У Мінску развіталіся з былым галоўным рэдактарам часопісаў «Нёман» і «Беларусь», празаікам Алесем Жуком
Алесь Жук працаваў у тым ліку намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць», галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва», намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», галоўным рэдактарам літаратурных часопісаў «Нёман» і «Беларусь». Перадрукоўваем развітальны тэкст Міхася Скоблы.
Калі б на астатняе развітанне з Алесем Жуком прыйшлі ўсе тыя пісьменнікі, якіх ён прывітаў на парозе беларускай літаратуры – на старонках рэдагаваных ім тыднёвіка «Літаратура і мастацтва» ды часопісаў «Нёман» і «Беларусь», – то людское шэсце заняло б усю доўгую вуліцу Куляшова, дзе знаходзіцца адзін са сталічных Дамоў смутку.
На жаль, творцаў, якія прыйшлі сказаць апошняе «бывай» старэйшаму сябру, можна было пералічыць на пальцах абедзвюх рук.
І каго тут папракнеш? Многіх ужо на свеце няма. Саюз беларускіх пісьменнікаў, куды да апошняга ўваходзіў Алесь Жук, летась ліквідаваны ўладай. Адабраныя ў яго літаратурныя перыёдыкі даўно не гуртуюць вакол сябе творчыя сілы, цалкам перайшоўшы на лёкайскае абслугоўванне ўлады, якая з цемрашальскай напорыстасцю нішчыць і нішчыць усё беларускае.
Алесь Аляксандравіч неаднойчы расказваў, як яго настойліва зазывалі ў прыўладны саюз, дзе галоўны прынцып існавання, запачаткаваны яго кіраўніком (цяпер ганаровым) М.Чаргінцом, – «чего изволите?». Прынцып, які не мог прыняць і не прыняў беларус па нараджэнні, па душы і па мове Алесь Жук. Таму і не пайшоў пад генеральскае камандаванне, застаўся з чыстым сумленнем.
Семдзесят чатыры гады – век далёка не старэчы. Прыскорыла смерць даўняя хвароба сэрца. Але ж і хваробы нешта прыскорвае.
І як тут не згадаць, што гвалтоўнае і незаконнае змяшчэнне Алеся Жука з пасады рэдактара «Нёмана» ў 2003 годзе адбылося тады, калі ён ляжаў у бальніцы пасля аперацыі на сэрцы…
На новых Лясных могілках пад Мінскам над свежым пясчаным курганком мы з Анатолем Сідарэвічам, Алесем Пашкевічам і Уладзімірам Ягоўдзікам згадалі, якім рэдкасным рэдактарам быў Алесь Жук. Дэбютантам ганарар налічваў – як жывым класікам! Каб падтрымаць, заахвоціць пачаткоўца пісаць далей. І таму свой першы ганарар з «ЛіМа» «ад Жука» – тры месячныя студэнцкія стыпендыі! – я буду помніць, пакуль жыву.
Застануцца ў памяці і нашы працяглыя гутаркі на знакамітай Лысай Гары, дзе ў Алеся Жука было лецішча. Неяк я загаварыў пра самы вядомы твор пісьменніка «Паляванне на апошняга жураўля» – шчымлівую аповесць-рэквіем, і Алесь Аляксандравіч прызнаўся, што першапачатковая назва была «Паляванне на апошняга беларуса». Сорак гадоў таму напісаная, а «паляўнічы сезон на беларусаў» (якіх прыйшла пара занесці ў Чырвоную кнігу) усё ніяк не закончыцца…
Кнігі Алеся Жука хочацца перачытваць. І таго ж «Жураўля…», і «Праклятую любоў», і «Паляванне на старых азёрах», і «Сок манга». Ён быў сапраўдным майстрам апавядання, класічнага, у бунінска-брылёўскім строгім стылі. Толькі ў Жука яно яшчэ са слуцкім моўным і побытавым каларытам. «Красатуля», «Міш», «Упрочкі», «Жонка героя» – у гэтых і другіх апавяданнях празаіка праявіўся нацыянальны характар беларуса. Нездарма яны асобнымі выданнямі выходзілі на балгарскай, рускай, славацкай, украінскай, чэшскай мовах, годна прадстаўляючы беларускую прозу за мяжой.
Як перакладчык Алесь Жук падараваў айчыннаму чытачу «Майстра і Маргарыту» і «Сабачае сэрца» М.Булгакава, «Белы Бім Чорнае вуха» Г.Траяпольскага, «Арктур – гончы сабака» Ю.Казакова, «Трэску» У.Зазубрына… Апошняя – рэч малавядомая, апублікаваная толькі ў альманаху «Братэрства» за 1992 год. А па сіле ўздзеяння яе можна параўнаць хіба з самым страшным беларускім фільмам «Ідзі і глядзі». Галоўны герой «Трэскі» – чэкіст, які прысутнічае пры расстрэлах і сам расстрэльвае «ворагаў народа» і ўрэшце вар’яцее… У інтэрнэце я знайшоў знятую па той аповесці мастацкую стужку «Чэкіст», падказаў перакладчыку. Але Алесь Аляксандравіч сказаў, што яму ледзь хапіла душэўнай змогі на пераклад…
На ўсіх пасадах і найперш за сваім пісьмовым сталом Алесь Жук адстойваў, сцвярджаў і пашыраў беларускі сусвет. Беларуская мова заўжды была для яго ў прыярытэце. Але чамусьці надпіс на крыжы сямейнікі зрабілі па-руску. Гэта кідалася ў вочы і выглядала як знак непавагі да памяці памерлага. На жаль, запярэчыць «русіфікацыі» ўласнай магілы пісьменнік ужо не мог. Апошні журавель адляцеў у маўклівы і незваротны вырай…
Чытайце яшчэ:
Экажурналіст Аляксей Аўчыннікаў: «З’ехаў, каб мець магчымасць гаварыць пра праблемы, не хаваючы свой твар за ананімнымі імёнамі»
«Ты ніколі не будзеш адзін». Как помочь политзаключенным журналистам Ирине Левшиной и Андрею Александрову
Зміцер Лукашук: «Людзі, якія не ведаюць нічога свайго, — гэта народ ці нацыя?»