У Беларусі заблакаваны сайт Праваабарончай ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць»
"Журналісты за талерантнасць" — найстарэйшая суполка, якая працуе дзеля змяншэння мовы варажнечы і нянавісці ў беларускіх медыях. Пра праблемы з доступам да рэсурса J4T у верасні 2022 года паведамілі карыстальнікі з Беларусі.
J4T — Журналісты за талерантнасць. Першая арганізацыя ў Беларусі, якая пачала сістэмную працу па супрацьдзеянні мове варожасці і павышэнню пазітыўнай бачнасці ўразлівых груп у СМІ. Дзякуючы маніторынгам мовы варажнечы і рэакцыі медыясупольнасці на іх, у Беларусі расла каштоўнасць роўнасці і не-дыскрымінацыі людзей па крыкмеце нацыянальнай, гендэрнай, узроставай, расавай і іншай ідэнтычнасцяў.
Блакаванне сайтаў праваабарончых ініцыятыў і медыярэсурсаў стала мэйнстрымам у дзеяннях дзяржорганаў Беларусі. Гэткую канстатацыю становішча ў беларускім сеціве дае Алег Агееў — юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў. Блакуючы незалежныя ад дзяржпрапагнады сайты, органы дыктатуры пазбаўляюць грамадства доступу да праўдзівай інфармацыі.
«Гэта цалкам падпадае пад азначэнне цэнзуры, — кажа Алег Агееў. — Наш досвед паказвае, што дзяржава не пакінула магчымасцяў змагацца з гэтым або абскарджваць рашэнні дзяржорганаў»
Факт
Амаль усе грамадска-палітычныя сайты Беларусі цяпер заблакавааныя. БАЖ маніторыць рэпрэсіі ў дачыненні рэдакцый. Паводле статыстыкі, сайты 44 рэдакцый беларускіх медыяў былі заблакаваныя па стане на пачатак восені 2022 года.
На шчасце, у 21 стагоддзі людзі вынайшлі сродак супраць цэнзуры з 100% эфектыўнасцю — гэта VPN — прыкладанні для смартфонаў і праграмы для кампутараў, якія дазваляюць абыходзіць блакіроўку. Як гэтым карыстацца — ніжэй.
Праблема №1. Блакіроўкі масавыя
Расказвае медыя-юрыст Алег Агееў:
«У Беларусі блакаванне сайтаў — гэта пазасудовая працэдура. Гэта вырашаюць, умоўна кажучы, чыноўнікі ў кабінетах.
Пасля выбараў 2020 года пашырыўся спіс органаў, якія могуць блакаваць. Да Мінінфарма дадаліся пракуратуры, КДБ і іншыя.
І сёння адбываецца масавая блакіроўка».
«Праца буйных медыяў, кшталту Tут.бай, была спыненая праз прызнанне некаторых іх матэрыялаў экстрэмісцкімі. А сёння амаль увесь кантэнт, які ствараюць беларускія медыі, прызнаны экстрэмісцкім, бо ў сучаснай Беларусі вельмі лёгка можна заблакаваць любы рэсурс. Большасць блакіровак адбываецца з‑за спасылкі на публікацыі, зробленыя 5–7‑10 год таму».
Праблема №2. Немагчымасць абскардзіць рашэнне аб блакіроўцы
Юрыст Алег Агееў узгадвае:
«Першая ў гісторыі Беларусі блакіроўка і абскарджванне тычыліся кантэнта сайта грамадска-палітычнага руха за легаліацыю марыхуаны ў Беларусі. Гэта быў звычайны сайт, які распаўсюджваў грамадска-палітычны кантэнт. Мінінфарм заблакаваў яго за распаўсюд здымкаў з несанкцыянаваганага масавага мерапрыемства.
Мы абскарджвалі гэтае рашэнне ў судзе. У гэтай сітуацыі, на маё меркаванне, не было нават працэдурных падстаў для блакавання».
Сёння сітуацыя моцна змянілася — беларусаў пазбавілі магчымасці скарыстацца працэдурай судовага абскарджвання.
«Выйсці з‑пад блакіроўкі амаль немагчыма, — кажа юрыст Алег Агееў. — Мінінфарм адказвае на запыты толькі тры разы.
Як гэта працуе? Ёсць умоўны сайт, на якім 7 гадоў таму была пастаўленая спасылка на Тут.бай. Уладальніку пра гэта паведамляюць. Уладальнік звяртаецца да Мінінфарма, кажа, што выдаліў гэты лінк, спасылкі больш не існуе. А Мінінфарм адказвае, што яны знайшлі яшчэ адну спасылку. Уладальнік на гэта інфармуе, што другі лінк таксама выдалены. Ізноў тое самае…
Вось так у Мінінфарм можна звяртацца тройчы. Мой досвед кажа, што пасля трэцяга зварота яны ўносяць мэйл у стоп-ліст і мэйлы проста не даходзяць. Мы атрымліваем паведамленне, што ліст не можа быць дастаўлены».
Праблема №3. Штучны інтэлект гугла — на баку прапаганды
Вынікам першых двух праблем становіцца трэцяя.
«Сёння мы сутыкнуліся з тым, што сярод беларускіх рэсурсаў сайты прапаганды Гугл выдае на першых пазіцыях пошуку. Алгарытмы прыводзяць да таго, што пошук падсоўвае людзям прапагандысцкія матэрыялы, а сайты незалежых медыяў Гугл песімізуе і засоўвае ў канец пошуку. Чаму?
Калі людзі без VPN у пошукавай сістэме клікаюць на лінк заблакаванага рэсурса і бачаць, што кантэнт не можа быць адчынены, то адразу сыходзяць. І таму пошукавая сістэма песімізуе такія рэсурсы», — юрыст Алег Агееў называе яшчэ адну праблему.
