Прынялі эстафету. У Беластоку падтрымалі зняволеных журналістаў
За апошнія дні Марафон салідарнасці, ініцыяваны БАЖ, прайшоў у некалькіх гарадах: Прага, Лондан, Таронта. Таксама акцыю правялі ў блізкім для Беларусі Беластоку.
Гэтым разам у Марафоне салідарнасці прынялі ўдзел журналісткі Зоя Хруцкая, Яўгенія Доўгая, Ірына Купцэвіч, Наста Уткіна, паэтэса Ганна Комар і праваабаронца Леанід Судаленка. Ужо па старой добрай традыцыі яны ўзялі ў рукі партрэты зняволеных журналістаў, каб падтрымаць калегаў.
— Далучыцца да акцыі — самае маленькае, што я магла зрабіць у падтрымку зняволеных журналістаў і журналістак, — сказала Ганна Комар. — У зняволенні вельмі важна ведаць, што пра цябе памятаюць. А калі ты журналіст ці журналістка і выконваеш працу, важную для мільёнаў людзей, то важна, каб хоць некаторыя людзі з гэтых мільёнаў выказвалі салідарнасць.
Нагадаем, у Польшы Марафон салідарнасці ужо праходзіў — падчас фестывалю абуджаных «Тутака». На знак падтрымкі журналістаў, якія знаходзяцца за кратамі, удзельнікі акцыі — палітыкі, музыкі, культурныя дзеячы, рэпарцёры — ўзнялі іх партрэты.
БАЖ заклікае калег ва ўсім свеце падтрымаць акцыю салідарнасці!
Вы можаце раздрукаваць ПАРТРЭТЫ зняволеных калег, сфатаграфавацца з імі ў пазнавальных месцах вашага горада (не ў Беларусі) і апублікаваць у сацыяльных сетках з тэгамі #СвабодуЖурналістам і #BecauseTheJournalist, а таксама даслаць нам на адрас office@baj.media ці intercomm@baj.media .
.
#СвабодуЖурналістам
#BecauseTheJournalist