• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Яўген Меркіс — пераможца конкурсу “За адданасць прафесіі”

    Гомельская філія ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 7 верасня на сходзе падвяла вынікі штогадовага  конкурсу “За адданасць прафесіі”.

    Асноўнымі прэтэндэнтамі на ўганараванне дыпломам сталі Вольга Чайчыц і Наста Бойка з Мінску і гомельскі журналіст-фрылансер Яўген Меркіс.  Яны даслалі на конкурс свае  журналісцкія працы, якія найбольш адпавядалі яго мэтам: годна выконваць свае прафесійныя абавязкі, нягледзячы на перашкоды.

    Вольга Чайчыц, у прыватнасці, прадставіла сёлетнія веснавыя онлайн-трансляцыі  з Барысава і Баранавічаў — у  іх відавочныя перашкоды міліцыі прафесійнай дзейнасці журналісткі. На сходзе наладзілі прагляд намінаваных матэрыялаў.

    “Бачыце, як годна і прафесійна паводзіць сябе  журналістка  ў атачэнні здаравенных міліцыянтаў, няма “правалаў” у трасляцыі. Яна паспявае і міліцыянтам адказваць, і гледачоў інфармаваць пра тое, што адбываецца на плошчы. Проста малайчына”, — пераконвала  калегаў, выступаючы на сходзе, Марыя Шыманоўская.

    Наста Бойка выбрала для конкурсу тры рэпартажы, надрукаваныя на Тut.by:  “Як я назірала за  выбарамі і дзівосамі яўкі на ўчастку, дзе перамагла апазіцыянерка”, “Падлетка будуць судзіць за тое, што ён стукнуў амапаўца…”, “Ну, вы трымайцеся там!” Як актывісты тыдзень ахоўваюць урочышча Курапаты”. Адзначаючы добры ўзровень рэпартажаў, удзельнікі сходу звярнулі ўвагу на істотную акалічнасць: рыхтаваліся яны ў адносна спакойных умовах.

    Трэці прэтэндэнт, Яўген Меркіс, сёлета ўвесну вёў стрымы для тэлеканалу “Белсат” з “маршаў недармаедаў” у Гомелі, Магілёве, Віцебску, Пінску, Рагачове. Займеў з гэтай прычыны чатыры судовыя справы, сума адміністрацыйных штрафаў склала 2 645 рублёў. Схоплены амапаўцамі, Яўген амаль трое сутак правёў у ізалятары. У Магілёве падчас жорсткіх затрыманьняў Меркіс з мікрафонам у руках пускаўся наўцёкі разам з удзельнікамі вулічнай акцыі. Працуючы ў стрэсавых умовах, здолеў выкрыць у Пінску  прыезджых “ціхушнікаў”.

    Па выніках галасаванньня  Яўген Меркіс і атрымаў перавагу — ён прызнаны пераможцам конкурсу з уручэннем адмысловага дыплома “За адданасць прафесіі”.

    Старшыня філіі БАЖ  Анатоль Гатоўчыц выказаў падзяку ўсім удзельнікам конкурсу за практычнае ўвасабленне высокіх стандартаў сучаснай незалежнай журналістыкі.

    У мінулым годзе дыпломам “За адданасць прафесіі” быў узнагароджаны Андрэй Павук, сябра ГА “БАЖ”, стваральнік суполкі ў сацыяльнай сетцы “Рудабельская паказуха”. Конкурс «За адданасць прафесіі» быў распачаты ў красавіку 2009 года на знак памяці журналіста і выдаўца Уладзіміра Вербавікова. Пераможцамі ў розныя гады былі незалежныя журналісты Таццяна Бублікава і Алег Ражкоў, Ларыса Шчыракова, Анатоль Санаценка, Мікалай Бянько і Юлія Сівец, Аляксандр Баразенка, Кастусь Жукоўскі і Наталля Крывашэй.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці