• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Канферэнцыя БАЖ — МФЖ: Беларусь – адна з найбольш варожых да журналістаў краіна

    У Мінску праходзіць канферэнцыя “Перспектывы і выклікі фрыланс-журналістыцы ў Еўропе. Адмысловы фокус на Беларусі”. Падчас канферэнцыі, якую арганізавалі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” (БАЖ) і Міжнародная федэрацыя журналістаў (IFJ), абмяркоўваюцца выклікі, якія стаяць перад прафесійнай супольнасцю. Найперш размова ідзе пра Беларусь, бо тут надзвычай кепскія ўмовы для працы журналістаў, а фрылансеры-журналісты ўвогуле знаходзяцца па-за прававым полем.

    Ва ўступным слове старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец адзначыў прадстаўнічасць канферэнцыі: гэта — сябры журналісцкіх саюзаў Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Францыі, Нарвегіі, Іспаніі, Італіі, Швецыі, Эстоніі, Украіны, прадстаўнікі Міжнароднай федэрацыі журналістаў (IFJ) і Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (EFJ). Таксама на форуме прысутнічаюць прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, журналісты-фрылансеры, якія “працуюць у полі”, юрысты.

    “Колькасць журналістаў-фрылансераў няўмольна расце. І ў некаторых краінах іх ужо нават больш, чым журналістаў, якія працуюць у штаце. Разам з тым павялічваецца колькасць выклікаў, якія паўстаюць перад фрылансерамі. Найперш гэта  — недастаковая сацыяльная абароненасць, больш нізкі ўзровень заробкаў, адсутнасць гарантыяў. Але гэтая праца мае не толькі выклікі, але шанцы”, — сказаў Бастунец.

    Кіраўнік БАЖ таксама нагадаў, што найбольш балючай кропкай цяпер ёсць пераслед фрылансераў. З пачатку года ў Беларусі журналістам за супрацоўніцтва з замежнымі медыямі без акрэдытацыі ўжо вынесена больш за 55 штрафаў.  

    Прадстаўнік Міжнароднай федэрацыі журналістаў Эдрыян Колін падкрэсліў, што МФЖ заўсёды выказвае падтрымку і салідарнасць з Беларускай асацыяцый журналістаў.

    “БАЖ за многія гады паказаў неверагодную адвагу ў намерах стаяць за свабоду слова. Сябры гэтай арганізацыі зведалі пагрозы, але ніколі не адмаўляліся ад сваіх прынцыпаў, ад журналістыкі, якая служыць грамадскаму інтарэсу.

    Беларусь — адна з найбольш варожых да журналістаў краіна, запалохванне і пераслед сталі нормай у Беларусі.

    Улады дзяржавы юрыдычна пераследуюць журналістаў. У 2016 годзе быў пэўны прагрэс, колькасць штрафаў зменшылася, але сёлета сітуацыя зноў пагоршылася пасля таго, як прайшлі пратэсты супраць “дэкрэта аб дармаедах”, — падкрэсліў Эдрыян Колін.

    Таксама тэмай абмеркаванняў будзе той факт, што фрылансеры не могуць нармальна працаваць у краіне, бо дзяржава адмаўляе ў акрэдытацыі. МФЖ заклікае ўрад зняць усе перашкоды для СМІ.

    У прыярытэце крокаў, якія мусяць зрабіць улады, — свабодная рэгістрацыя грамадска-палітычных выданняў і адмена артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, паводле якога цяпер і караюць журналістаў.

    «Мы будзем абмяркоўваць спосабы, як можна дапамагчы калегам з БАЖу, якія бароняць журналістаў. Як мы можам паставіць тэму фрылансераў на парадак дня ўладаў і еўрапейскіх інстытуцый, якія кампаніі можна ладзіць, каб абараніць правы журналістаў.
    Па ўсім свеце МФЖ працуе з тым, каб бараніць журналістыку. І мы выкарыстоўваем БАЖ як мадэль таго, як можна стаяць за журналістыку. Але і БАЖу патрэбная наша салідарнасць, каб пераламіць сітуацыю. Спадзяюся, мы зможам знайсці для гэтага інструменты», — сказаў у сваім выступе Эдрыян Колін.

    Дырэктарка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Рэната Шродэр адзначыла, што зноў распачаўся палітычны дыялог паміж Беларуссю і ЕС, і хаця ён цяжкі, але вельмі патрэбны. Еўрапейская федэрацыя журналістаў рэгулярна акцэнтуе ўвагу палітыкаў Еўрасаюза на праблемах са свабодай слова, якія ёсць у Беларусі.

