Вынікі 2015 года. Адукацыйныя курсы ГА “БАЖ”
Той, хто час ад часу зазірае на сайт baj.by і цікавіцца раздзелам “Конкурсы і навучанне”, мог заўважыць рост колькасці адукацыйных курсаў, якія прапануе арганізацыя сваім сябрам. Чаго ўдалося дасягнуць і што плануе “адукацыйны дэпартамент” на наступны год? Пра гэта распавёў каардынатар адукацыйных праграм ГА “БАЖ” Юрась Карманаў.
Дасягненні
Адным з прыярытэтных накірункаў сваёй дзейнасці наша арганізацыя па-ранейшаму лічыць падвышэнне прафесійнага ўзроўню беларускіх журналістаў і развіццё адукацыйных праграм. Некаторыя людзі зараз кажуць, што стандартаў журналісцкай працы няма, што яны размываюцца. Мы ж кажам: не! І на гэта звяртаем увагу ўдзельнікаў нашых адукацыйных курсаў.
Сёлета некалькі соцень сябраў ГА “БАЖ” прайшлі праз нашы адукацыйныя праграмы, узялі ўдзел у нашых мінскіх сесіях, а таксама ў заключных сесіях у Вільні.
Было ў нас некалькі “зорных” курсаў. Сярод іх – “Фотагісторыя 2.0” пад кіраўніцтвам Сяргея Балая, курс па спартовай журналістыцы, а таксама два цудоўныя курсы па журналістыцы дадзеных і тэлевізійным рэпартажы.
Нашы адукацыйныя праграмы ўключаюць у сябе і трэнінг ведаў, і трэнінг майстэрстваў, бо мы стараемся аб’ядноўваць веды і ўменні. Сярод сябраў ГА “БАЖ” ёсць сапраўдныя зоркі журналістыкі. І мы хочам, каб праз нашы курсы яны маглі перадаць свой досвед іншым калегам. А на выніковы трэнінг запрашаем замежных экспертаў, каб тыя падзяліліся з сябрамі ГА “БАЖ” сваім досведам.
У гэтым ключы мы працавалі сёлета і збіраемся працаваць у наступным годзе. Таму, калі сябры ГА “БАЖ” запытваюць, чаму яны плацяць унёскі, мы адказваем – каб мець магчымасць браць удзел вось у такіх цудоўных адукацыйных праграмах.
Планы
У наступным годзе мы плануем працягнуць нашы двух- ці трохмесячныя курсы, якія карыстаюцца вялікім попытам. Сярод тэмаў – праца з сацыяльнымі сеткамі, спартовая журналістыка, іншыя… Таксама будзем імкнуцца пашырыць нашу мэтавую аўдыторыю. Для журналістаў існуе даволі шмат адукацыйных праграм. Але мы заўважылі, што частка людзей, якія таксама з’яўляюцца сябрамі арганізацыі, застаецца неахопленай. Напрыклад, мала хто займаецца правядзеннем трэнінгаў для прэсавых службаў. Мы зрабілі пілотны курс для іх сёлета, і высветлілася, што ён надзвычай запатрабаваны.
Таксама ў нашых планах – адукацыйныя курсы для менеджараў СМІ. У гэтым накірунку мы таксама зрабілі адзін спробны крок і высветлілі, што гэты накірунак таксама вельмі актуальны.
Акрамя такіх двухмесячных курсаў, у нашых планах – асваенне фармату адкрытых лекцый. Мы хочам, каб зоркі беларускай журналістыкі не толькі вялі паглыбленыя курсы для абмежаванай колькасці людзей, але і маглі адказваць на пытанні сябраў нашай арганізацыі ў выглядзе адкрытых лекцый для абмену думкамі.
І яшчэ ў планах – правядзенне адмысловых кансультацый для журналістаў, якія пішуць на праблемныя тэмы. Напрыклад, як пісаць пра самагубствы, пра дзяцей, пра СНІД, пра ЛГБТ. Магчыма, ім патрэбныя не двухмесячныя курсы, а кансультацыі вузкіх спецыялістаў, якіх мы маем магчымасць запрасіць. Спадзяемся, што усё гэта ўдасца рэалізаваць.
Пажаданні
Я заўсёды стараюся казаць, што ГА “БАЖ” – гэта мы з вамі. ГА “БАЖ” – гэта роўна тое, што мы з вамі зробім. Таму, калі мы зробім наша жыццё больш насычаным, больш цікавым, больш асэнсаваным – цудоўна. Гэта ўсё ў нашых з вамі руках. Таму я хачу пажадаць сваім калегам не сядзець склаўшы рукі, не чакаць, калі вас нехта пакліча, а прапаноўваць самім, рабіць нешта самім і самім праяўляць ініцыятыву. Спадзяюся, гэты заклік будзе пачуты калегамі ў наступным годзе!
Вынікі 2015 года. Папаўненні ў журналісцкіх сем’ях
Вынікі 2015 года. Штрафы фрылансерам
Вынікі 2015 года. Камісія па этыцы
Вынікі 2015 года. Служба і прафесія Антона Сурапіна
Вынікі 2015 года. Чым жыла Mediakritika.by
Вынікі 2015 года. Два шляхі “Белорусов и рынка”
Вынікі 2015 года ад Kyky.org: Прырост аўдыторыі даюць не блакіроўкі, а наша праца