Дзяржаўныя медыя пачалі разганяць фэйк пра Ціханоўскую, «якая заклікае забіваць палесцінскіх дзяцей»
У каментах пад допісамі пасецца эліта БРСМ і раённых ідэолагаў, піша «Наша Ніва».
«Святлана Ціханоўская прапанавала забіваць палесцінскіх дзяцей вуснамі «чалавека з яе каманды» — такое пасланне праводзяць у Х (былым твітары) акаўнты, звязаныя з лукашэнкаўцамі.
Разлічаны гэты пост на чытача, які не ведае расейскай мовы і не ведае, хто такая Таццяна Мартынава. Эфект невялікі — у пастоў да пары соцень праглядаў і зусім няма рэакцый. А на саміх акаўнтах дзяржаўных прапагандыстаў — вобмаль падпісантаў.
Агулам такіх публікацый каля пары дзясяткаў, усе яны цалкам капіруюць першапачатковы тэкст «Жоўтых зліваў» — смеццевага канала, створанага для дыскрэдытацыі апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. Асобна мы звярнулі ўвагу на каментары — амаль усе яны аднолькавыя і ад праўладных актывістаў.
Сярод каментатараў — кіраўніца барысаўскага БРСМ Уладзіслава Крагілева (яна запосціла тое самае і Укантакце), кіраўніца бярэзінскага БРСМ Кацярына Аўрамчык, галоўны рэдактар праўладнай газеты «Слонімскі веснік» Кірыл Ляшчэнка і кіраўнік аддзела ідэалогіі Гродзенскага гарвыканкама Уладзімір Сацюк, які да 2019-га быў намеснікам начальніка гродзенскай міліцыі.
Хто такая Таццяна Мартынава і што яна сказала?
Адзначым, што Таццяна Мартынава, якая з вясны 2020-га вядзе блог «Хопіць баяцца», аніякім чынам са штабам Святланы Ціханоўскай не звязаная. Ціханоўскага яна называла гопнікам, а Ціханоўскую — «п*****ц».
Таццяна Мартынава ў Беларусі была радыёвядоўцай і суўладальніцай бара «Пятніца». Увесну 2020-га яна стварыла палітычны блог «Хопіць баяцца» і праз пагрозу пераследу ў ліпені 2020-га адной з першых выехала з Беларусі.
Яна часта выказвае маргінальныя ідэі, якія цытуюць дзяржаўныя медыя. Асабліва часта — «Жоўтыя злівы».
Гэтым разам яна выказалася пра палесцінскіх дзяцей. Маўляў, яны адрозніваюцца ад ізраільскіх тым, што іх з дзяцінства вучаць ненавідзець габрэяў. «А ў 16 гадоў маці дае дзіцяці аўтамат і кажа: забі габрэя», падсумавала яна.
Пасля гэтага на Мартынаву звярнулі ўвагу турэцкія СМІ. Блізкае да Эрдагана медыя Ahaber апублікавала яе з загалоўкам «Гнюснае выказванне беларускай журналісткі пра палесцінскіх дзяцей». Падхапілі яго і іншыя медыя ў мусульманскіх краінах, яе выказванні цытуюцца ў сотнях публікацый.
Гэтая заява адлюстроўвае перакананні самой Мартынавай. Але аніводная беларуская структура яе не падтрымала.
Чытайце яшчэ:
«Гэта вайна камунікацый». Міжнародная федэрацыя журналістаў заклікала пазбягаць фэйкаў пры асвятленні вайны
Мажэйка: «Вельмі сімвалічна, што аналітыкаў прызнаюць тэрарыстамі. Але экспертная супольнасць працягвае працу»
Пасля пераходу «Прэсбола» у рукі АБФФ супрацоўнікі скардзяцца, што не атрымліваюць заробак