• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіста Дзяніса Івашына таемна судзілі ў калоніі

    Гэта вынікае з адказу начальніка магілёўскай папраўчай калоніі № 15, які прышоў маці Дзяніса Людміле Івашынай. Пра суд, які пастанавіў перавесці журналіста з калоніі на строгі турэмны рэжым, не ведалі ні родныя, ні ягоны адвакат.

    Раней Людміла Івашына ў час поўнага няведання таго, дзе знаходзіцца яе сын і што з ім адбываецца, накіравала запыт начальніку папраўчай калоніі №15 Аляксею Лазарэнку. Ён адказаў толькі тое, што журналіст пераведзены ў жодзінскую турму № 8.

    Спадарыня Людміла вырашыла ўдакладніць падставу для пераводу на строгі турэмны рэжым і атрымала наступны адказ.

    У лісце ад 18 ліпеня за подпісам Лазарэнкі паведамляецца, што над Дзянісам Івашыным адбыўся суд і што рашэнне выносіў суд Кастрычніцкага раёна Магілёва. Дата суда не ўказаная.

    «Нейкі бутафорскі «судовы» цырк усё ж быў. У цывілізаванай краіне вас бы, пэўна, здзівіла, што пра гэта ні сном, ні духам не ведаў адвакат, які мусіў бы яго абараняць падчас гэтага працэсу. Але ў фэйл-стэйце імя «не да законаў» магчыма ўсё, што яны штодня і даказваюць», — напісала на сваёй старонцы ў Face­book жонка Дзяніса Вольга Івашына.

    Дзяніс Івашын — карэспандэнт газеты «Новы Час», беларускі рэдактар валанцёрскай супольнасці Inform­Na­palm. Яго затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 года: спачатку выставілі абвінавачанне паводле арт. 365 Крымінальнага кодэкса (умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў), а пазней дадалі яшчэ і «здраду дзяржаве». Верагодна, «апошняй кропляй» стала аўтарскае расследаванне пра былых украінскіх сілавікоў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста схапілі літаральна на наступны дзень, як ён даў інтэрв’ю пра гэта незалежнаму тэлеканалу «Настоящее время».

    Суд над Дзянісам Івашыным доўжыўся амаль месяц у Гродзенскім абласным судзе і адбываўся ў закрытым рэжыме. 14 верасня 2022 года суддзя Валерый Раманоўскі асудзіў журналіста да 13 гадоў і 1 месяца зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 4800 рублёў. Апроч гэтага, Івашын мусіць выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды дзевяці пацярпелым сілавікам — агулам 22 800 беларускіх рублёў.

    Пры канцы мінулага года 20 снежня Вярхоўны суд Беларусі разглядзеў апеляцыйную скаргу на прысуд палітзняволенаму гродзенскаму журналісту і пакінуў вырак першай інстанцыі без задавальнення. Сёлета напрыканцы студзеня Дзяніса Івашына этапавалі са следчага ізалятара турмы № 1 Гродна ў папраўчую калонію № 15 Магілёва, дзе для яго быў прадугледжаны «ўзмоцнены рэжым» адбыцця пакарання.

    Чытайце яшчэ:

    Шэсць гадоў узмоцненага рэжыму: у Гродне вынеслі прысуд журналісту Паўлу Мажэйку

    Подпісу Лукашэнкі не паказалі. Заключныя фрагмэнты кнігі Алега Грузьдзіловіча

    Сумленне і гонар за кратамі. У розных краінах прайшла акцыя салідарнасці з Паўлам Мажэйкам

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці