Вынікі 2015 года: Чым жыла Mediakritika.by
Прэс-служба ГА «БАЖ» распытала галоўную рэдактарку партала Mediakritika.by Яніну Мельнікаву пра тое, якім быў гэты год для яе асабіста, для праекта, а таксама для беларускай медыяпрасторы.
Асабіста
– Год, безумоўна, быў прыемным для мяне. Я зараз у дэкрэтным адпачынку, хоць гэта і вельмі ўмоўны адпачынак. Але ўсё роўна прыемна бавіць час з дзіцём, займацца асабістымі рэчамі… Іншая справа – паколькі я ўсё ж не кідала праекта і працавала, часам прыходзілася “жангляваць” працай і асабістым.
Для праекта
– Гэты год пачаўся для нас з гісторыі з “Шарлі Эбдо” і сканчаецца ён такімі досыць сур’ёзнымі тэмамі, звязанымі з нападамі на журналістаў і наогул на людзей… Мы не планавалі займацца тэмамі асвятлення трагедый, разбіраць аспекты працы вайсковых журналістаў. Але нам давялося, і, па шчырасці, спачатку мы аказаліся не вельмі гатовымі. Мне падаецца, з цягам часу нам удалося выпрацаваць нейкую ўласную пазіцыю і сабраць экспертаў, знайсці тэмы, якія дапамагалі нам неаднабакова асвятляць гэтыя гісторыі.
Да канца года яшчэ месяц, і таму агульную колькасць матэрыялаў за год мы пакуль не падлічвалі. Але звычайна не менш за тры матэрыялы на дзень з’яўляецца. Сёлета мы даволі жорстка ставіліся да перадруковак – іх у нас не больш за 10%, і звычайна яны тычацца нейкіх адукацыйных праграм для журналістаў. Усё астатняе мы стараемся рабіць сваё.
Для беларускай медыяпрасторы
– На нас вельмі істотна ўплывае тое, што адбываецца ў медыяпрасторы суседніх краін. І гібрыдная вайна паміж Украінай і Расіяй закранула нас вельмі моцна. Палітызаванасць, выкарыстанне мовы варожасці ў журналісцкіх матэрыялах і ў каментарах пад імі на анлайнавых медыях – усё гэта накладала адбітак на якасць прадукту беларускіх журналістаў. І я, з аднаго боку, разумею, што цяжка сябе “падвесіць у вакууме” і не рэагаваць на падзеі. З іншага боку – засмучае, што мы ўцягваемся ў гэтыя эмацыйныя гульні і войны замест таго, каб адказваць на выклікі якаснай журналістыкай. Менавіта гэта мне падаецца вельмі важным і, на жаль, не вельмі пазітыўным вынікам года.
Мы на “Медыякрытыцы”, плануючы наступны год, улічылі гэтыя акалічнасці і заклалі ў свае планы пэўныя экспертныя парады, маніторынгі, звязаныя з выкарыстаннем мовы варожасці, падаграваннем канфлікту. Таму ў 2016‑м у нас у прыярытэце тэма – як мы змяніліся і куды мы рушым у нашай сённяшняй рэчаіснасці.
Я не схільная думаць, што заўтра журналістыка памрэ, што нікому не патрэбна тое, што я асабіста раблю, што робіць мой праект і наогул беларускія журналісты. Мы вытрывалі папярэднія гады і вытрываем наступныя, хаця на нас будуць уплываць пэўныя палітычныя і эканаміныя варункі. Мы жывучыя, насамрэч. І я бачу, што, пры ўсёй нясхільнасці маіх калег да самакрытыкі, у беларускай журналістыцы ёсць пэўныя пазітыўныя зрухі ў бок павышэння якасці. Людзі разумеюць, навошта гэта патрэбна. Таму я думаю, што будзем жыць, працаваць і дачакаемся лепшых часоў. Мы ўжо загартаваныя, і ў больш лёгкія часы нам будзе прасцей.