«Ідзе паступовае паглынанне калектыўнага беларуса расійскім кантэкстам». Крытыкі падвялі культурніцкія вынікі года
Чым беларусам запомніўся культурны год у сферы выяўленчага мастацтва, літаратуры, музыцы, тэатра і кіно? Дзеячы культуры абмеркавалі ў Вільні самыя яркія сёлетнія падзеі падчас экспертнага круглага стала «Культурніцкія вынікі 2023 года», які арганізвала Беларуская Рада культуры пры інфармацыйнай падтрымцы Беларускай асацыяцыі журналістаў.
33 праекты, 22 заўкі і больш за 400 чалавек
Падчас дыскусіі адмыслоўцы звярнулі ўвагу на недахоп асвятлення культурніцкіх падзей медыямі, вызначылі асноўныя накірункі для развіцця, як захаваць і зрабіць больш дасяжнай беларускую культуру. Таксама абмеркавалі пошукі спосабу існавання ў замежжы, падкрэслілі важнасць міжнароднай салідарнасці, і звярнулі ўвагу на аптымістычныя прагнозы ў сферы літаратуры і песімістычныя ў сферы тэатру.
Дыскусію распачаў Сяргей Будкін, кіраўнік Беларускай Рады культуры, які падвёў вынікі дзейнасці арганізацыі. І зазначыў, што праца была накіравана на адбудову сістэмы незалежнай беларускай культуры, даследаванні кантэксту, прыцягненне рэсурсаў у адукацыю ў сферы артменеджманта, фандрайзінга, падтрымку адукацыі школьнікаў, рэпрэсаваных дзеячаў культуры.
— Гэта такая ціхая паслядоўная праца, якая можа быць не дужа цікава журналістам, але яна накіравана на тое, каб нашая культура развівалася нават у такіх неспрыяльных умовах, — зазначае адмысловец.
Сяргей Будкін звярнуў увагу, што ў межах праекта ArtPower Belarus за 2023 год было падтрымана 33 праекты (15 мідзі і 18 міні), 23 заяўкі на мабільнасць (150 чалавек). Зараз ідзе працэс ацэнкі заявак 4 тура, на які атрымалі агулам 207 заявак. Пракансультавалі больш за 400 чалавек, больш за 200 з іх атрымалі рознага кшталту дапамогу, паспрыялі стварэнню чатырох экспертных прафесійных супольнасцяў, якія палягаюць у сферы арт-менеджменту, фота, тэатру і літаратуры.
Сяргей Будкін спадзяецца, што тэма культуры будзе яшчэ больш гучаць у інфапрасторы.
— Бо культура гэта залог нашай незалежнасці, — падкрэслівае Сяргей.
Падчас дыскусіі гучала і крытыка наконт недахопу падтрымкі ў прасоўванні традыцыйнай беларускай культуры, якую агучыла фалькларыстка і спявачка Святлана Чакушка:
— Гэта некамерцыйны прадукт, ён больш патрэбны для ідэнтычнасці беларусаў і прадстаўлення нас за мяжой. Нам вельмі не хватае прамоцыі. Буду вельмі ўдзячная, калі на гэтую частку культуры, таксама бы звярнулі ўвагу.
Сяргей Будкін думае, што ініцыятыва павінна сыходзіць ад людзей, лідараў гэтых суполак. І гатовы прадставіць рэсурсы і магчымасці, стартавыя сродкі, памяшканне, таксама запэўніў, што ў наступным годзе гэты накірунак будуць ставіць у прыярытэт.
Выйсці са стану ахвяры
Пра стан беларускай літаратуры распавёў паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч. Па яго назіраннях, беларускі рэжым зараз трактуе беларускую незалежную культуру і культуру наогул як ворага.
У Беларусі нават з’явілася залатая пяцёрка экстрэмістаў: Ларыса Геніюш, Наталля Арсеньева, Уладзімір Некляеў, Дунін-Марцінкевіч, Лідзія Арабей, а «Каласы пад сярпом тваім» зніклі са школьнай праграмы.
Паэт адзначае, што міжнародная салідарнасць, замежныя выдавецтвы падстаўляюць плячо і робяць сумесныя праекты з беларускімі літаратарамі і выдаўцамі. Прыклад, нямецка-беларускага супрацоўніцтва — праект «33 кнігі для іншай Беларусі». Нямецкамоўныя выдаўцы ў розных гарадах і краінах выдаюць беларускі кантэнт.
Ён дадае, што зараз відавочна і тэндэнцыя салідарнасці Беларусі з Украінай. Тры кнігі ўкраінскага літаратара і грамадскага дзеяча Сяргея Жадана выдадзены па-беларуску ў трох краінах: у Лондане, у выдавецтве «Скарына», у Варшаве ў выдавецтве «Янушкевіч» і ў беларускім іміграцыйным выдавецтве ў Берліне.
