• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «АнтыБелсат» ад дзяржаўных СМІ. Хто стварае ў Беларусі польскамоўную прапаганду

    Змагар з ЛГБТ, «чырвоны казак» і ўласнік фірмы ўпаковак. «Радыё Свабода» расказвае пра тых, хто стварае польскамоўную прапаганду ў Беларусі.

    Беларускія дзяржаўныя СМІ ствараюць прадукт на польскай мове, у якім крытыкуюць Польшчу і хваляць Лукашэнку. Удзельнікі такіх перадач называюць сябе палітолягамі і экспэртамі, але пры гэтым ніколі такімі не былі на радзіме.

    Ад пачатку кастрычніка міжнароднае радыё «Беларусь» запусьціла спэцыяльны польскамоўны праект Myśli o Polsce. Ён выходзіць як на радыёхвалі, так і на плятформе YouTube.

    Праграма праходзіць у фармаце кшталту «Клюбу рэдактараў». Зьбіраюцца людзі, якія абмяркоўваюць актуальныя міжнародныя і беларускія падзеі. Адметнасьць праекту ў тым, што ўсё адбываецца на польскай мове.

    У астатнім ён цалкам адпавядае іншым прапагандысцкім праграмам у беларускіх дзяржаўных СМІ. Там апавядаецца пра тое, як добра жывецца ў Беларусі, які мудры кіраўнік Аляксандар Лукашэнка, а таксама як цяжка простым людзям у Польшчы і іншых краінах Эўразьвязу.

    На YouTube відэа гэтага праекту набіраюць у асноўным 300–600 праглядаў. Ёсьць адна праграма, якая набрала больш за 4 тысячы. Свабода пацікавілася, хто ж стварае польскамоўную прапаганду ўнутры Беларусі.

    Польскі і расейскі сьцягі

    Вядоўцам праграмы зьяўляецца 48-гадовы Даніэль Мікусяк. Сам сябе ён пазыцыянуе як «палітоляга са спэцыяльнасьцю „Міжнародныя палітычныя і эканамічныя адносіны“».

    У Беларусі спадар Мікусяк жыве як мінімум ад траўня 2023 году. Прынамсі, такую дату ён назваў у стрыме з прапагандыстам Рыгорам Азаронкам. Рэгулярна ў СМІ ён стаў зьяўляцца ўжо ад верасьня сёлета. У адным са сваіх першых інтэрвію для тэлеканалу АНТ пан Мікусяк сказаў, што Аляксандар Лукашэнка — гэта «мудры і цярплівы чалавек». Ён дзякаваў Лукашэнку ад імя «свабодных палякаў».

    Праз тыдзень у інтэрвію агенцтву БелТА Мікусяк сказаў, што вельмі хацеў бы сустрэцца асабіста з Лукашэнкам. Пакуль такой сустрэчы яму не прапанавалі.

    Польскія СМІ нічога ня ведаюць пра Даніэля Мікусяка. На радзіме ён ня быў прыкметнай асобай. Не фігураваў як «палітоляг» у мэдыя. Мяркуючы са старонкі Даніэля Мікусяка ў Linkedin, ён быў уласьнікам невялікай фірмы, якая займалася ўпакоўкай, этыкеткамі, фольгай і стужкамі. Месьцілася фірма ў гарадку Волаў, што ў Ніжнесілескім ваяводзтве.

    У Даніэля Мікусяка ёсьць невялікі тэлеграм-канал. Ён яго вядзе на польскай і расейскай мовах. У назьве канала таксама разьмешчаныя польскі і расейскі сьцяжкі, беларускага няма. Канал мае каля тысячы падпісантаў. Tik­Tok Мікусяка зусім непапулярны: маючы некалі дзясяткаў відэа, ён набраў усяго 64 падабайкі.

    У сваіх выступах Мікусяк паўтарае наратывы расейскай прапаганды, якая перакачавала і ў Беларусь. Ён называе NATO «тэрарыстычнай арганізацыяй», гаворыць «рэжым Маравецкага». Лічыць, што ва Ўкраіне адбываецца «дэнацыфікацыя», а вакцыну ад каранавірусу абзывае «атрутай».

    Паплечнік Вольгі Бондаравай

    Іншым пастаянным госьцем перадачы зьяўляецца Аркадзь Гартунг. Яго прадстаўляюць як кіраўніка культурна-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня «Таварыста Элізы Літвінкі» (Літвінка — гэта творчы псэўданім Ажэшкі). Арганізацыя перажыла пагром НДА, які адбываўся ў Беларусі ў 2021–2022 гадах.

