«34. Гэта не лічбы, а нашы сябры і блізкія за кратамі». Марафон салідарнасці са зняволенымі журналістамі працягваецца
Амаль паўгода трывае Марафон салідарнасці са зняволенымі журналістамі, ініцыяваны Беларускай асацыяцыяй журналістаў. За гэты час яго падтрымалі прадстаўнікі медыяў, праваабаронцы, палітыкі, музыканты, рэжысёры. Фотаздымкі са словамі салідарнасці прыходзілі з Літвы, Германіі, ЗША, скандынаўскіх краін, нават Аўстраліі.
Неўзабаве мы адчулі, што да голасу беларусаў далучыліся многія замежыя калегі.
«Рэпрэсіі ў Беларусі выйшлі на своеасаблівае плато»
Але акцыя не заканчваецца. На днях кампанія працягнецца ў Канадзе. «Цяпер адбываюцца некалькі маштабных войнаў: агрэсія Расіі супраць Украіны, канфлікт на Бліжнім Усходзе. Аб’ектыўна такія падзеі адцягваюць увагу ад Беларусі і сітуацыі з правамі чалавека. У тым, каб вярнуць нашу тэму на парадак дня і ёсць сэнс Марафону салідарнасці», — падкрэслівае старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.
Марафон салідарнасці распачаўся з ініцыятывы БАЖ у траўні 2023 года ў Вільні. Трыццаць тры партрэты ўдзельнікі ўзялі ў рукі, каб нагадаць, колькі журналістаў утрымліваюцца ў месцах несвабоды праз сваю прафесійную дзейнасць.
Сапраўды, на той момант у месцах зняволення ў Белаусі знаходзіліся 33 журналісты, а цяпер — 34, хоць некаторыя нашыя калегі пасля адбывання «пакарання» выйшлі на волю.
— Сацыёлаг Генадзь Коршунаў мяркуе, што рэпрэсіі ў Беларусі выйшлі на своеасаблівае плато, — адзначыў Андрэй Бастунец. — Гэта значыць, колькасныя паказчыкі амаль не змяняюцца ўжо некалькі месяцаў. Адных журналістаў выпускаюць, але затрымліваюць іншых. Тое ж самае тычыцца тэмпаў надання экстрэмісцкага статусу арганізацыям і асобам.
Паводле старшыні БАЖ, рэалістычнай мэтай кампаніі ёсць прыцягванне ўвагі міжнароднай супольнасці, журналісцкіх і праваабарончых арганізацый, а таксама ўрадаў розных краін да сітуацыі з крымінальным пераследам журналістаў у Беларусі. Здаецца, атрымліваецца няблага.
— Калі мы на розных пляцоўках размаўлялі з заходнімі калегамі, высветлілася, што многія нават не ведаюць пра жудасныя рэпрэсіі, вялікую колькасць палітзняволеных, сфальсікаваныя крымінальныя справы супраць нашых калег і сяброў. Ёсць меркаванне нібыта ў 2020 годзе ўсё скончылася. Але гэта ж не так, — падкрэслівае Андрэй Бастунец.
Кожная ўзгадка ў сацсетках і на навінавых сайтах — напамін пра тое, што адбываецца побач з Еўрасаюзам, на вачах цывілізаванага свету. Акцыя працягваецца, на днях да яе далучыцца Канада. Там марафон правядзе IFEX, якая аб’ядноўвае больш за 120 уплывовых няўрадавых арганізацый.
— Падчас правядзення кампаніі яе ўдзельнікі ў розных краінах бачаць не толькі лічбы (самі па сабе жудасныя), але і твары тых, каго рэжым узяў у закладнікі, — нагадвае старшыня БАЖ. — Твары інтэлігентных жанчын і мужчын — і жудасныя тэрміны «пакарання» за тое, што яны выконвалі свае прафесійныя абавязкі. Я ўвесь час кажу: 34 журналісты за кратамі — гэта не лічбы. Большасць з гэтых людзей я добра ведаю, шмат хто з іх — мае сябры, нават блізкія сябры. Я нават у жудасным сне не мог уявіць сабе, што столькі маіх сяброў акажуцца ў зняволенні.
Нагадаем, з чаго ўсё пачалося і як праходзіла маштабная кампанія па ўсім свеце.
Літва
Марафон салідарнасці стартаваў у Вільні са слоганам «Трымаемся праўды, трымаемся разам!». У Сусветны дзень свабоды прэсы беларускія і літоўскія прадстаўнікі медыяў сабраліся разам, каб узяць партрэты Марыны Золатавай, Анджэя Пачобута, Алеся Любянчука і іншых журналістаў. Спатрэбіліся трыццаць тры пары рук, каб адлюстраваць, якія выпрабаванні выпалі на долю калег.
Гэта быў яскравы зварот да ўсяго свету пра тое, што ў Беларусі знішчаецца вольнае слова, а журналісты плоцяць сваёй свабодай за тое, што чэсна і прафесійна выконвалі сваю працу.
— Сэнс Сусветнага дня свабоды прэсы — нагадваць уладзе пра абавязак выконваць правы чалавека і перш за ўсё — права на свабоду выказвання, — адзначыў тады Андрэй Бастунец. — Фотаздымкі, што мы трымаем у руках, — сведчанне таго, як цяпер ставяцца да свабоды выказвання ў Беларусі.
Швецыя
Першымі, хто адгукнуўся на заклік пераняць эстафету, сталі скандынаўскія краіны. Да акцыі, якая прайшла ў Мальмё, далучыліся Шведскі саюз журналістаў, Frilans Syd, Swedish Pen.
— Многія з беларускіх журналістаў і журналістак не толькі нашы калегі, але і сябры. Мы салідарныя з імі і патрабуем неадкладнага вызвалення калег, якія ні ў чым не вінаватыя. Гэта не ананімныя людзі, не проста партрэты, гэта чалавечыя лёсы і лёсы іх сем’яў. Таму мы тут і патрабуем іх вызвалення. Мы салідарныя з імі, — цвёрда заявілі ўдзельнікі.
Фінляндыя
Услед выказала падтрымку і салідарнасць рада Саюза журналістаў Фінляндыі. Мясцовыя журналісты ўзялі ў рукі фотаздымкі і зачыталі імёны зняволеных беларускіх рэпарцёраў.
— Многія еўрапейскія журналісцкія арганізацыі ўдзельнічаюць у такой жа дэманстрацыі падтрымкі. У тым ліку літоўцы і шведы, — заўважыў эксперт па міжнародных справах Саюза журналістаў Фінляндыі Сала Назаранка.
Данія
Наступнымі былі ўплывовыя праваабаронцы Дацкага Хельсінкскага камітэта. Падчас канферэнцыі да іх звярнулася беларуская дыяспара.
— Паглядзіце на новы ўзровень катавання: цяпер невядома пра стан некаторых палітвязняў — Віктара Бабарыкі, Міколы Статкевіча і іншых, — расказала беларуска, якая прысутнічала на мерапрыемстве. — Пасля гэтага праваабаронцы далучыліся да акцыі БАЖ, узяўшы партрэты беларускіх журналістаў.
Удзельнікі канферэнцыі — паважаныя людзі, да іх меркавання прыслухоўваюцца. Іх жаданне падтрымаць палітвязняў — не проста знак пашаны.
Аўстралія
Пра нашу бяду ведаюць і на далёкім кантыненце, дзе таксама далучыліся да марафону. «Альянс медыяў, забаў і мастацтваў» (MEAA) падтрымаў акцыю і прыняў рэзалюцыю на знак падтрымкі сябраў БАЖ, якія сутыкнуліся з жорсткім пераследам з боку ўладаў, аж да турэмнага зняволення», — паведамілі ў сацсетках чальцы альянсу.
Яны заклікалі вызваліць беларускіх журналістаў, якія знаходзяцца ў месцах зняволення, і аднавіць свабоду прэсы.
Германія
Наступнай краінай, што прыняла ўдзел, стала адна з найбольш уплывовых дзяржаў Еўрасаюза. У культурным берлінскім цэнтры сабраліся журналісты і дзеячы культуры з Германіі, Беларусі, Эрытрэі і Расіі.
