Акцыя на фэсце «Тутака»: Ціханоўская, Латушка, Івулін і іншыя падтрымалі зняволеных журналістаў
Падчас фестывалю абуджаных «Тутака», што адгрымеў на Падляшшы (Польшча), атрымаў працяг ініцыяваны БАЖ Марафон салідарнасці са зняволенымі журналістамі.
Палітыкі, спевакі ды іншыя вядомыя беларусы падтрымалі нашых калег, якія цяпер знаходзяцца за кратамі.
Фестываль «Тутака» праходзіў на Падляшшы — побач з беларускай мяжой. Гэтае месца апошнія дзесяцігоддзі было для беларусаў асабліва блізкім, тут неаднаразова ладзіўся фестываль альтэрнатыўнай і рок-музыкі «Басовішча». А цяпер дзякуючы такім мерапрыемствам выжывае беларуская нацыянальная культура.
Цягам некалькіх дзён адбываліся перформансы, выступы палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, канцэрты.
Знайшоўся час і для Марафона салідарнасці. На знак падтрымкі журналістаў, якія знаходзяцца за кратамі, удзельнікі акцыі — палітыкі, музыкі, культурныя дзеячы, рэпарцёры — ўзнялі іх партрэты.
У руках Святланы Ціханоўскай партрэт Андрэя Аляксандрава, у Паўла Латушкі — Ксеніі Луцкіной, у Кацярыны Ваданосавай і Юрыя Стыльскага — Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай), у Аляксандра Івуліна — Марыны Золатавай, у Маргарыты Ляўчук — Аляксандра Любянчука.
Сітуацыя са зняволенымі журналістамі застаецца ў цэнтры ўвагі, нягледзячы на супрацьдзеянне рэжыму. Рэакцыя ўсіх, хто падтрымаў акцыю, была салідарнай: чым яшчэ дапамагчы?
— Я далучаюся да Марафону салідарнасці з беларускімі журналістамі, бо падзяляю боль бацькоў, дзяцей і родных гэтых мужных людзей, — сказала Святлана Ціханоўская. — Яны — сапраўдныя прафесіяналы, за гэта і церпяць ад рэжыму, за гэта і пакутуюць зараз. Кожны дзень іх жыцця ў турме — гэта нерэалізаваныя планы, недаабдыманыя дзеці, выплаканыя вочы бацькоў і родных. Аб’ядноўваючы нашыя намаганні, мы набліжаем дзень волі для ўсіх палітзняволеных беларусаў. Трымаемся праўды! Трымаемся разам!
Яшчэ адной ўдзельніцай марафону стала мастачка Яна Шостак. У публічных месцах яна неаднаразова выступала з перформансамі, поўнымі адчаю і болю. На працягу хвіліны яна наўпрост крычыць, нагадваючы пра палітзняволеных, і гэты сігнал свету больш выразны, чым многія словы.
Нагадаем, Марафон салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі рэпарцёрамі стартаваў у Вільні 3 траўня з сумеснай акцыі Беларускай асацыяцыі журналістаў і Саюза журналістаў Літвы.
Да акцыі ўжо далучыліся ў Германіі, Швецыі, Фінляндыі, Даніі ды іншых краінах.
БАЖ заклікае калег ва ўсім свеце падтрымаць акцыю салідарнасці!
Вы можаце раздрукаваць ПАРТРЭТЫ зняволеных калег, сфатаграфавацца з імі ў пазнавальных месцах вашага горада (не ў Беларусі) і апублікаваць у сацыяльных сетках з тэгамі #СвабодуЖурналістам і #BecauseTheJournalist, а таксама даслаць нам на адрас office@baj.media ці intercomm@baj.media .
#СвабодуЖурналістам
#BecauseTheJournalist
Чытайце яшчэ:
Андрэй Бастунец: Незалежныя медыі ачомаліся, але, калі сітуацыя не зменіцца, трэба думаць, як жыць далей
«Я не веру, што пасля смерці Лукашэнкі прыйдзе іншы дыктатар». Размова з беларускамоўным дэпутатам літоўскага Сейма
«Неяк апошнім часам, выбіраючы кнігі, думаеш: а што яна табе дасць?» Андрэй Скурко аб прачытаным і адрэфлексаваным