• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Экажурналіст Аляксей Аўчыннікаў: «З’ехаў, каб мець магчымасць гаварыць пра праблемы, не хаваючы свой твар за ананімнымі імёнамі»

    Аляксей Аўчыннікаў працуе журналістам у «Зялёным партале», які расказвае пра штодзённыя экалагічныя праблемы ў Беларусі, актыўна супрацоўнічаў з беларускімі прыродаахоўнымі арганізацыямі. Летам 2021 года была ліквідавана большасць недзяржаўных экалагічных арганізацый, супраць экаактывістаў пачаліся палітычныя рэпрэсіі. Тэм з прыродаахоўнай тэматыкі, на якія, застаючыся ў краіне, можна б  было пісаць ад свайго імя і без ціску рэпрэсій, амаль не засталося. Выхадам для Аляксея стаў ад’езд з Беларусі.

    «Незалежная экалагічная журналістыка заўсёды была не ў фаворы ўладаў Беларусі»

     Аляксей, за якія экалагічныя тэмы праследавалі ў Беларусі?

    Незалежная экалагічная журналістыка заўсёды была не ў фаворы ўладаў Беларусі. Разам з экалагічнымі недзяржаўнымі арганізацыямі  журналісты ўздымалі няёмкія для чыноўнікаў тэмы, даносілі іх да шырокай грамадскасці. Напрыклад, пра будаўніцтва нейкіх прадпрыемстваў без належнага абмеркавання з грамадскасцю: узгадайце, якім галаўным болем для улад стала будаўніцтва Брэсцкага акумулятарнага завода, будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы…

    Ладзіліся экалагічныя кампаніі па захаванні прыродаахоўных тэрыторый, на якія нярэдка рабілі замах разнастайныя гаспадарчыя структуры. Праз экалагічныя тэмы журналісты крытыкавалі чыноўнікаў, што, безумоўна, ім не падабалася.

    Але пасля падзей 2020 года паступова стала не магчымым бяспечна расказваць пра любую прыродаахоўную дзейнасць, якую рабілі экалагічныя НДА, бо іх, як і ўвогуле ўсю грамадзянскую суполку, абазначылі як ворага.

    Далей пачалася ліквідацыя гэтых арганізацый, і нават рэпрэсіі супраць асобных прыродаахоўнікаў і актывістаў.

    — А калі стала дакладна зразумела, што далей працаваць у краіне небяспечна?

    — У верасні 2021-га галоўную рэдактарку «Зялёнага партала» арыштавалі. І паўстаў выбар: застацца ў краіне і не мець магчымасці выказваць сваю пазіцыю альбо пакінуць яе, каб працягваць людзям расказваць аб экалагічных і прыродаахоўных праблемах, што ёсць у Беларусі.

    Пасля закрыцця ўсіх экалагічных НДА я вырашыў з’ехаць ва Украіну, каб мець магчымасць без боязі за сябе і сваіх блізкіх гаварыць аб праблемах, што існуюць у Беларусі, не хаваючы свой твар за ананімнымі імёнамі.

    Лёс склаўся так, што ў студзені 2022 года на пэўны час мне давялося перабрацца ў Грузію. Але пачалася вайна і пакуль я застаюся ў гэтай краіне.

    «Уплыў ваенных дзеянняў на стан навакольнага асяроддзя стаў для мяне адной з асноўных тэм»

    Пасля пераезду ты застаўся ш прафесіі.

     Так. Я працягнуў працаваць з «Зялёным парталам». Пакуль быў ва Украіне, пачаў працаваць ва ўкраінскім медыя і працягваю аддалена працаваць зараз. Асобна з калегамі з UWEC Work Group пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны распачалі ўкраінска- і англамоўны праект па экалагічных наступствах вайны.

    Такім чынам, мая дзейнасць не толькі працягнулася, але і пашырылася.

    — А ці з’явіліся новыя тэмы за межамі Беларусі?

    Я як і раней стараюся, канечне, не забывацца і на тэмы захавання біяразнастайнасці, экапрактык, якія дапамагаюць планеце, папулярызаваць лад жыцця, прыязны прыродзе, каб экалагічная тэма перамясцілася з перыферыі інтарэсаў грамадства, стала масавай і чытэльнай. Але менавіта ўплыў ваенных дзеянняў на стан навакольнага асяроддзя для мяне стаў новай, але адной з асноўных тэм зараз.

    Пра яе неабходна гаварыць, бо тут пагроза не толькі рэгіянальным экалагічнай бяспецы, але на мой погляд, сусветнай. І не толькі, калі мы гаворым пра бяспеку АЭС.

    Вайна ўплывае на кліматычную палітыку, многія міжнародныя дагаворы разбураюцца.

    Напрыклад, Расія заяўляла аб магчымасці выходзіць з Парыжскіх пагадненняў па клімаце, якое тычыцца скарачэння выкідаў парніковых газаў. У выніку сусветная кліматычная палітыка можа перастаць існаваць, што паставіць пад сумненне магчымасць адаптацыі сусветнага грамадства да змены клімату і прадухілення наступстваў змены клімата.Такую глабальную экалагічную праблему неабходна вырашаць усім разам. Але пра гэтыя праблемы журналісты зараз не так шмат гавораць, многія людзі проста не ведаюць пра такі аспект вайны.

    Негатыўнае ўздзеянне вайны на навакольнае асяроддзе відавочна ў выпадку лясных пажараў, выкідаў ад бамбёжак нафтаперапрацоўчых заводаў і газаправодаў альбо разбурэнняў водаправодных і каналізацыйных ачышчальных збудаванняў. Аднак наступствы вайны выходзяць далёка за межы баявых дзеянняў і наўпрост адбіваюцца на экалогіі і эканоміцы суседніх краін і глабальнай экасістэме.

    «Многія эксперты ў мэтах бяспекі не жадаюць апублічваць сябе»

    — А як змянілася інфармацыйная павестка «Зялёнага партала»? Як пісаць пра экалагічныя праблемы Беларусі, не знаходзячыся ў краіне?

    Сітуацыя з «Зялёным парталам» апошнім часам ускладнілася, таму што некалькі тыдняў таму сайт у Беларусі быў заблакаваны. Зараз мы ў пошуках новых падыходаў да аўдыторыі, а таксама ў падачы інфармацыі, бо ад суцэльнага негатыўнага кантэнту людзям ужо цяжка і яны хутчэй адмаўляюцца ўвогуле ад навін. Таму стараемся не нагнятаць абстаноўку. І я ўпэўнены, што «Зялёны партал» справіцца з працай у новых умовах, бо ў нас цудоўная і прафесійная каманда.

    Складанасці я бачу нават не ў тым, што амаль усе журналісты, якія займаліся  экалагічнай тэматыкай, з’ехалі з Беларусі, а ў тым, што губляецца кантакт з экспертамі, якія засталіся ў краіне.

    Многія з іх гатовыя ўздымаць актуальныя для Беларусі экалагічныя праблемы, але не жадаюць апублічваць сябе. А калі журналіст гаворыць з ананімнай крыніцай, то і давер чытачоў зніжаецца. На жаль, гэта зараз праблема ў многіх сферах жыцця грамадзян, якія застаюцца ў Беларусі, таму што рэпрэсіі не спыняюцца.

    — А ці ёсць тэмы агульныя для некалькіх краін?

    Так, ёсць сумесныя праекты з украінскімі медыя. Напрыклад, па Палессі. Зараз амаль спынілі размову пра гэту тэрыторыю, але ў яе нямала экалагічных праблем, да якіх дадалася вайна. У выніку ўся прыродаахоўная дзейнасць у гэтым сумежным беларуска-ўкраінскім рэгіёне спынена.

    — А ўвогуле цікавасць грамадскасці да экалагічнай тэматыкі адрозніваецца ва Украіне і ў Грузіі?

    Ва Украіне пытанні захавання навакольнага асяроддзя былі заўсёды ў топе тэм, бо шмат для каго з жыхароў, гэта важная частка іх жыцця. Як і ў Беларусі, дарэчы, экалагічная тэматыка заўсёды актуальная і адчуваецца запыт на адпаведную інфармацыю. У Грузіі, на мой погляд, пэўную зацікаўленасць у гэтай тэме можна пабачыць у Тбілісі.

    І тут ўжо не толькі твой журналісцкі вопыт прыдатны, але і працы ў НДА.

    Атрымліваецца так. Я ініцыяваў экалагічны гурток у Батумі. Праўда, пераважна ўдзельнічаюць у ім экспаты, беларускія і не толькі. Мы разам знаёмімся з прыроднымі адметнасцямі Аджарыі, абмяркоўваем глабальныя экалагічныя праблемы.

    Чытайце яшчэ:

    Дзяніс Марціновіч: «Мінулае жыццё — гэта такая мілая ілюзія, якой ужо ніколі не будзе»

    В Вильнюсе открылась фотовыставка «Про рак: истории белорусок». В кадре — журналистки

    Этнафатограф – новая іпастась журналісткі, якая засталася без працы    

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці