Спынены крымінальны пераслед журналіста Алеся Дашчынскага
Як стала вядома службе маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў, 15 снежня ў дачыненні журналіста Алеся Дашчынскага спынены крымінальны пераслед. У Мінскім гарадскім упраўленні Следчага камітэта яму вярнулі рэчы, адабраныя падчас ператрусу і затрымання летам 2021 года.
Згодна з тэкстам пастановы аб затрыманні, Алеся Дашчынскага падазравалі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі – “арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх”.
Нагадаем, што 16 ліпеня 2021 года сілавікі штурмавалі мінскі офіс Радыё “Свабода”: выламалі дзверы, вырвалі камеры відэаназірання, канфіскавалі тэхніку, а што не змаглі вынесці, проста пашкодзілі.
Паралельна праваахоўнікі прыйшлі да некаторых карэспандэнтаў-фрылансераў, якія супрацоўнічалі з медыя, – Алеся Дашчынскага, Алега Груздзіловіча, Інэсы Студзінскай. Усіх іх пасля ператрусаў затрымалі і адвезлі ў мінскі ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна.
Да таго названыя журналісты былі пазбаўленыя акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі ў жніўні 2020 года разам з іншымі карэспандэнтамі большасці замежных СМІ. Праваабарончая супольнасць прызнала затрыманых супрацоўнікаў Радыё “Свабода” палітычнымі вязнямі.
Алесь Дашчынскі знаходзіўся за кратамі да 23 ліпеня 2021-га, ягоныя калегі прабылі там на тры дні больш. У выніку да рэальнага тэрміну асудзілі толькі Алега Груздзіловіча – сёлета ў сакавіку суд Савецкага раёна Мінска пакараў яго 1,5 гадамі калоніі нібыта за “арганізацыю масавых беспарадкаў і ўдзел у іх”. За кратамі ён прабыў амаль 9 месяцаў, пасля чаго нечакана апынуўся на волі і быў практычна выдвараны ў Літву.
Пасля вызвалення з турмы на Акрэсціна Алесь Дашчынскі знаходзіўся ў статусе падазраванага і пад падпіскай аб нявыездзе з Беларусі. Цяпер гэтыя абмежаванні знятыя.
Алесь Дашчынскі родам з Пастаўшчыны. Дарэчы, у бацькоўскім доме яго і затрымалі, і ўжо адтуль перавезлі ў мінскую кватэру, дзе адбыўся вобшук.
Раней журналіст працаваў у нямецкай службе Беларускага дзяржаўнага радыё, валодае нямецкай мовай. З’яўляецца экспертам па Германіі, палітычных кантактах і сувязях з Беларуссю.
Пасля гэтага супрацоўнічаў з “Радыё Рацыя”, а з 2004 года меў афіцыйную акрэдытацыю МЗС як карэспандэнт Радыё “Свабода”.
Калегі напаўжартам называюць Алеся Дашчынскага “пастаўшчыком эксклюзіваў”. Настойлівасць і ўпартасць у здабычы закуліснай інфармацыі паставілі яго ў шэраг самых вядомых і аўтарытэтных журналістаў краіны.
Пасля пачатку крымінальнай справы Алесь Дашчынскі журналістыкай не займаўся.
Чытайце яшчэ:
Вызваленая журналістка Студзінская расказала пра галадоўку, сукамерніц і катаванне музыкай на Акрэсціна
Ліпень-2021: зноў масавая атака сілавікоў на журналістаў па ўсёй краіне
У Слоніме «за рэпост» затрымалі вядомага журналіста і пісьменніка Сяргея Чыгрына