    «Сёлета Еўрапейскім парламентам была прынятая рэзалюцыя наконт пераследу больш за 120 журналістаў. І гэта таксама вынік супрацоўніцтва EFJ і БАЖ. Мы будзем пісаць справаздачу для еўрапарламента і ў тым ліку распавядаць пра гэтую сустрэчу. Я спадзяюся на некаторы прагрэс. Распачаўся дыялог аб правах чалавека паміж Беларуссю і ЕС. І ёсць некаторы аптымізм. Мы таксама супрацоўнічаем з АБСЕ наконт стану медыя. Дуня Міятавіч пісала ліст у МЗС Беларусі наконт пераследу журналістаў, і МЗС адказаў, што журналісты не маюць права працаваць без акрэдытацыі. І кропка. Ніякага апраўдання сітуацыі», — распавяла Рэната Шродэр.

    Пра рэаліі працы журналіста-фрылансера ў Беларусі распавяла журналістка з Гомеля Ларыса Шчыракова.

    «Найбольшы пераслед у тым, што “жыць не даюць”, — распачала свой выступ Ларыса. Далей яна згадала пра шматлікія выпадкі судовага, міліцэйскага пераследу, псіхалагічны ціск: «Часам дайсці да месца правядзення акцыі пратэсту, каб працаваць там, — сапраўдны квест. Напрыклад, аднойчы я проста мусіла не начаваць дома, бо мяне яшчэ вечарам каля майго дома і дома бацькоў пільнавала міліцыя. І калі назаўтра мяне затрымалі, то першае пытанне ад начальніка міліцыі было такое: «Дзе вы сёння начавалі?”. Але для мяне важна быць там, асвятляць падзеі. Я люблю гэтую працу, люблю асвятляць грамадскую актыўнасць: беларусы столькі былі ў “летаргічным сне” і вось яны выйшлі, нешта кажуць. Было вялікае задавальненне працаваць на гэтых вулічных акцыях».

    У 2015 – 2017 годзе ў Шчыраковай было 18 судоў за працу журналістам.

    «Гэта не надта характэрна для беларусаў, але я адчувала вялікую хвалю салідарнасці. Аднойчы пасля суда да мяне падыйшла жанчына і дала мне грошы, каб падтрымаць. На суды прыходзілі людзі. Некалькі чалавек атрымалі «суткі» за падтрымку. Але людзі стамляюцца хадзіць увесь час на судовыя працэсы. Сёлета 13 красавіка мяне судзілі ў Рэчыцы, гэта мой Дзень народзінаў. Думаю, гэта было зроблена наўмысна.

    Таксама міліцыянты пагражалі мне забраць сына. Калі пра гэта стала вядома СМІ, то грамадская рэакцыя была абуральнай. Я раней недаацэньвала тое, як медыя ўплываюць на грамадскую думку. Думаю, яны не пайшлі далей і таму, што ўзнялася вялікая хваля салідарнасці», — расказала журналістка.

    Таксама Ларыса распавяла пра распаўсюд паклёпніцкай інфармацыі ў інтэрнэце, публікацыю матэрыялаў з судовага працэса, калі яна разводзілася з мужам. 

    Выступ Ларысы Шчыраковай быў вельмі эмацыйны. Напрыканцы прамовы яна сказала, што пасля гэтай хвалі пераследу вырашыла сысці з працы, «бо здароўе даражэй».

    «І калі Бог зачыняе адны дзверы, ён адчыняе іншыя. І ўсё будзе добра», — скончыла сваю прамову журналістка.

    У Ларысы Шчыраковай у 2017 годзе было 8 адміністрацыйных спраў, 11 пратаколаў, звыш 20 абразлівых матэрыялаў у інтэрнэце, два затрыманні, адно пракурорскае папярэджанне.

    Журналіст з Магілёва Аляксандр Буракоў падкрэсліў, што пераследуюць толькі фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з недзяржаўнымі медыя.

    Ён таксама згадаў пра чарговы дылог уладаў з ЕС і нявызначаную будучыню.

    «Ёсць хісткі момант цяпер, бо мы не ведаем, ці сапраўды правільны выбар мы зрабілі шмат год таму», — заўважыў Аляксандр.

    У падтрымку слоў Шчыраковай выступіла і журналістка-фрылансер Вольга Чайчыц.

    «Мне пакуль невядомыя выпадкі, каб у журналістаў забіралі дзяцей. Але ведаю, што забіралі ў грамадскіх актывістаў.  І для гэтага не трэба пастанова суда, а дастаткова толькі рашэння адмысловай камісіі. …Журналіста могуць судзіць за  ўдзел у акцыі, і немагчыма даказаць, што ты там працаваў у якасці журналіста. А калі мы едзем здымаць у нейкі горад, то прыкладна за суткі ніяк і нідзе не абазначаем, куды мы паедзем працаваць, таксама не можам ночыць у гатэлях, бо там фіксуецца імя, — сказала Вольга. — Часам у судзе міліцыянты-сведкі гавораць: «Асабіста з ёй не знаёмы, але ўжо год за ёй назіраю».

    Толькі сёлета журналісты-фрылансеры ў Беларусі цярпелі перашкоды з боку ўладаў больш за 180 разоў. Больш 50 выпадкаў скончыліся для журналістаў вялікімі штрафамі, а для некаторых — і арыштамі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці