• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Кіраўніцтва БАЖ падвяло вынікі года: моцны адукацыйны кірунак, лідарская праграма, дабрачыннасць і іншае

    Кіраўніцтва ГА “БАЖ” падвяло вынікі года. Забягаючы наперад адзначым, што рэгіянальныя структуры арганізацыі найбольш актыўныя ды заангажаваныя ў дзейнасць БАЖ.

    — Цяпер у Беларускай асацыяцыі журналістаў 18 рэгіянальных філій і суполак, з іх 4 маюць афіцыйны статус і 14 з’яўляюцца суполкамі сябраў БАЖ па месцы жыхарства. У 2017 годзе ў філіях і суполках было праведзена больш за 30 сходаў. Я адмыслова пазначаю гэту лічбу, бо раней філіі збіраліся фактычна раз на год, абмяркоўвалі бягучыя справы і падводзілі вынікі дзейнасці. Цяпер на пачатку года ў структурах арганізацыі адбываецца планаванне, а цягам года гэтыя задумы рэалізоўваюцца і затым падводзяцца вынікі. Планаванне і размеркаванне абавязкаў унутры філій, на мой погляд, станоўча ўплывае на сістэмнасць працы нашых структур,  — распавяла намеснік старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Аліна Суравец.

    — Пералічу найбольш цікавыя мерапрыемствы, якія праводзіліся рэгіянальнымі філіямі БАЖ у 2017 годзе, — гаворыць намесніца старшыні арганізацыі Аліна Суравец. — Найперш, гэта міжрэгіянальныя сустрэчы ў Глыбокім, Гродне, Лунінцы, Маладзечне і Баранавічах, на якія запрашалі прадстаўнікоў філій. Падчас гэтых сустрэч праводзіліся розныя імпрэзы: пачынаючы ад супольных трэнінгаў, майстар-класаў да абмеркавання балючых журналісцкіх тэм і і выпрацоўкі агульных рэкамендацый для журналістаў, якія працуюць у рэгіянальных СМІ.

    Маладзечанская філія сёлета выступіла арганізатарам нашага традыцыйнага спартова-культурніцкага фэсту “БАЖынкі”. Дапамагалі журналістам з Маладзечна ўдзельнікі лідарскага курсу, які сабраў актывістаў з філіяў і суполак БАЖ з усёй краіны. Лідары размеркавалі частку абавязкаў па падрыхтоўцы фэста і гэта дазволіла зладзіць мерапрыемства не вымагаючы шмат часу і вялікіх высілкаў ад адной асобы.

    Цягам года ў рэгіёнах адбылося больш за дзясятак трэнінгаў і семінараў на розныя тэмы: па відэа і фота, па супрацьстаянні псіхалагічнаму выгаранню, па кантактах з чыноўнікамі і структурамі ўлады, па сацыяльным рэпартажы і г. д.

    Таксама ў рэгіёнах было праведзена сем майстар-класаў: з Анджэем Пачобутам, Анатолем Гуляевым, Паўлюком Быкоўскім, Алегам Агеевым, Марынай Загорскай, Аляксандрам Коктышам, Аляксандрам Зянковым.

    Ладзіліся літаратурныя конкурсы, прэс-клубы і круглыя сталы, святочныя імпрэзы. Напрыклад, у Віцебску адбыўся прэс-клуб з ліквідатарамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Ліквідатары настолькі ўразілі журналістаў, што ўзнікла ідэя зняць фільм пра іх. Быў падрыхтаваны сцэнар і распачатыя здымкі. Да справы далучылася амаль уся філія. Праца над фільмам падыходзіць да завяршэння і ініцыятары плануюць прэзентацыі.

    Падчас выніковай Рады 2017 года. Выступае Аліна Суравец

    Сябры БАЖ з рэгіёнаў сёлета садзілі дрэвы, прыбіралі паркі, дапамагалі дзецям-інвалідам і састарэлым, наведвалі прытулкі для жывёлаў. Усе гэтыя мерапрыемствы ладзіліся па ініцыятыве філіяў і суполак у межах «Эстафеты добрых спраў».

    Ідэю эстафеты прапанаваў Ілля Дзянісаў з Браслава, удзельнік лідарскага курсу. А падхапілі амаль усе рэгіянальныя філіі і суполкі БАЖ. На рахунку «Эстафеты» каля 30 добрых спраў. І ёсць жаданне працягваць гэтыя справы ў 2018 годзе.

    Ілля Дзянісаў

    Рэгіянальныя акцыі салідарнасці з пацярпелымі журналістамі праходзілі ў Гомелі і Віцебску, Глыбокім і Магілёве, тых гарадах, дзе найбольш часта здараюцца парушэнні правоў журналістаў.

