Без сюрпрызаў: прысуд журналісту Дзянісу Івашыну пакінулі ў сіле
Вярхоўны суд 20 снежня разглядзеў апеляцыйную скаргу на прысуд палітзняволенаму гродзенскаму журналісту Дзянісу Івашыну.
Нагадаем, 14 верасня яго асудзілі на 13 год і 1 месяц зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 150 базавых велічынь (4800 рублёў) нібыта за “здраду дзяржаве”. Апроч гэтага, журналіст мусіць выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды дзевяці пацярпелым, па 2000 рублёў кожнаму (агулам 22 800 беларускіх рублёў). Што гэта за пацярпелыя – дакладна невядома, але верагодна, што гэта сілавікі. Разам са штрафам сума, якую хочуць спагнаць з палітвязня, перавышае 9000 долараў.
Суд над Дзянісам Івашыным цягнуўся амаль месяц у Гродзенскім абласным судзе і адбываўся ў закрытым рэжыме. Вырак выносіў суддзя Валерый Раманоўскі. Вядома, што ў першы дзень перад пачаткам суда Дзяніс выкрыкнуў у калідоры «Жыве Беларусь! Слава Украіне!».
Журналіст-расследавальнік Дзяніс Івашын нарадзіўся 6 чэрвеня 1979 года ў Гродне. Па адукацыі эканаміст і палітолаг. Жанаты. Працаваў журналістам у незалежнай нацыянальнай газеце «Новы час» і рэдактарам-валанцёрам беларускай версіі сайта міжнароднай супольнасці ІnformNapalm, якая даследуе ўплыў расейскай агрэсіі на іншыя краіны. Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ва ўрочышчы Курапаты, за што ён і газета «Новы час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сірыю.
Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 года, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Спачатку яму выставілі абвінавачанне паводле 365 крымінальнага артыкула («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў»). Восенню 2021 года Дзянісу высунулі яшчэ адно абвінавачанне — «здрада дзяржаве». Сваякі і калегі мяркуюць, што затрыманне Івашына звязанае з ягоным апошнім расследаваннем пра былых украінскіх сілавікоў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста затрымалі на наступны дзень пасля таго, як ён даў інтэрв’ю пра гэта тэлеканалу «Настоящее время».
Івашын мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, звязаныя з Украінай. МЗС Украіны адрэагавала на ягонае затрыманне і заявіла, што журналісцкая дзейнасць не можа быць прычынай пераследу.
У траўні 2021 года ў Івашына памерла бабуля, аднак яго не пусцілі развітацца з ёй. Поводле сваякоў, ліставанне з Дзянісам нерэгулярнае, многія лісты не даходзяць у абодва бакі. У чэрвені стала вядома, што ў Дзяніса ў карцэры здарыўся сардэчны прыступ. Яму выклікалі кардыёлага, рабілі кардыяграму, прызначылі лекі. Нягледзячы на гэта, журналіста да гэтай пары працягваюць караць карцэрам, за што – дакладна невядома.
Еўрапейская фэдэрацыя журналістаў запатрабавала вызваліць Івашына і іншых журналістаў, зняволеных у Беларусі.
Чытайце яшчэ:
Спынены крымінальны пераслед журналіста Алеся Дашчынскага
Как поздравить политзаключенных с праздниками
22 снежня пачнецца суд над журналістам і рэстаратарам Іванам Мураўёвым