— Самы яскравы праект — паэзія, якая пачалася з 2020-га году з пратэстаў, і аформілася ў цудоўнай кніжнай серыі пра Мінск Зміцера Строцава, — адзначае паэт.
Андрэй Хадановіч лічыць, што беларуская літаратура не будзе выключна перажываць свой стан ахвяры ў тых месцах, дзе яна апынаецца, а будзе выцягваць усё найлепшае, адкрываючыся тым гарадам, краінам і культурам, з якімі беларускія пісьменнікі кантактуюць.
Працягнуў распавядаць пра беларускую літаратуру Ціхан Чарнякевіч, літаратурны крытык, галоўны рэдактар сайта bellit.info.
Для яго найбольшай падзеяй 23 года стала з’яўленне новых выдавецтваў, актывізацыя і прыстасаванне старых да новых умоў. Можна заўважыць, што літаратура і кнігавыдавецкія праекты жывыя, яны маюць чытача. Ціхан адзначыў актывізацыю «Скарына прэс» у Лондане, абсалютна новае выдавецтва «Гутенберг» у Кракаве, і якое ўжо мае вельмі вялікі шэраг кніг.
Асобна ад папяровага варыянту з’яўляюцца беларускія аўдыякнігі, у тым ліку і дзіцячыя. З’явіўся сайт, які піша выключна пра беларускія кніжкі. У Беларусі спрабуюць штосьці закрэсліць, мы тут спрабуем штосьці напісаць.
Таксама адмыслоўца адзначае, што з’яўляюцца знакавыя пераклады Толкіна, ёсць кантракты на Стывена Кінга, ёсць сёлетнія пераклады Хэмінгуэя, Рэмарка.
— Прагноз — няма падставаў казаць пра смерць літаратуры ў наступным 2024 годзе. Літаратура будзе жыць, існаваць і адчуваць сябе больш-менш нармальна. Самае складанае — выхад кніг на беларускага чытача, менавіта ў Беларусі на беларускі рынак. Гэтая задача на 24-ты год вельмі важная, — кажа Хадановіч.
Паэт звяртае ўвагу, што ў Беларусі выдаюцца кнігі па-беларуску, але сегмент незалежнай мастацкай літаратуры на беларускай мове вельмі моцна цяпер звужаны: гэты сегмент фактычна на 9 з 10-ці перайшоў у міграцыю.
Як падкрэсліў Андрэй Хадановіч, не ўсё рэжыму ўдаецца забараніць. Некалькі тыдняў таму з’явілася выдадзеная дзяржаўным выдавецтвам у Беларусі шыкоўная чарговая кніга паэзіі Алеся Разанава. У беларускіх менскіх музеях адбываюцца літаратурныя падзеі, літаратурнае жыццё насуперак усяму адбываецца.
— Вельмі добра, што мы не ўсё ведаем пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Гэта значыць, што пра гэта не ведаюць і карныя органы, і спецслужбы. Гэта значыць, што гэтыя падзеі адбываюцца, а сарафаннае радыё і іншыя спосабы прывода людзей, распаўсюд інфармацыі замянілі традыцыйныя, больш нам звыклыя».
Аліна Коўшык, прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні, вельмі радая, што нашая літаратура адаптавалася, і зараз шукае шляхі суіснавання ў гэтых складаных умовах. Супольна з «Інстытутам беларускай кнігі» ідзе праца над пашырэннем дасяжнасці беларускіх кніг і ў Беларусі, і па-за межамі, у тым ліку, у еўрапейскіх бібліятэках, стварэнне там беларускіх палічак.
Тэатр у Беларусі русіфікуецца, у замежжы — шукае выхад да еўрапейскага арт-рынку
Тэатральны крытык і журналіст Настасся Панкратава звярнула ўвагу на звальненне з тэатра лялек галоўнага рэжысёра Аляксея Ляляўскага, які выхаваў некалькі пакаленняў рэжысёраў і акцёраў, выцясненне з краіны ўнікальнага спецыяліста ў сферы мастацтва мюзіклаў — Анастасіі Грыненка, якая прыносіла ў Беларусь франчызы сусветных мюзіклаў на працягу 20 гадоў. Мюзікл «Непадалек ад нормы» у 2018 годзе атрымаў Нацыянальную тэатральную прэмію як лепшы музычны спектакль (адзіны раз у гісторыі, калі ў намінацыі дзяржаўным Опернаму і Музычнаму давялося спаборнічаць з прыватным тэатрам).
