• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Істэрыку і мову варожасці прапагандыстаў кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі называе “аўтарскай журналістыкай”

    “У інфармацыйнай вайне, развязанай супраць Беларусі, апаненты выкарыстоўваюць брудныя метады, а наша зброя — праўда”, — чарговым разам падзяліў журналістаў на “чэсных” і “нячэсных” кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант.

    У эфіры ток-шоў «Будні» на «Альфа Радыё» (уваходзіць у холдынг выдавецтва прэзідэнцкай адміністрацыі “СБ. Беларусь сегодня”) чыноўнік безапеляцыйна заявіў: у той час як апаненты дзяржавы актыўна распаўсюджваюць фэйкі, журналісты дзяржаўных СМІ “скурпулёзна правяраюць інфармацыю”.

    “Каб не схапіць фэйк і не выдаць яго ў эфір, неабходна старанна правяраць інфармацыю. Бо ніхто нічога не цураецца. Калі ўзяць “спецыяльную ваенную аперацыю” (маштабнае ўварванне Расіі ва Украіну – БАЖ), то трэба пяцьсот разоў усё пераправерыць. Часта аказваецца, што ўсё дакладна наадварот.

    І мы ўвесь час супрацоўнікаў нацэльваем на тое, каб яны ўважліва ўсё правяралі, няхай і ва ўрон аператыўнасці. Нічога страшнага, калі прайграем па часе. Горш, калі вам падсунулі “вірус”, а вы яго выдалі ў эфір. А ў нашых апанентаў гэта мэтанакіраваная праца. Цэлыя інстытуты, інтэрнэт-парталы, Telegram-каналы працуюць на выдумлянне гісторый. У 2020 годзе яны цэлыя лонгрыды распаўсюджвалі, сотні тысяч людзей гэта ўсё чыталі”.

    Паводле Івана Эйсманта, недзяржаўныя СМІ “аб’явілі нам (мабыць, гаворка пра цяперашнюю ўладу – БАЖ) сапраўдную вайну”. Ён паўтарыўся, што дэзінфармацыя ў апанентаў рэжыму ёсць “адным з такіх метадаў вядзення барацьбы”. Наўмысна ці выпадкова цытуючы Аляксандра Лукашэнку, старшыня Белтэлерадыёкампаніі перакананы, што “беларусаў спрабуюць увесці ў зман, каб іх потым разгойдаць”. І з гэтым трэба змагацца, робіць ён выснову.

    Адметна, што шматлікія прапагандысцкія перадачы на падначаленых тэлеканалах Іван Эйсмант без залішняй сціпласці называе “аўтарскай журналістыкай”. Іншымі словамі, праклёны на мяжы фолу на адрас ідэйных апанентаў, брудныя знявагі, недазвольныя абразы, аказваецца, заслугоўваюць найвышэйшай адзнакі за “аналітычны падыход”. Бо, як удакладніў ён, вядзецца інфармацыйная вайна, а ў такіх варунках дазволеныя ўсе сродкі. 

    “Мы рэагуем на ўсе трэнды, якія бачым у цяперашні час, але не цураемся таго, каб звярнуцца да мінулага. У прыватнасці, гэтаму часта прысвячаюцца выпускі праграмы «Понятная политика». Гэта адзін з самых рэйтынгавых грамадска-палітычных праектаў нашай кампаніі разам з «Главным эфиром», «Панорамой», часам недзе побач з імі «Клуб редакторов».

    Вельмі добра ідуць прааграмы, якія робяць Ксенія Лебедзева, Марыя Петрашка. Дзякуючы аўтарскай журналістыцы ўдаецца вельмі хутка рэагаваць на тое, што адбываецца ў свеце. У нас каля дзесяці моцных аўтараў, сярод якіх у тым ліку супрацоўнікі газеты «СБ. Беларусь сегодня». Уздымаюцца такія праблемы, да якіх у навіннікаў, напэўна, рукі не дайшлі б”.

    Менавіта ад “аўтарскай журналістыкі” так “каражыць” апанентаў, падсумаваў Іван Эйсмант. І патлумачыў, чаму так адбываецца: бо гэта заўсёды “хвастка, аргументавана, з доказамі”.

    Фактычна медыйны функцыянер ухваліў агрэсіўны стыль падачы інфармацыі, у якой на самой справе няма іншага меркавання, акрамя праўладнага. Нездарма глабальныя інтэрнэт-пляцоўкі блакуюць доступ да кантэнту адыёзных прапагандыстаў, якія наўмысна тыражуюць варожасць і нянавісць да любых праяваў іншадумства.   

    Натуральна, не згадаў ён і пра тое, што любая праява альтэрнатыўнага меркавання пагражае “татальнай ліквідацыяй” – ад змяшчэння незалежных журналістаў за краты да абвяшчэння СМІ “экстрэмісцкімі фармаваннямі”. Выглядае, што ў сучаснай Беларусі “аўтарская журналістыка” мае толькі адну форму сацыяльнай замовы – дзяржаўную.

    Чытайце яшчэ:

    Экажурналіст Аляксей Аўчыннікаў: «З’ехаў, каб мець магчымасць гаварыць пра праблемы, не хаваючы свой твар за ананімнымі імёнамі»

    У Беларусі заблакаваны сайт Праваабарончай ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць»

    У Мінску развіталіся з былым галоўным рэдактарам часопісаў «Нёман» і «Беларусь», празаікам Алесем Жуком

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці