Мікола Бянько — новы кіраўнік гомельскай філіі БАЖ
Былога старшыню філіі і сузаснавальніка арганізацыі Анатоля Гатоўчыца гомельскія калегі вылучаюць у ганаровыя сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў. 20 лютага ў Гомелі адбыўся справаздачна-выбарчы сход філіі.
Гомельскія журналісты падсумавалі здабыткі структуры за мінулыя тры гады. Адзначалася, што філія мэтанакіравана і паслядоўна выконвала статутныя задачы дзеля творчага самавыяўлення і росту прафесійнага майстэрства сваіх сяброў.
На рахунку філіі шматлікія трэнінгі, майстар-класы, семінары, дзе вядоўцамі выступалі вядомыя журналісты з “Нашай Нівы”, “Радыё Свабода”, TUT.BY. Запомніліся таксама прэс-туры і вандроўкі: на Чарнобыльскую АЭС і ў Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Гомельскія сябры БАЖ “адмыкалі зямельку” ў Жыткавіцкім раёне на «Юраўскім карагодзе” – народным абрадзе, які першым у Беларусі атрымаў статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Даволі цікавай сталася арганізаваная філіяй вандроўка на малую радзіму Святланы Алексіевіч у мястэчка Капаткевічы Петрыкаўскага раёна, дзе Нобелеўская лаўрэатка сустрэлася з аднакласнікамі. Па выніках вандроўкі яе ўдзельнікі падрыхтавалі звыш дзясятка публікацый у розных СМІ.
У творчых паездках, якія ладзіць філія, бяруць удзел і бажаўцы з іншых рэгіёнаў. Філіяй заснаваны конкурс на ўганараванне дыпломам “За адданасць прафесіі” – ён даўно набыў статус міжрэгіянальнага.
Гомельская філія працяглы час займае прызавыя месцы, а па выніках дзейнасці за 2017 год прызнаная лепшай сярод 18 рэгіянальных структур ГА “БАЖ”.
На сходзе ўздымаліся пытанні абароны журналістаў у звязку з ростам пераследу журналістаў-фрылансераў за прафесійную дзейнасць. Прагучала прапанова зладзіць адмысловы аўтапрабег па сталіцах краін Еўрасаюза, дзе прымаюцца рашэнні наконт правоў чалавека і свабоды СМІ. Працоўная назва падказаная класічнай літаратурай: “Аўтапрабегам – па артыкуле 22.9 КаАП!”
Адбылася таксама дыскусія па этычных пытаннях, звязаных з допісамі сябраў БАЖ у сацыяльных сетках. Сход рэкамендаваў калегам прытрымлівацца ў гэтай справе Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі беларускіх журналістаў, пазбягаць зневажальных, прыніжаючых годнасць чалавека, грамадства і дзяржавы публічных характарыстык.
БАЖаўскую філію ў Гомелі цягам дваццаці аднаго года ўзначальваў журналіст Анатоль Гатоўчыц, адзін з заснавальнікаў Беларускай асацыяцыі журналістаў. На сходзе ён заявіў, што не збіраецца надалей ачольваць філію.
Рэкамендаваў абраць кіраўніком філіі Мікалая Бянько, намеснікам – Ларысу Шчыракову, скарбнікам – Людмілу Копаць, рэвізорам – Марыю Булавінскую.
Удзельнікі сходу праз персанальнае галасаванне зацвердзілі згаданых сяброў БАЖ у якасці кіраўніцтва Гомельскай філіі.
На сходзе вырашана звярнуцца ў Раду арганізацыі пра наданне Анатолю Гатоўчыцу статуса ганаровага сябра ГА “Беларускай асацыяцыі журналістаў”.
Абраны таксама дэлегаты на Х з’езд ГА “БАЖ”, які адбудзецца 20 красавіка 2018 года. На сходзе прысутнічала і выступала намесніца старшыні журналісцкай арганізацыі Аліна Суравец, адказная за развіццё рэгіянальных структур арганізацыі.