У беларускіх медыйшчыкаў з рэгіянальных выданняў прайшлі ператрусы. Вядома пра затрыманні
Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, раніцай 15 сакавіка ў рэдакцыі слуцкага незалежнага выдання “Інфа-Кур’ер” сілавікі правялі ператрус. Таксама ператрус адбыўся і ў галоўнага рэдактара "Рэгіянальнай газеты" Аляксандра Манцэвіча.
У рэдакцыі незалежнага выдання «Інфа-кур’ер» раніцай 15 сакавіка адбыўся ператрус. Ва ўсіх, хто прысутнічаў пры вобшуку, узялі падпіскі аб неразгалошванні.
Па інфармацыі БАЖ трое супрацоўнікаў рэдакцыі затрыманыя. Таксама няма сувязі з галоўным рэдактарам выдання Сяргеем Станкевічам.
«Інфа-Кур’ер» — недзяржаўнае грамадска-палітычнае выданне ў Слуцку, мае ўзважаную рэдакцыйную палітыку, выходзіць на паперы і ў інтэрнэце.
Таксама сёння раніцай адбыўся ператрус у Вілейцы ў доме галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча.
Аляксандр Манцэвіч быў затрыманы. У чым яго вінавацяць — пакуль невядома.
«Рэгіянальная газета» — вядучае недзяржаўнае грамадска-палітычнае выданне Маладзечна і рэгіёна. У 2022 годзе ўлады прызналі матэрыялы сайта выдання «эстрэмісцкімі матэрыяламі», з таго часу выданне выходзіць у сацыяльных сетках.
Па стане на 20:30 мы не маем новай інфармацыі пра калег. Як мінімум пяцёра з іх застаюцца затрыманымі.
Чытайце яшчэ:
Ад эліты да ізгояў: з БТ звольнілі чарговага лаўрэата конкурсу “Тэлевяршыня”
Умоўныя мукавозчыкі супраць умоўных марзалюкоў. Пра што сведчыць спрэчка сярод прапагандыстаў?
«Цяжка ўявіць, што я больш ніколі не буду пісаць». Пагаварылі з калегамі, якія сышлі з журналістыкі