    Добрай арганізацыйнай падтрымкай для філіяў стаў лідарскі курс, які ладзіць БАЖ супольна з Міжнароднай федэрацыяй журналістаў. Напрыканцы мінулага года філіям было прапанавана вызначыць па 1–2 актывістаў, для ўдзелу ў лідарскім курсе. Большасць філіяў адгукнулася на прапанову, у выніку склалася група з 16 рэгіянальных актывістаў, якія мелі жаданне набыць грамадскія кампетэнцыі і актыўна працаваць на ўмацаванне патэнцыялу філіі і арганізацыі ў цэлым.

    У рамках лідарскага курсу актывісты не толькі набывалі веды, але і мелі магчымасць распрацаваць і рэалізаваць асабістыя міні-праекты. Праца над імі распачалася яшчэ на пачатку года падчас сесіі, якая была прысвечана праектнай дзейнасці і планаванню розных мерапрыемстваў. Дзякуючы лідарскаму курсу атрымалі жыццё такія ініцыятывы, як Hrod­na­me­di­a­room (Вольга Корсун), бардаўскі фэст у Браславе (Ілля Дзянісаў), дэбаты ў Магілёве (Алесь Буракоў), Нефармальныя сустрэчы журналістаў (Антон Сурапін) ў Баранавічах і Гродна, прэс-тур Baj­Jam ў Лунінцы (Алена Насковіч), прэс-туры Гомельскай філіі ў Чарнобыльскую зону і “Юраўскі карагод”, вандроўка на радзіму Святланы Алексіевіч і г. д.

    Працу філіяў у 2017 годзе рэгіянальныя сябры БАЖ ацанілі станоўча. Па выніках сходаў ужо ідзе апрацоўка новых прапаноў, якія будуць пакладзеныя ў аснову плана працы філіяў і суполак у 2018 годзе.

    У 2017 годзе БАЖ зладзіў разам з Бізнес-школай  ІПМ курс па медыяменеджменту. З набраных 23 удзельнікаў (з 84 заявак), да абароны  праектаў дайшлі толькі 16 удзельнікаў. Адпаведную колькасць прэзентацый прагледзіла журы, сябрамі якога сталі прадстаўнікі бізнесу, выкладчыкі школы, прадстаўнікі медыяў і БАЖ. Асабістыя меркаванні сябры журы агучылі ў дзень прэзентацыі праектаў. А па выніках курсу самыя перспектыўныя праекты атрымаюць суправаджэнне ад бізнес-кансультантаў і іншую падтрымку.

    Удзельнікі адукацыйнай праграмы па медыйным бізнэсе

    У лютым бягучага года БАЖ завяршыў адукацыю для маладых журналістаў у першай Школе журналістыкі і восенню распачаў другую Школу журналістыкі. Была прапанавана асабістая падача заявак (усяго 86) ад жадаючых набыць асноўныя веды па журналістыцы ад практыкуючых журналістаў. Для Школы былі загаддзя падрыхтаваны дзевяць трэнераў, якія і дапамагаюць навучэнцам зрабіць 10 крокаў да якаснай журналістыкі. Адабраная трэнерамі Школы група з 16 удзельнікаў наведвае трэнінгі кожныя 2 тыдні. Завяршыцца другая Школа журналістыкі ў сакавіку 2018 года.

    Супраца са шведскім медыяінстытутам па канвергенцыі СМІ таксама дае вынікі. Рэдактары выданняў атрымалі ад экспертаў добры імпульс да зменаў у рэдакцыях, на пераход ад прынта да вэба, таксама атрымалі персанальныя кансультацыі па манетызацыі сайтаў, абмяркоўвалі працу з кадрамі. У праграме ўдзельнічаюць 8 рэдакцый. Навучанне і рэдактараў, і сістэмных адміністратараў, і адказных за кантэнт будзе прадоўжана ў наступным годзе.

    Амаль год БАЖ ладзіў для сваіх сяброў курс па медыяцыі. Група з 18 журналістаў, рэдактараў, супрацоўнікаў рэдакцый навучалася вядзенню перамоваў і ўменню вырашаць канфлікты.

