65-гадовы юбілей сустракае за кратамі Аляксандр Манцэвіч, галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты»
Рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча затрымалі сёлета 15 сакавіка пасля ператрусу ў ягоным доме ў Вілейцы і з таго моманту ўтрымліваюць пад вартай. Журналіста вінавацяць у дыскрэдытацыі дзяржавы паводле арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса. Следства па ягонай справе працягваецца. Сёння, 5 жніўня, сваё 65-годдзе спадар Манцэвіч вымушаны сустракаць за кратамі СІЗА.
Паводле абвінавачання, Аляксандр Манцэвіч на пасадзе кіраўніка рэдакцыі «Рэгіянальнай газеты» разам з іншымі асобамі з 1 студзеня 2020 года па 15 сакавіка 2023 года нібыта распаўсюджваў у друкаваным выданні і яго інтэрнет-рэсурсах ілжывыя звесткі, якія дыскрэдытуюць беларускую дзяржаву і яе органы ўлады.
Следства сцвярджае, што «ў артыкулах змяшчалася недакладная інфармацыя, накіраваная на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, падрыў аўтарытэту краіны і яе органаў улады, нанясенне ўрону нацыянальным інтарэсам, дэстабілізацыю абстаноўкі сярод грамадзян Беларусі, фармаванне ілжывых уяўленняў аб невыкананні ў рэспубліцы правоў і свабод грамадзян».
Першыя трое сутак пасля затрымання Манцэвіча ўтрымлівалі ў Маладзечанскім ізалятары часовага ўтрымання, і ў родных заставаліся спадзяванні, што ён выйдзе на волю. Аднак пасля прад’яўлення абвінавачання рэдактара «Рэгіянальнай газеты» перавялі ў Жодзінскую следчую турму № 8.
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Аляксандра Манцэвіча палітычным вязнем, зазначыўшы, што затрыманне і крымінальны пераслед рэдактара незалежнага выдання — гэта працяг мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працяг наступу на свабоду слова.
У ліпені 2021 года рэдакцыя «Рэгіянальнай газеты» вымушана прыпыніла выпуск друкаванага выдання і засяродзілася на інтэрнэт-версіі. У студзені 2023 года Мінінфарм на падставе рашэння суда Маладзечанскага раёна ўнёс сайт і тэлеграм-канал «Рэгіянальнай газеты» ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасля атакі сілавікоў на рэдакцыю і затрымання галоўнага рэдактара, той жа суд прызнаў «экстрэмісцкім» яшчэ і кантэнт выдання ў сацсетцы «ВКонтакте».
Ціск на Манцэвіча за журналісцкую дзейнасць распачаўся ўжо даўно. Яшчэ ўлетку 2021 года праваахоўныя органы прыходзілі з ператрусам у памяшканне рэдакцыі і ў дом галоўнага рэдактара. А яшчэ раней, напрыканцы 2019-га «Рэгіянальную газету» ўцягнуў у гучны скандал Маладзечанскі завод парашковай металургіі. Выданне апублікавала фотаздымак, дасланы чытачамі: у завадской прыбіральні кавалкі мыла прывязаныя да рукамыйнікаў вяроўкай. Дырэктар завода заявіў, што фота рэальнае, але публікацыю назваў правакацыйнай і звярнуўся ў суд з патрабаваннем змусіць рэдакцыю надрукаваць абвяржэнне і прынесці прабачэнні.
«Мы не разумеем, якое абвяржэнне мусім даць, таму што завод прызнае фота, на якім відаць мыла, прывязанае вяроўкай», — адкаментаваў тады прэтэнзію галоўны рэдактар, выказаўшы агульную пазіцыю выдання. Урэшце дырэктар завода перадумаў судзіцца з газетай.
У журналістыку Аляксандр Манцэвіч прыйшоў ужо ў свядомым узросце. Перад тым па сканчэнні Мінскага радыётэхнічнага інстытута паспеў папрацаваць на Вілейскім заводзе «Зеніт». Журналісцкая адукацыя стала для яго другой вышэйшай. У 1995 годзе ён стаў заснавальнікам і галоўным рэдактарам тыднёвіка «Рэгіянальная газета» — незалежнага выдання, якое асвятляе жыццё Маладзечна і памежжа Мінскай і Гродзенскай абласцей.
Калегі адгукаюцца пра Аляксандра Манцэвіча як прынцыповага і дасведчанага рэдактара. Як аўтар уласных артыкулаў ён неаднаразова станавіўся пераможцам журналісцкіх конкурсаў і быў уганараваны прэміямі за высокія стандарты працы.
Чытайце яшчэ:
Іосіф Сярэдзіч: «Я зыходжу». Што будзе з «Народнай Воляй»?
Сайты, YouTube-праекты, аудыяпадкасты. Якія медыйныя праекты з’явіліся ў беларускай інфапрасторы ў 2023‑м
У Светлагорску затрымалі рэдактарку кампаніі «Ранак»