У Петрыкаўскім раёне Святлане Алексіевіч забаранілі адкрытую сустрэчу з землякамі, дазволілі толькі закрытую сустрэчу з аднакласнікамі
Падчас сустрэчы лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч з жыхарамі Гомеля, старшыня абласной філіі СБП Анатоль Бароўскі задаў пісьменніцы пытанне пра тое, што для яе значыць мястэчка Капаткевічы. Святлана Алексіевіч распавяла, што жыла ў вёсцы Івашкавічы, а ў Капаткевічы хадзіла ў школу. Штодня ў адзін бок і ў другі па 5 кіламетраў.
«Бартосік з’ездзіў у вёску, дзе я жыла, і напісаў матэрыял. Я ў жаху была, як настаўнікі казалі, што гэта Абама загадаў Нобелеўскаму камітэту даць прэмію, і ўвогуле, савецкі часі такі добры быў. Асабліва мяне зачапіла выказванне адной настаўніцы, якая казала: «Яна не дужа разумнаю была, гэтая Святлана, яна разумела, што такое адзін чалавек — герой, а вось, што такое народ-герой, яна не разумела». Праблема нашай сельскай інтэлігенцыі дагэтуль стаіць. І ўвогуле праблема эліты — адна з самых галоўных праблемаў нашай нацыі».
І вось Святлана Алексіевіч у сваёй школе. Гэты прыезд таксама даўся нялёгка.
Гомельская абласная філія БАЖ, якая ладзіла прыезд Алексіевіч у мясціны свайго юнацтва, меркавала, што гэта будзе сустрэча з землякамі — жыхарамі Капаткевічаў і наваколля, што на сустрэчу змогуць прыйсці ўсе ахвотныя жыхары мястэчка. Але, на жаль, як паведаміў «Нашай Ніве» старшыня абласной філіі БАЖ Анатоль Гатоўчыц, Петрыкаўскі райвыканкам расцаніў такую сустрэчу як масавае мерапрыемства і запатрабаваў адпаведных узгадненняў.
Наўрад ці для каго будзе сакрэтам, што ўзгадніць мерапрыемства, якое ўлады лічаць масавым, у нашай краіне амаль немагчыма.
Тым не менш, менавіта аднакласнікі Святланы Алексіевіч асабліва прагнулі на свае вочы пабачыць сваю знакамітую зямлячку і паразмаўляць з ёй. І таму гэта стала сустрэчай аднакласнікаў. Ля ўваходу ў трохпавярховую камяніцу школы нобелеўскую лаўрэатку чакалі людзі, якія ведалі яе школьніцай.
Кранальныя імгненні сустрэчы, узаемнага пазнавання — апошні раз бачыліся больш як паўстагоддзя таму. І працяглая размова з вялікай колькасцю важных для людзей пытанняў у распаленым 30-градуснай спёкай школьным класе, аздобленым экспазіцыяй, што прысвечаная знакамітай выпускніцы Капаткевіцкай школы.
«Я даўно хацела прыехаць сюды, але ўвесь час адкладалася. Тое, што завецца славай — гэта вельмі цяжка. Канечне, я шмат чаго тут не пазнаю. Пазнаю абрысы лясоў, назвы, а ўсё іншае за паўстагоддзя змянілася».
Нягледзячы на відавочную цікавасць да госця, адчуваецца напружанасць у настроі дырэктаркі школы, і асабліва яе намесніцы Наталлі Каліцькі, якая спрабуе неяк заарганізаваць сустрэчу і раздражняецца вялікай колькасцю журналістаў, што не хочуць рассаджвацца за парты.
«У 90‑я гады, калі мы бегалі па плошчах і крычалі «Свабода!», мы зусім не думалі, што жыццё будзе такім, якое яно цяпер. Мы не хацелі капіталізму, мы хацелі нейкага, як яго называлі, сацыялізму з чалавечым тварам. Але, на жаль, імперыі не сыходзяць так лёгка, імперыі не сыходзяць без крыві і не можа чалавек, які быў 70 гадоў у лагеры, выйсці за браму лагера і быць свабодным. Я 12 гадоў пражыла за мяжой і магу сказаць, што тое, як мы жывём, — гэта не свабоднае жыццё», — кажа Алексіевіч.