Падчас мерапрыемства, якое было арганізаванае літаратурнай платформай Weiter Schreiben і Інстытутам Гётэ ў выгнанні, прайшла сустрэча журналістак і паэтак Сабіны Брыло (Беларусь) і Йіргалем Фіссеха (Эрытрэя). Аўтарак аб’ядноўвае падобны лёс: дыктатура на радзіме і жыццё ў выгнанні. З нагоды ўзгадалі зняволеных прадстаўнікоў медыя.
Грузія
Пасля прыйшло паведамленне з Батумі, які стаў адным з папулярных месцаў для рэлакацыі беларусаў, у тым ліку журналістаў. Прадстаўнікі незалежных беларускіх медыяў таксама правялі акцыю салідарнасці з калегамі.
На знак падтрымкі палітвязняў медыйшчыкі выйшлі на плошчу Еўропы ў цэнтры горада і ўзнялі партрэты журналістаў, якія цяпер у Беларусі знаходзяцца за кратамі.
Фестываль «Тутака»
Яскравым момантам лета-2023 стаў фестываль абуджаных «Тутака», што адгрымеў на Падляшшы (Польшча). Там жа атрымаў працяг Марафон салідарнасці. Зняволеных журналістаў падтрымалі палітыкі, спевакі ды іншыя вядомыя беларусы.
У руках Святланы Ціханоўскай партрэт Андрэя Аляксандрава, у Паўла Латушкі — Ксеніі Луцкіной, у Кацярыны Ваданосавай і Юрыя Стыльскага — Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай), у Аляксандра Івуліна — Марыны Золатавай, у Маргарыты Ляўчук — Алеся Любянчука.
— Я далучаюся да Марафону салідарнасці з беларускімі журналістамі, бо падзяляю боль бацькоў, дзяцей і родных гэтых мужных людзей, — сказала Святлана Ціханоўская. — Яны — сапраўдныя прафесіяналы, за гэта і церпяць ад рэжыму, за гэта і пакутуюць зараз. Кожны дзень іх жыцця ў турме — гэта нерэалізаваныя планы, недаабдыманыя дзеці, выплаканыя вочы бацькоў і родных. Аб’ядноўваючы нашыя намаганні, мы набліжаем дзень волі для ўсіх палітзняволеных беларусаў. Трымаемся праўды! Трымаемся разам!
Рэжысёр з ЗША Эрні Барбараш
У кампаніі прынялі ўдзел не толькі арганізацыі і краіны, але і знакамітыя асобы. Так, рэжысёр з ЗША Эрні Барбараш вырашыў падтрымаць журналістку з Гомеля Ларысу Шчыракову.
— Калі я пабачыў пасты Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі ў Instagram (з акцыі на фэсце «Тутака» ў Польшчы), — напісаў Эрні Барбараш, — то вырашыў далучыцца да Марафону салідарнасці. Абраў фота Лоры Шчыраковай, з якой рэгулярна камунікаваў з 2021 года, пакуль яе не забралі… Які жах…
Эрні Барбараш — рэжысёр і сцэнарыст, які нарадзіўся ў Адэсе ў 1977 годзе. Разам з бацькамі ён пераехаў у Канаду, цяпер жыве і працуе ў Лос-Анджэлесе (ЗША). Кожны тыдзень ён публікуе ў сацсетках гісторыю аднаго з беларускіх палітвязняў. А летась зрабіў мазаіку з карціны «Узяцце Бастыліі», выкарыстаўшы фотаздымкі тых, хто знаходзіцца за кратамі.
Аўстралійскі журналіст Сціў Кэнан
Да акцыі таксама даяднаўся аўстралійскі журналіст Сціў Кэнан, які цяпер жыве ў Лондане. Ён узначальвае еўрапейскае бюро тэлеканала ABC.
— Анджэй Пачобут — адзін з 33 журналістаў, якія цяпер знаходзяцца за кратамі ў Беларусі — дыктатуры, якую падтрымлівае Пуцін у цэнтры Еўропы, — напісаў у Twitter (X) Сціў Кэнан. – Яму прысудзілі 8 гадоў пазбаўлення волі. Падтрымайце Беларускую асацыяцыю журналістаў.
