У Варшаве пакажуць праект журналісткі Яўгеніі Доўгай, прысвечаны пратэсным татуіроўкам беларусаў
У Цэнтры беларускай салідарнасці ў Варшаве 5 жніўня адкрыецца выстава «Беларусь на целе», прысвечаная татуіроўкам беларусаў, якія ўзніклі пасля падзеяў 2020 года і таго, што пазней адбылося: рэпрэсіі, эміграцыя, вайна ва Украіне.
Аўтарка выставы – беларуская журналістка Яўгенія Доўгая. У 2022 годзе яна пачала збіраць фотаздымкі пратэсных тату беларусаў, а таксама гісторыі, з імі звязаныя, і публікаваць іх на адмысловай старонцы ў Інстаграме.
Фатографка праекту «Беларусь на целе» – Ірына Арахоўская.
Як распавядала Яўгенія ў адным з інтэрв’ю, да ідэі такой калекцыі яе падштурхнулі дзве падзеі: спачатку ўласнае затрыманне, падчас якога сілавікі фатаграфавалі тату журналісткі, а потым навіна пра абвінавачванне Паўла Белавуса ў пікетаванні татуіроўкай, на якой быў бчб-сцяжок і імя сына актывіста.
Ад пачатку 2022 года Яўгенія сабрала больш за сто гісторыяў.
У 2020 годзе папулярнымі сюжэтамі для татуіровак сталі сімвалы Беларусі – бел-чырвона-белы сцяг, Пагоня, арнамент, буслы, жэсты і словы пратэстаў беларускай рэвалюцыі – «Жыве Беларусь», кулак, знак перамогі, сэрца, пазней – партрэты палітвязняў, нумар «народнага» артыкулу КаАП 23.34.
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне сёлета 24 лютага беларусы пачалі рабіць тату на антываенную тэматыку.
Выстава пройдзе ў межах Дзён беларускай культуры. Час адкрыцця – 5 жніўня а 18:00. Адрас – Oleandrów 6/2, Варшава. Уваход бясплатны.
Чытайце яшчэ:
«Назваў напад СССР на Польшчу 17 верасня 1939 года савецкай агрэсіяй»: у чым абвінавачваюць Анджэя Пачобута
Журналістка Ірына Новік: «Апошнім часам узаемадзеянне дзяржавы са СМІ ідзе выключна праз рэакцыю кантралюючых і сілавых структур»
Журналистка Татьяна Коровенкова: «В будущем финансирование СМИ может быть в виде государственных грантов»