З болем Настасся дадае пра заяўлены Беларускі Інстытут тэатра, які пакуль так і не запрацаваў. Але спадзяецца, што яшчэ атрымаецца аб’яднаць усіх, хто зараз раскіданы па ўсёй Еўропе.
Адмыслоўца адзначае, што беларускія дзеячы мастацтва пачалі ўлівацца ў культурную прастору тых краін, куды яны пераехалі, але вельмі балюча, што Беларусь губляе прафесію тэатральных крытыкаў.
— У медыя яны не ўваходзілі, бо гэта такая тэма культуры, якая не самая запатрабаваная ў чытача. Як распавесці пра тое, што адбываецца ў тэатры, калі ты не можаш пра гэта дзесьці напісаць? З крытыкаў нашага пакалення хтосьці сыходзіць з прафесіі, а новага пакалення я амаль не бачу.
Але крытык бачыць надзею ў далейшым развіцці тэатральнага мастацтва, і лічыць, што трэба «зразумець, што зараз усе мы знаходзімся ва ўмовах еўрапейскага арт-рынку. Таму трэба не толькі ствараць спектакль/перфоманс/імпрэзу, але і вучыцца яго прасоўваць, шукаць выхады да замежных калег, спрабаваць разам прабівацца секцыяй беларускага тэатра на міжнародных тэатральных фестывалях. Тады беларускае тэатральнае мастацтва будзе не толькі захоўваць тое, што ўжо і так ёсць, але і развівацца».
Працягнуў размову пра тэатр тэатральны крытык Дзяніс Марціновіч. Ён распавёў пра сумныя тэндэнцыі сённяшняга беларускага тэатру. Адна з праблем — уплыў Расіі. Напрыклад, у Купалаўскі тэатр пазапрашалі студэнтаў з расійскіх ВНУ, для якіх беларуская мова іншаземная.
— Мінскі Горкаўскі тэатр, Гродзенскі лялечны ў 2023 годзе атрымалі фінансавую дапамогу Расіі на абсталяванне, пастаноўкі. Гэта грошы краіны-агрэсара і яны ідуць на спектаклі па рэпертуары расійскіх аўтараў. У сезоне 2023/2024 у Горкаўскім тэатры будзе пяць прэм’ер, чатыры з якіх па творах расійскіх аўтараў. Беларусь фактычна пераўтварылася ў гастрольную пляцоўку для расійскіх калектываў, расіяне ўсё часцей запрашаюцца ў якасці рэжысёраў, — пералічае эксперт.
Спадар Дзяніс адзначае, што ў трэндзе зараз ваенныя спектаклі ў беларускіх тэатрах, якія сталі абавязковымі. Ідзе перапісванне гісторыі: з афіш знікаюць імёны нелаяльных драматургаў, рэжысёраў і іншых тэатральных дзеячаў. Таксама ідзе русіфікацыя — дырэктар Тэатра юнага гледача пастанавіла, што трэба ставіць больш расійскамоўных спектакляў. Дагэтуль там ставіліся спектаклі па-беларуску.
Тэатральны крытык дадае, што зараз у Беларусі працуюць 29 прафесійных тэатраў, з якіх толькі 4 працуюць выключна па-беларуску. У бліжэйшай перспектыве сітуацыя ў беларускім тэатры будзе пагаршацца, трэба проста неяк захавацца да лепшых часоў.
Архівізацыя выстаў, шлях да Оскара і музычныя густы беларусаў
Саша Рэйзар, даследчыца з універсітэту Каліфорніі, адзначыла паглыбленне разрыва паміж тымі мастакамі, хто з’ехаў, і хто застаўся. І дадае, што артінстытуцыі ў Беларусі працягваюць працаваць. Мастацкае жыццё адбываецца на фоне палітычных рэпрэсій і забойства Алеся Пушкіна. Пяць мастакоў у Беларусі, якія прымалі актыўны ўдзел у пратэстах, сустрэнуць новы год у зняволенні.
Другая тэндэнцыя — поспех беларускіх мастакоў_ак, куратараў за мяжой. Актыўнае мастацкае жыццё ў Польшчы і Германіі. У гэтым годзе вялікая колькасць беларусаў атрымалі запрашэнні на прэстыжныя рэзідэнцыі, ладзяць асабістыя выставы і актыўна прымаюць удзел у буйных еўрапейскіх выставах.
Яна адзначае, што праект года — праца міжнароднай кааліцыі працаўнікоў культуры ў падтрымку Украіны, якая прадстаўлена 5 беларускімі, 2 украінскімі куратарамі. Гэтая куратарская група ў гэтым годзе здзейсніла сапраўдны прарыў: прынялі ўдзел у еўрапейскіх выставах, выйшлі ў кароткі спіс фіналістаў куратараў еўрапейскага павільёна ў наступным годзе. Гэта вялікае дасягненне для беларускага мастацтва.