    Падчас заняткаў Летняй школы медыяцыі

    Медыятары, юрысты, псіхолагі дзяліліся ведамі і практыкамі ў вырашэнні праблем, якія ўзнікаюць у калектывах і паміж асобамі, дапамагалі разабрацца ў прыродзе канфліктаў і знаходзіць шляхі іх вырашэння. У чэрвені мы арганізавалі летнюю Школу медыяцыі, праз якую прайшло больш за 35 удзельнікаў. У навучэнцаў курсу па медыяцыі была магчымасць папрактыкавацца вядзенню складаных перамоваў, пошуку механізмаў уздзеяння на канфліктную сітуацыю. Вынікам праграмы можна лічыць падрыхтоўку больш 10 сяброў арганізацыі, якія змогуць праводзіць у сваіх філіях і рэдакцыях міні-трэнінгі па медыяцыі і дапамагаць журналістам, якія трапляюць у канфліктныя сітуацыі. На наступны год запланавана 4 такія трэнінгі.

    Таксама ў гэтым годзе БАЖ арганізаваў і правёў дзве вялікія канферэнцыі: у лютым — пра выклікі беларускаму медыясектару і шансы выправіць сітуацыю; а  ў лістападзе — на тэму фрыланс-журналістыкі. Дзве канферэнцыі мелі вялікі розгалас і сталі пляцоўкай для публічнага абмеркавання медыйных пытанняў. У канферэнцыях прынялі актыўны удзел АБСЕ, МФЖ, ЕФЖ, медыяэксперты з некаторых краін СНГ і Еўропы.  

    Канферэнцыя БАЖ — МФЖ “Перспектывы і выклікі фрыланс-журналістыцы ў Еўропе. Адмысловы фокус на Беларусі”

    У 2017 годзе БАЖ выступіў арганізатарам працэсу напісання Стратэгіі незалежнага медыясектара Беларусі. Было праведзена 4 сесіі, на якія запрашаліся прадстаўнікі медыясектара Беларусі, медыяэксперты, прадстаўнікі  НДА і іншыя. У працы над Стратэгіяй прынялі ўдзел больш за 80 асобаў. У студзені дакумент будзе прадстаўлены супольнасці ў адкрытым доступе для абмеркавання і ўнясення прапаноў. Стратэгія незалежнага медыясектара Беларусі не з’яўляецца стратэгіяй БАЖ.  Арганізацыя адказна арганізоўвала працэс стварэння гэтага дакумента. Усе астатнія дзеянні па падпісанні і рэалізацыі Стратэгіі будзе выконваць орган, які будзе створаны з падпісантаў дакумента.

    Алег Агееў выступае перад Радаю ГА "БАЖ"

    — Праваабарончы накірунак — адзін з асноўных накірункаў, замацаваны ў стратэгіі БАЖ. На сёння гэты накірунак рэалізоўваюць 13 чалавек — гэта юрысты ў Мінску і рэгіёнах. Напрыканцы мінулага года БАЖаўскія праваабаронцы выпрацавалі стратэгію, якая складаецца з чатырох пунктаў і цалкам адпавядае агульнай стратэгіі арганізацыі, — падводзіць вынікі працы юрыст ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”  Алег Агееў.

    — Найбольш важны накірунак — гэта абарона правоў журналістаў, якія трапілі пад пераслед уладаў. Сітуацыя з пераследам журналістаў па артыкуле 22.9 КаАП. Абсалютна ўсе журналісты, якія звярталіся ў БАЖ за прававой дапамогай, яе атрымалі.

    Другі накірунак — прадстаўленне інтарэсаў журналістаў у судах па справах аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. На дадзены момант мы не маем пакуль колькасных паказчыкаў за лістапад і снежань. Такую інфармацыю напачатку года мы маем намер размясціць на сайце БАЖ.

    Трэці накірунак — праца БАЖаўскіх праваабаронцаў па прасоўванні інтарэсаў свабоды слова ў заканадаўстве. У гэтай галіне нам сёлета пахваліцца няма чым, бо гэты накірунак быў распрацаваны напрыканцы мінулага года, калі яшчэ не было вясновых падзей. Таму асноўныя сілы працы юрыстаў былі скіраваныя на першыя накірункі. Па дадзеным накірунку асноўную працу мы перанясем на наступны год.

    Таксама важныя накірункі працы ў гэтым годзе — гэта прававая адукацыя журналістаў, прававая экспертыза журналісцкіх матэрыялаў перад публікацыяй, а таксама замацаванне патэнцыялу юрыстаў БАЖ — адукацыйныя мерапрыемствы для юрыстаў, якія дапамагаюць журналістам.

    Агулам сітуацыя жудасная, канешне. Але была невялікая колькасць спраў, дзе юрыстам БАЖ удалося дабіцца, каб журналіста не прыцягнулі да адказнасці. Гэтыя кейсы былі звязаныя з памылкамі міліцыянтаў, якія складалі пратаколы. І тут важна, што нашы юрысты такія памылкі знаходзілі, таму каля пяці спраў скончыліся тым, што журналісты не былі пакараныя, — дадае Алег Агееў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці