Культура ў эміграцыі: ці захавала яна беларускія карані і ці можна за кошт гэтага жыць?
Гродзенскі акцёр і рэжысёр Васіль Калач, які пасле падзей 2020 года быў вымушаны перабрацца ў Беласток, распавёў «Радыё Рацыя» пра тое, як ладзіць тэатр у эміграцыі і развіваць за межамі краіны нацыянальную культуру.
— Паразмаўляем пра беларускую культуру ў эміграцыі, у вашым выпадку ў вымушанай.
– Я спадзяюся, мы абыдзем дэталі, але агулам так, большасць культуры ў эміграцыі яна вымушаная. Гэта не толькі чыннік апошніх гадоў, гэта напэўна чыннік усіх хваляў эміграцыі ўсіх часоў. Культура звычайна базуецца на той глебе, на якой яна ўзрасла. Калі яна выходзіць за межы, у нармальных умовах, за межы той краіны, дзе яна ўзрасла, яна выходзіць не як эмігранцкая, яна выходзіць, як сусветная культура.
Мы зараз маем беларускую культуру ў эміграцыі.
У прынцыпе большасць усіх замежных падзей за ўсе часы існавання Беларусі, як палітычнай нацыі, — гэта вымушаная эміграцыя. Культура ўцякала спачатку ад рэпрэсій царызму, потым ад рэпрэсій савецкіх, ну і зараз усе мы ведаем нашую сітуацыю.
— Наколькі гэта культура з беларускімі каранямі, як яна ўліваецца ў іншую прастору?
— Я б насамрэч не падзяляў карані і ўплывы. Культура — гэта такая істота, якая імкнецца да пашырэння аўдыторыі. Калі культура засяроджана толькі на адной мэтавай групе, то яна ўваходзіць у маргінэс і перастае быць цікавай нават той самай мэтавай групе.
Я б сказаў так, што нават у эміграцыі, нават пры выхадзе на нейкія сусветныя пляцоўкі, як прыклад беларускага незалежнага тэатру Халезіна, яны ўсё роўна застаюцца беларускімі, гэта бачна ў яго пастаноўках.
Я бяру Халезіна, як найбольш вядомага прадстаўніка беларускай культуры ў свеце, які выйшаў па-за межы нейкай дзяржавы. То-бок ён працуе на Еўропу, ён працуе на ўвесь сусвет. Але карані застаюцца беларускімі і гэта бачна ў выбары тэматыкі, гэта бачна ў ва ўсіх яго інтэрв’ю, ва пазіцыянаванні тэатру і гэта цалкам нармальна.
Мы прытрымліваемся прыкладна такой самай стратэгіі. Гэта нармальна таму, што любы тэатр, любая культура базуецца на жыццёвым досведзе, які мы маем. Яго мы атрымлівалі ў Беларусі, у асяроддзі менавіта ўсяго беларускага. Нават калі вельмі захочам, мы не вытравім гэта з сябе. Мы не будзем гэта рабіць, бо беларускасць нам падабаецца.
— Распавядзіце пра ваш фрык-тэатр ExTempore. Гэта малады тэатр?
— Не зусім малады тэатр. Гэта малады тэатр менавіта тут, але гэта тэатр, які амаль цалкам быў эвакуяваны. Амаль цалкам, я гучна сказаў, хутчэй быў часткова эвакуяваны менавіта тымі, хто задаваў яму канкрэтныя жыццёвыя рухі, наратывы, сэнсы, асноўныя стваральнікі тэатральнай прадукцыі.
У Беларусі мы існавалі, я не буду называць сам тэатр, як ён называўся ў Беларусі, бо гэта можа быць трохі небяспечна для тых, хто ўсё ж такі яшчэ застаўся. Але мы існавалі амаль 10 год. Пры тым, што фактычна мы былі ў падполлі. У падполлі спачатку ідэалагічным, потым у фактычным падполлі, тут усё зразумела. Але досвед менавіта тэатральны і менавіта ў накірунку фрык-тэатру даволі багаты.
Цалкам паслухаць гутарку можна тут.
Чытайце яшчэ:
«Гэта вайна камунікацый». Міжнародная федэрацыя журналістаў заклікала пазбягаць фэйкаў пры асвятленні вайны
Мажэйка: «Вельмі сімвалічна, што аналітыкаў прызнаюць тэрарыстамі. Але экспертная супольнасць працягвае працу»
Пасля пераходу «Прэсбола» у рукі АБФФ супрацоўнікі скардзяцца, што не атрымліваюць заробак