Праблема №4. Недахоп рэкламых бюджэтаў
Некаторыя медыі, якія яшчэ працуюць з Беларусі, адчулі гэта на сабе. Калі сайт заблакаваны, то пачынаецца праблема з рэкламай. Рэкламадаўцы адмаўляюцца размяшчацца на такіх сайтах.
Эфект спружны
Юрыст Алег Агееў зазначае, што блакіроўкі паскорылі эвалюцыю медыяў:
«Многія рэдакцыі пераходзяць на так званую мультыплатформеннасць. Калі кантэнт аднолькава распаўсюджваецца праз тэлеграм, ютуб і іншыя платформы. Тут ва ўладаў значна менш магчымасцяў для блакавання».
«З практыкі мы бачым, што ўлады як звычайныя асобы могуць звяртацца да Фэйсбука і Ютуба з просьбай заблакаваць. Але атрымліваюць адмову, таму што ФБ і Ютуб не лічаць рашэнні дзяржаўных органаў адпавядаючымі стандартам свабоды выказвання. Аднак ВК блакуе нейкія суполкі, гэта нам вядома», — зазначае юрыст.
5 адказаў пра VPN
Самыя важныя пытанні пра VPN — сродак унікнення цэнзуры са 100% эфектыўнасцю — мы задалі эксперту па лічбавай бяспецы, які пажадаў захаваць ананімнасць.
На тэрыторыі Беларусі ці законна карыстацца VPN?
«На тэрыторыі Беларусі выкарыстанне VPN цалкам законнае. На сёння ніхто не можа забараніць або прыцягнуць вас да адказнасці. Няма ніводнага артыкула ні ў крымінальным, ні ў адміністратыўным кодэксе. Ініцыятыў па заканадаўчай забароне карыстання VPN на сёння няма.
Больш за тое, буйныя банкі і крамы самі выкарыстоўваюць VPN у мэтах бяспекі», — расказвае эксперт.
«Калі персанальна за вамі сочаць, то могуць узнікнуць пытанні. Напрыклад, правайдэр перадае інфармацыю таварышу маёру аб тым, што нехта пастаянна карыстаецца вэпээнам. І ў тэорыі гэта можа быць падставай для пытання: а чаму гэта ты, дарагі, нешта там хаваеш? Але гэта пакуль што ў тэорыі. У практыцы такога няма», — каментуе эксперт па лічбавай бяспецы.
Што такое VPN?
«VPN — гэта віртуальная прыватная сетка, тэхналогія бяспечнага далучэння да сэрвераў па ўсім свеце, плюс сэрвіс па шыфраванні дадзеных, якія бяспечна перадаюцца праз гэты канал», — кажа спецыяліст.
«Груба кажучы, VPN — гэта такая штука, якая дазваляе хаваць ад таварышаў маёраў і правайдэраў інфармацыю, па якіх сайтах ты ходзіш, што ты там робіш: парнушку глядзіш ці музыку слухаеш», — дзеліцца знаўца.
Правайдэр бачыць толькі тое, што ты быў далучаны да сэрвера, умоўна кажучы, у Новай Зеландзіі, колькі ты там часу правёў і які аб’ем трафіку перададзены. А што там усярэдзіне гэтага трафіка — невядома.
«Таму VPN дапамагае атрымаць доступ да заблакаваных сайтаў», — рэзюмуе спец.
Як карыстацца VPN?
«Загугліць праз кампутар “VPN”, выбраць праграму, усталяваць яе на кампутар або браўзер. Запусціць праграму, націснуць заканэкціцца — і ходзім, куды хочам.
Калі з тэлефона, то усталёўваем якаснае прыкладанне, аплікацыю з плэй-маркета або эплстора. Спампоўваем абсалютна легальныя праграмы, усталёўваем, запускаем, каб сядзець у інтэрнэце», —дае парады эксперт па лічбавай бяспецы.
Галоўнае — якім VPN карыстацца?
«Надзейны VPN — гэта той, які раяць эксперты па лічбавай бяспецы. Да надзейных можна аднесці Proton VPN. Шукайце нешта буйное з адкрытым зыходным кодам. Тут бы я параіў пачытаць сайт Бяспека.
Па рэкламнай спасылцы ўсталёўваць VPN — гэта найбольш небяспечна», — кажа спецыяліст.
Спецслужбы ставараюць свае VPN, каб сачыць за грамадзянамі?
«Гэта абсалютна лагічна. Ёсць кейс, што амерыканскія спецслужбы стварылі быццам самы надзейны ў свеце мэсэнджэр як альтэрнатыву Сігналу. Гэты мэсэнджэр быў распаўсюджаны сярод наркабаронаў і такім чынам спецслужбы збіралі інфармацыю. Я ўпэўнены, што гэтак жа робяць спецслужбы і іншых краін. Гэта вельмі просты спосаб, каб адсачыць, чым займаецца канкрэтная асоба, бо калі ты сядзіш пад VPN, ты губляеш пільнасць», — зазначае эксперт.
Чытайце яшчэ:
Экажурналіст Аляксей Аўчыннікаў: «З’ехаў, каб мець магчымасць гаварыць пра праблемы, не хаваючы свой твар за ананімнымі імёнамі»
Генпрокуратура передала в суд дело против медиаменеджера Дмитрия Навоши и администраторов «Черной книги Беларуси»
«Шмат часу аддавала на аздабленне тэрас кавярняў. Хацела, каб Мінск быў прыгожым горадам». Распавядаем пра Ірыну Злобіну