На Юр’е гомельскія журналісты “адмыкалі зямліцу” ў вёсцы Пагост
Гомельская філія ГА “БАЖ” 6 траўня зладзіла прэс-тур на старажытную Тураўшчыну. У тамтэйшай вёсцы Пагост захаваўся знакаміты беларускі абрад на веснавое свята Юр’е — “Юраўскі карагод”.
«Юраўскі карагод» называюць яшчэ і “Тураўскім карагодам”, бо вёска сваёй гісторыяй, мінулай і сучаснай культурай цесна звязана са старажытным Туравам. «Юраўскі карагод” першы ў Беларусі атрымаў у 2005 годзе статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Цяпер робяцца захады прадставіць “Юраўскі карагод” у ЮНЭСКА на залічэнне яго ў шэраг помнікаў нематэрыяльных каштоўнасцяў міжнароднага значэння.
У прэс-туры ўзялі ўдзел журналісты “Новага часу”, інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, “Белсату”, сайтаў “Гомельская вясна”, “Гомель грамадзянскі”.
Знаёмства з “карагодам” у Пагосце сумяшчалася з атрыманнем практычных навыкаў фота- і відэаздымкаў масавых мерапрыемстваў.
Веснавым абрадам “Юраўскі карагод” ужо не адно дзесяцігоддзе апекуюцца ініцыятыўныя вяскоўцы з народнага фальклорна-этнаграфічнага гурта “Міжрэчча”. Найперш гэта Кацярына Панчэня, колішняя загадчыца мясцовага клуба і яго мастацкі кіраўнік, а цяпер 75-гадовая пенсіянерка з няпростым лёсам, але няўрымслівым і надзвычай песенным сэрцам.
Кацярына Папчэня апавядае, што абрад пачынаецца з выпякання хлеба-каравая, які тут называюць “карагодам”. На Юр’e каравай аздабляюць рознакалявымі стужкамі, уторкваюць тры галінкі расквітнелай яблыні ці грушы, якія маюць па тры плодныя парасткі — усяго дзевяць, акурат столькі месяцаў цягнецца цяжарнасць у жанчыны, зрэшты, як і сцельнасць у каровы — вясковай карміцелькі. Зялёны хвартух на граблях сімвалізуе цнатлівасьць дзяўчыны, граблі — працу. У поле вяскоўцы ідуць пад зялёным хвартухом, з поля — пад чырвоным, заручыўшыся такім чынам жыватворнай сілай сонца.
“А дзявятай ні на пачатку дзесятай гадзіны, — працягвае Кацярына Аляксееўна. — Усе разам выпраўляемся праз вёску ў поле. Наперадзе дзяўчаткі нясуць ручнік з узнятай сярэдзінай — “царскаю брамай”. За вёскай праз гэтую “царскую браму”, як бы ў храм прыроды, грамада выходзіць на зялёнае жыта, становіцца ў карагод. Акрайчык хлебца кладзем у зямлю з просьбаю да Бога даць добры ўраджай. Тут жа загадваем, каб Юр’я ўстаў рана, умыўся бела, надзеў сукні, боты, сядлаў каня і ехаў у поле “адмыкаць зямліцу, выпускаць расіцу”. Гэта каб радзіла жыта, пшаніца ды ўсякая пашніца. Абрад наш звязаны з будучым ураджаем, хлебам, жывёлай. У гэты ж дзень выганяем вярбінкаю на пашу кароў з рознымі замовамі і абярэгамі. І, канечне, у песнях славім Юр’я”.
Аддаўшы пашану зямельцы, абраднікі з поля зноў-такі праз “царскія вароты” вяртаюцца назад у вёску. Ідуць з песнямі пад гармонік Мікалая Леўкаўца, карагодзяць каля сядзібаў вяскоўцаў. Музычна-тэатральныя зычанні мець у новым земляробчым сезоне добры ўраджай у полі і агародзе, прыплод у хац і хляве ўлагоджваюць душы вяскоўцаў. На знак падзякі гаспадары і гаспадыні выносяць абраднікам свае пачастункі — яйкі, пірагі ды розныя іншыя хатнія прысмакі.
Удзельнікі прэс-туру здымалі ўсе абрадавыя дзеянні, гутарылі з вяскоўцамі і культасветработнікамі, запісалі меркаванне грамадскага эксперта ў пытаннях захавання беларускіх нематэрыяльных каштоўнасцяў Рэгіны Гамзовіч, якая прысутнічала на свяце. Каб абрад у Пагосце праз ЮНЭСКА набыў міжнароднае гучанне, патрэбны высілкі вясковай супольнасці, Міністэрства культуры і беларускага Саўміну, скіраваныя на ажыццяўленне комплексу абавязкаў па падтрымцы і захаванні гэтай унікальнай абрадавай традыцыі”.
Фота Анатоля Гатоўчыца