Абавязкова да прагляду: топ фільмаў ад палітвязня Дзяніса Івашына
У лісце на волю палітзняволены гродзенскі журналіст Дзяніс Івашын падзяліўся спісам фільмаў, якія варта паглядзець. Пра гэта распавяла жонка журналіста Вольга Івашына на сваёй старонцы ў Facebook.
Топ фільмаў ад Дзяніса Івашына выглядае так:
1. «Красуня ва ўцёках» рэжысёра Ітана Коэна (у пракаце з’явіцца ў лютым 2024);
2. Кароткаметражны фільм «Цудоўная гісторыя Генры Шугара» рэжысёра Уэса Андэрсэна (у галоўнай ролі — Бенедыкт Камбэрбэтч);
3. Камедыя «Не чакайце шмат ад канца свету» румынскага рэжысёра Раду Жудзэ (фільм атрымаў спецпрыз Лакарнскага кінафестывалю);
4. «Степавое» ўкраінскай рэжысёркі Марыны Урода (узнагарода Лакарнскага кінафестывалю за рэжысуру).
Дзяніс Івашын — карэспандэнт газеты «Новы Час», беларускі рэдактар валанцёрскай супольнасці InformNapalm. 12 сакавіка 2021 года яго затрымалі супрацоўнікі КДБ: спачатку выставілі абвінавачанне паводле арт. 365 Крымінальнага кодэкса (умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў), а пазней дадалі яшчэ і «здраду дзяржаве». Верагодна, «апошняй кропляй» стала аўтарскае расследаванне пра былых украінскіх сілавікоў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста схапілі літаральна на наступны дзень, як ён даў інтэрв’ю пра гэтае расследаванне незалежнаму тэлеканалу «Настоящее время».
Суд над Дзянісам Івашыным доўжыўся амаль месяц у Гродзенскім абласным судзе і праходзіў у закрытым рэжыме. 14 верасня 2022 года суддзя Валерый Раманоўскі асудзіў журналіста да 13 гадоў і 1 месяца зняволення з адбыццём у калоніі ўзмоцненага рэжыму і да штрафу ў памеры 4800 рублёў. Апроч гэтага, Івашын мусіў выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды дзевяці пацярпелым сілавікам — агулам 22 800 беларускіх рублёў.
20 снежня 2022 года Вярхоўны суд Беларусі разглядзеў апеляцыйную скаргу на прысуд журналісту і пакінуў рашэнне першай інстанцыі ў сіле.
Сёлета напрыканцы студзеня Дзяніса Івашына этапавалі са следчага ізалятара турмы № 1 Гродна ў папраўчую калонію № 15 Магілёва. Аднак пазней журналіста таемна судзілі ў калоніі і перавялі на строгі турэмны рэжым у Жодзінскую турму № 8, дзе ён зараз і адбывае пакаранне.
Чытайце яшчэ:
Святлана Ціханоўская: «Я працягну прасіць аб большай дапамозе беларускім незалежным СМІ»
Мара Тамковіч: «Бацька быў для мяне ўзорам амбіцыі. Такой стыхійнай, жывой энергіяй»
Паўла Мажэйку этапавалі ў калонію. Якую — пакуль невядома