Некалькі гадоў таму аднакласнікі Святланы Алексіевіч адзначалі 50-годдзе заканчэння школы. Тады знялі відэа, якое паказалі пісьменніцы. Было бачна, што нобелеўская лаўрэатка моцна расчуленая, але стрымлівала эмоцыі. Адмыслова для гэтага прыезду некалькі былых аднакласнікаў, якія жывуць далёка ад Капаткевічаў, даслалі сваім землякам лісты, адрасаваныя Алексіевіч, і папрасілі зачытаць іх на сустрэчы. На жаль, высветлілася, што 23 чалавек, якія хадзілі ў адзін клас з пісьменніцай, ужо няма на гэтым свеце.
Былі на сустрэчы і два сучасныя вучні школы. Хлопец і дзяўчына задалі па адным пытанні.
Як аказалася, у Капаткевіцкай школе ведаюць сучаснага пісьменніка Андруся Горвата. Чым ён крануў нобелеўскую лаўрэатку, пацікавілася дзяўчына. «Па-першае, спадабаўся ягоны ўчынак — адбілася тое, што я называю генетычным накапленнем, — сказала пісьменніца. — Яго дзед калісьці даваў грошы на беларускі тэатр, а ён быў дворнікам — гэта такая форма пазнання. А потым чалавек усё кідае ў сталіцы і едзе ў вёску, у бацькоўскую хату. У яго свой светапогляд. Яго кніга — раман з дзённікавых запісаў і гэта блізкае мне разуменне пошуку, і таму я дагэтуль з цікавасцю сачу за тым, што ён робіць».
Разважаючы пра стан беларускай мовы, Святлана Алексіевіч адзначыла: «Калі прэзідэнт гаворыць па-расійску, тэлебачанне, адукацыя па-расійску, казаць пра нейкае адраджэнне беларускай мовы складана. Але зараз, бачыце — курсы беларускай мовы перапоўненыя, вышыванкі носяць. Я думаю, што пасля Крыма ўсе зразумелі, наколькі гэта небяспечна. Новае пакаленне хоча адчуваць сябе беларусамі».
Адзін з жыхароў Капаткевічаў, які часта бывае ў Львове, нечакана параўнаў сітуацыю ў Беларусі і ва Украіне: «Украінцы цяпер, калі нешта здараецца з суседам, разумеюць, што я наступны. А беларусы лічаць «мая хата з краю».
Святлана Алексіевіч пагадзілася, але ўдакладніла, што нельга сёняшні момант блытаць з краінай увогуле:
«Краіна Беларусь — гэта вечнае, а сённяшнія людзі, і тыя, што ўверсе, і тыя, што ўнізе — яны часовыя.
Яны здольныя змяніцца, іх могуць змяніць, іх могуць выгнаць, яны не бессмяротныя. Калі б была іншая праграма, то наш беларускі народ мог бы зрабіць зусім іншую краіну. Праграму павінны зрабіць эліты. А праблема эліт стаіць у Беларусі вельмі востра».
Успаміны і ўражанні землякоў Святланы Алексіевіч пра пісьменніцу
Уладзімір Бакун: Мы са Святланай жылі ў адной вёсцы, хадзілі ў адзін клас. Яна не любіла вучыцца: матэматыкі не любіла. А мову і літаратуру ведала добра, тут ёй роўных не было.
Надзея Якімава: Я вучылася ў школе-інтэрнаце, які таксама быў у Капаткевічах, была на 7 гадоў маладзейшая за клас, дзе вучылася Святлана, а яна з аднакласнікамі, ідучы са школы забірала мяне з інтэрнату і даводзіла да Івашкавічаў. Яе быцькі былі вельмі патрабавальныя. Маці выкладала нямецкую мову. А гэта — пасляваеннае пакаленне, нямецкую мову не любілі. І гэтыя пераросткі плакалі ад патрабаванняў маці Святланы. Таму, мяркую, і ў яе такі характар склаўся.
Віктар Гадун: Ёсць у нас тут людзі, якія кажуць, чаго ж яна не засталася тут, на Радзіме змагацца за лепшае жыццё, а паехала за мяжу? Многія падвержаныя прапагандзе. Але я лічу, што яна не хоча горшага, і тое, што яна адстойвае свае погляды на тое, як будзе лепей, я паважаю.