— Зроблены першыя крокі для падмурка музея сучаснага мастацтва за мяжой. З’явіўся першы падкаст, прысвечаны сучаснаму мастацтву ў Беларусі і сучасным артпрактыкам. Мне здаецца, што гэта вельмі пазітыўны зрух, вельмі ўпэўнены крок у будучыню, — кажа даследчыца.
Аліна Коўшык звярнула ўвагу на стварэнне часовага беларускага архіва дакументаў у Варшаве, але ў планах будзе таксама digital архіў, і прапанавала зрабіць там і мастацкую падстаронку. Праект «Варта» — гэта архівізацыя розных выставаў, каб яны былі дасяжны беларусам у Беларусі.
Музычны крытык і журналіст Аляксандр Чарнуха лічыць галоўнай падзеяй колькасную і якасную актыўнасць беларускіх музыкаў і дадае — «бадай гэта самы яскравы год у беларускай музыцы за апошнія дзесяцігоддзі».
— Калі казаць не пра папулярную, а акадэмічную музыку, я б адзначыў оперу «Дзікае паляванне караля Стаха», прэм’ера якой адбылася ў Лондане. Калі казаць пра масавую культуру, то ўсё вельмі складана. Сёлетні фестываль Viva Braslav амаль цалкам складаўся з расейскіх музыкаў.
Журналіст звяртае ўвагу на тры аншлагі запар Анны Асці ў Мінск-арэне — сведчанне масавых густаў беларусаў, якія жывуць у расійскім кантэксце і ў адсутнасці жывых выступаў беларусаў унутры краіны выбіраюць забавы ад прадстаўнікоў «рускага свету».
Спадар Чарнуха кажа, што ідзе паступовае паглынанне калектыўнага беларуса расійскім кантэкстам. Гэта адбываецца з‑за адсутнасці рынку і шоу-бізнесу, які фармуляваў бы беларускі кантэкст.
Музыкі прадстаўлены самі сабе, бо гэта амаль адзіная сфера, дзе адсутнічае профільная арганізацыя, няма ні аднаго музычнага профільнага медыя.
— Да гэтага дадаецца цэнзура, якая ўзмацнілася ў Беларусі. Дзяржава знішчае кожнае нязручнае меркаванне, у такіх умовах і ў саміх музыкаў уключаецца рэжым падполля і татальнай самацэнзуры, падкрэслівае эксперт.
Яго прагнозы песімістычныя. Сістэма не можа існаваць толькі выключна на ініцыятыве, патрэбны грошы на яе падтрымку. Патрэбная сістэмная праца беларускіх медыя ў дапамозе стварэння беларускага кантэксту.
Па меркаванні кінакрытыка Ірэны Кацяловіч, цяпер беларускае кіно ў пошуку спосабу адаптацыі правіл гульні, пошуку шляху свайго існавання.
— Напачатку года было абвешчана аб стварэнні беларускай незалежнай кінаакадэміі. Адбылася прэм’ера дакументальнага фільма «Радзіма» Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча ў Капенгагене, які быў намінаваны на еўрапейскую кінапрэмію, цяпер знаходзіцца ў доўгім спісе на Оскар. У краіне адмянілі апошні незалежны кінафестываль «Нефільтраванае кіно». Гэта паказвае, што ў нас усё менш магчымасцяў і шанцаў здымаць кіно ўласна ў Беларусі і бачыць кіно з Беларусі, — пералічае самыя яркія падзеі кінагоду эксперт.
Яшчэ адна падзея — пачатак працы другой прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас». Пакуль што яна адзіная, якая адзначае дасягненні беларускага незалежнага кіно.
Як зазначае спадарыня Кацяловіч, зараз відавочны дзве тэндэнцыі: спробы гуртавання і існавання беларускага незалежнага кіно ў замежжы. Belarusian filmmaker network летам зрабіла маштабны з’езд кінематаграфістаў у Варшаве, сабрала тых, хто за мяжой, і тых, хто жыве ў Беларусі. Усё гэта сведчыць пра тое, што ёсць гэтая патрэба аб’ядноўвацца і агулам нешта рабіць.
Чытайце яшчэ:
БАЖ падводзіць вынікі працы за год. Падтрымка журналістаў і медыяў, кампаніі салідарнасці, еўрапейскія ўзнагароды і ТікТок
«Свет працягвае жыць далей, пакуль я замер паміж мінулым і будучыняй». Яўген Атцецкі пра сваю другую зіму ў Львове
«Боль ніколі не знікае». Кацярына Ваданосава — пра жыццё пасля раку і змены, якія цяжка прыняць