даже БТ