На акаўнт журналіста, які раней быў карэспандэнтам тэлеканала, рэпарцёрам аддзела расследаванняў і тэлевядоўцам, падпісаныя больш за 28 тысяч чалавек.
Сціў Кэнан даволі добра ведае пра нашу сітуацыю. У красавіку 2023 года ён прыязджаў у Вільню, дзе сустракаўся з беларускімі палітыкамі і журналістамі. Пасля быў апублікаваны рэпартаж, у якім аўтар нагадвае, што Беларусь лічыцца самай небяспечнай краінай у Еўропе для супрацоўнікаў медыя.
Міжнародная федэрацыя журналістаў
Адна з найбуйнейшых і найбольш вядомых медыяарганізацый — Міжнародная федэрацыя журналістаў (МФЖ) — у такі момант не засталася ў баку. У Брусэлі (Бельгія) насупраць будынка Еўрапейскай камісіі яе прадстаўнікі зладзілі адпаведную акцыю.
— Наш будынак размешчаны на вуліцы Rue de la Loi, тварам да Еўрапейскай камісіі. Мы мяркуем, што гэта прыдатнае месца для закліку да вызвалення нашых калег, — адзначылі супрацоўнікі МФЖ.
Генеральны сакратар арганізацыі Энтані Белангер заявіў: «Рэжым Лукашэнкі падаўляе свабоду слова і пазбаўляе свабоды журналістаў і супрацоўнікаў СМІ. Мы патрабуем неадкладнага вызвалення журналістаў, якія зараз знаходзяцца ў зняволенні ў Беларусі, і заклікаем арганізацыі па свабодзе прэсы і журналісцкія асацыяцыі не заплюшчваць вочы на рэпрэсіі супраць СМІ і абуральныя парушэнні правоў чалавека ў краіне».
Еўрапейская федэрацыя журналістаў
З аналагічным пасылам да беларускага рэжыму звярнуліся ўдзельнікі канферэнцыі Еўрапейскай федэрацыі журналістаў. У акцыі прыняла ўдзел старшыня арганізацыі Мая Север.
«Рэпарцёры без межаў»
Сімвалічна, што яшчэ адно паважанае журналісцкае аб’яднанне — «Рэпарцёры без межаў» (RSF) — далучылася ў дзень, калі разглядалася апеляцыя па справе Tut.by. Акцыю падтрымалі ў офісах, якія знаходзяцца ў 12 краінах свету!
Прадстаўнікі штаб-кватэры арганізацыі ў Парыжы, а таксама яе офісаў у Берліне, Брусэлі, Дакары, Жэневе, Лондане, Рыа, Стакгольме, Тунісе, Тайбэе, Вене і Вашынгтоне ўзялі ў рукі партрэты нашых калег, каб падтрымаць іх.
— Амаль праз тры гады пасля таго, як беларускія ўлады пачалі жорсткія рэпрэсіі пасля выбараў 2020 года, не відаць ніякіх прыкметаў таго, што судовы пераслед СМІ спыніцца, — заявіла дырэктар па кампаніях «Рэпарцёраў без межаў» Рэбека Венсан. — Мы, RSF, разам з нашымі партнёрамі з Беларускай асацыяцыі журналістаў гэтай акцыяй падтрымліваем незалежныя медыі краіны і заклікаем да неадкладнага вызвалення журналістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні ў Беларусі.
БАЖ заклікае калег ва ўсім свеце падтрымаць акцыю салідарнасці!
Вы можаце раздрукаваць партрэты зняволеных калег, сфатаграфавацца з імі ў пазнавальных месцах вашага горада (не ў Беларусі) і апублікаваць у сацыяльных сетках з тэгамі #СвабодуЖурналістам і #BecauseTheJournalist, а таксама даслаць нам на адрас office@baj.media ці intercomm@baj.media .
#СвабодуЖурналістам
#BecauseTheJournalist
Чытайце яшчэ:
Верш Андрэя Аляксандрава загучаў па-ангельску. Акцыя да 1000 дзён зняволення медыяменеджэра
Фільм пра зняволеных беларускіх журналістак атрымаў срэбра на Чыкагскім кінафестывалі
Сумленне і гонар за кратамі. У розных краінах прайшла акцыя салідарнасці з Паўлам Мажэйкам