    У 2020 годзе «Таварыства Элізы Літвінкі» правяло ўсяго адну акцыю — удзельнічала ў мітынгу ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі 22 жніўня.

    З дапамогай BelPol Свабода дазналася, што Аркадзю Гартунгу 63 гады. Ён ураджэнец Горадні. Працаваў мастацкім кіраўніком Дома культуры мястэчка Абухава на Горадзеншчыне, а потым быў санітарам у Камітэце судовых экспэртыз. Ва ўласнасьці Аркадзя Зыгмундавіча таксама знаходзіцца аграсядзіба «Боцяне гняздо» ў вёсцы Раганічы на Шчучыншчыне.

    Таксама часта Аркадзя Гартунга называюць паэтам, ён сябра праўладнага саюзу пісьменьнікаў. Вельмі часта дзяржаўныя СМІ выкарыстоўваюць Гартунга як «простага» сьпікера з Горадзеншчыны. І подпісы адпаведныя «жыхар Абухава», «жыхар Горадні», «ахоўнік».

    У сваіх прамовах у дзяржаўных СМІ Гартунг крытыкуе Польшчу ад імя этнічных палякаў, якія пражываюць у Беларусі.

    «Вы клапаціцеся пра сваю краіну так, як клапоціцца наш Лукашэнка! Не — вайне! Не — пятаму падзелу!» — гэта адна з цытатаў Гартунга.

    У лёзунгу «Не — вайне» гаворка вялася, вядома, не пра вайну ва Ўкраіне, а пра патэнцыйны напад, які нібыта Польшча рыхтуе на Беларусь. Што тычыцца Ўкраіны, то Аркадзь Гартунг гаварыў, што Польшча марыць адарваць сабе Львоўскую вобласьць. Гэта зноў паўтарэньні тэзісаў расейскай прапаганды.

    Аркадзь Гартунг — сябра гістрыка-патрыятычнага клюбу «Аркона», адной з кіраўніц якога зьяўляецца славутая даносчыца Вольга Бондарава. У суполцы «Арконы» «ВКонтакце» ёсьць фота «патэнту на найвышэйшае афіцэрскае званьне», якое Аркадзю Гартунгу выдала Беларускае казацкае таварыства чырвоных казакоў імя Будзённага. Гартунгу прыпісалі званьне палкоўніка.

    Цікава, што раней Аркадзь Гартунг быў сябрам праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі, але ў красавіку 2022 году яго адтуль выключылі. Паплечнік Гартунга Аляксандар Макавецкі так апісаў сытуацыю:

    «На бюро Горадзенскага гаркаму КПБ вынесьлі рашэньне выключыць камуніста Аркадзя Гартунга з партыі за актыўныя дзеяньні ў агітацыі і прапагандзе патрыятызму і ідэй сацыялізму. Гартунг зьвярнуўся 4 красавіка з заявай ад „Арконы“ ў Горадзенскі гарвыканкам правесьці мітынг у падтрымку прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі. Адміністрацыя гарвыканкама падзякавала Гартунгу „за актыўную жыцьцёвую пазыцыю і неабыякавасьць“ і ветліва адмовіла. Чыноўнікам не спадабалася гэтая ініцыятыва, і яны паскардзіліся ў парткам. Партыйнае кіраўніцтва хутка адрэагавала на сыгнал і прыняло рашэньне пазбавіцца ад камуніста», — пісаў Макавецкі.

    Цяпер Аркадзь Гартунг зьяўляецца сябрам Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці.

    Уцёк ад крымінальнай справы ў Вялікай Брытаніі

    Павал Яньскі яшчэ адзін этнічны паляк, які апынуўся ў Беларусі. У Менску ён жыве ад студзеня 2023 году. Яньскі — грамадзянін Вялікай Брытаніі, там ён пражыў 19 гадоў.

    У сваіх шматлікіх інтэрвію для беларускіх дзяржаўных СМІ Яньскі расказвае, што асноўнай прычынай была «прапаганда ЛГБТ-каштоўнасьцяў у брытанскіх школах».

    «Ні ў дзяцей, ні ў бацькоў няма выбару. Ім навязваецца адзіны варыянт. Мая 10-гадовая дачка Юля прыйшла дадому і казала, як ім у школе расказвалі, што шлюб паміж дзьвюма жанчынамі абсалютна нармальны», — казаў Яньскі ў інтэрвію БелТА.

    Праўда, у іншай гутарцы, са «Спутником», ён прызнаўся, што галоўнай прычынай выезду зь Вялікай Брытаніі стала тое, што на яго завялі крымінальную справа за бойку з суседам. У Польшчу Яньскі ня стаў пераяжджаць таму, што адтуль яго могуць выдаць брытанскім уладам.

    Пра Яньскага вядома, што ў яго чацьвёра дзяцей. Чым менавіта ён займаецца ў Беларусі, невядома. Адзіная адкрытая інфармацыя, што ён сябра апякунскай рады Міжнароднага дабрачыннага фонду імя Эміля Чэчкі. Фондам займаецца GON­GO-арганізацыя «Сыстэмная праваабарона», якая ўзьнікла пасьля таго, як былі закрытыя сапраўдныя арганізацыі і выціснутыя за мяжу рэальныя праваабаронцы. Эміль Чэчка — польскі вайсковец, які дэзэртаваў у Беларусь, даваў інтэрвію беларускім дзяржаўным СМІ, а потым яго знайшлі павешаным.

    Павал Яньскі вядзе невялікія тэлеграм- і ютуб-каналы, якія называюцца Pola­cy w Białorusi. Тэлеграм-канал мае ўсяго 178 падпісчыкаў.

    Прыхільнік Вялікай Літвы і кансэрватызму

    Пётра Пятроўскі — больш вядомы пэрсанаж за згаданых вышэй. Ён зьяўляецца частым госьцем у прапагандысцкіх перадачах на дзяржаўнай тэлевізіі.

    Пятроўскаму 35 гадоў, ён родам з Горадні. Бацька быў мастаком. Як і Дзермант са Шпакоўскім, Пятроўскі прайшоў праз захапленьне нацыяналізмам. У інтэрнэце захаваўся колішні Live­jour­nal, які вёў малады Пётра. Ён называўся «Вялікалітва. Ад Балтыкі да Чорнага мора».

    «Па нацыянальнасьці вялікаліцьвін-беларус. Ад 2006 году студэнт Беларускага пэдагагічнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці „Гісторыя“, сацыяльна-палітычныя дысцыпліны. „Жывы журнал“ запатрабаваўся па прычыне патрэбы выказваньня думак наконт будаўніцтва дзяржаўнасьці нашае Бацькаўшчыны — Вялікалітвы — на аснове ідэалёгіі нацыянальнага кансэрватызму ды традыцыяналізму, адраджэньня ісьціннага старажытнага назову Бацькаўшчыны — Вялікалітва», — пісаў Пётра Пятроўскі.

    Пасьля БДПУ ён паступіў у асьпірантуру Інстытуту філязофіі Акадэміі навук, там жа працаваў і Аляксей Дзермант. Пятроўскі заснаваў цэнтар NOMAS, які тыражаваў ідэіі кансэрватызму і традыцыяналізму. Пятроўскі захапляў працамі ідэоляга нэафашызму Юліюса Эволы, перакладаў іх на беларускую мову. Крытыкаваў заходнерусізм, заклікаў да саюзу з Украінай, каб манэўраваць у адносінах з Расеяй і Эўразьвязам.

    З часам Пятроўскі стаў частым госьцем дзяржаўных прапагандысцкіх шоў. У 2015 годзе ён заявіў, што палітвязьні — гэта дармаеды, якія не адпавядаюць інтарэсам грамадзтва. Потым Пятроўскі ўсё болей пераходзіў на пазыцыі «русского мира».

    У 2020 годзе ён падтрымаў рэпрэсіі. Заклікаў перад выбарамі пасадзіць Бабарыку. Калі ж пачалася вайна, то гаварыў, што ліквідацыя «гэтага суб’екта міжнароднага права» (так ён назваў Украіну) будзе на карысьць Беларусі. Сярод хобі Пётры Пятроўскі — дэгустацыя алькаголю, ён нават заводзіў адмысловы ютуб-канал, куды запрашаў гасьцей для сумеснай дэгустацыі.

    Чытайце яшчэ: 

    У Парыжы стварылі хартыю аб выкарыстанні штучнага інтэлекту. Дзесяць запаведзяў для журналістаў

    «Лучше думать так: „Я уехал навсегда“». Мнение психолога, как избежать синдрома Улисса — возможно, он уже есть и у вас

    Прынялі эстафету. У Беластоку падтрымалі зняволеных журналістаў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці