• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вынікі 2015 года. Штрафы фрылансерам

    З надыходам зімы прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” пачынае падводзіць вынікі года. Чым запомніцца нам з вамі 2015-ы? 

    Днямі кіраўнік Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Могенс Бліхер Б’ерэгард даслаў Аляксандру Лукашэнку ліст, у якім выказаў “глыбокае задавальненне” спыненнем практыкі штрафавання журналістаў-фрылансераў.

    Сапраўды, уся першая палова 2015 года вызначалася беспрэцэдэнтным ціскам на нашых калег, што супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без “афармлення стасункаў”. Цягам года судовыя рашэнні за працу без акрэдытацыі выносіліся журналістам ажно 28 разоў. Часам судовы “канвеер” выдаваў па 7–8 рашэнняў за месяц. Ніводнага з іх абскардзіць не ўдалося.

    Сітуацыя змянілася пасля 4 жніўня. Падчас інтэрв’ю з Аляксандрам Лукашэнкам набалелае для журналістаў пытанне задаў журналіст Радыё “Свабода” Валер Каліноўскі. У адказ на гэта Лукашэнка заявіў, што не лічыць забароны для журналістаў сваім прынцыпам і паабяцаў разабрацца ў сітуацыі. Пасля гэтага ніводная новая справа па артыкуле 22.9 супраць журналістаў не была заведзена.

    Ці надоўга выправілася сітуацыя? Што сёння думаюць пра гэта Валер Каліноўскі, самі фрылансеры і кіраўніцтва ГА “БАЖ”? 

    – Я спадзяваўся, што маё пытанне неяк паўплывае на сітуацыю з калегамі-фрылансерамі. І я вельмі задаволены, што справа займела вынік. Безумоўна, ніхто не застрахаваны ад таго, што сітуацыя можа паўтарыцца. Але на момант, калі ў краіне пануе нейкая палітычная адліга, мы атрымалі больш спрыяльныя ўмовы, – лічыць Валер Каліноўскі.

    – Як думаеце, да Вашага пытання Лукашэнка не ведаў пра суды над журналістамі?

    – Думаю, прысуды канкрэтным журналістам з Лукашэнкам не ўзгадняюць, але пра тое, якая сістэма існуе ў краіне, ён, безумоўна, ведаў. Проста ў момант агрэсіўных паводзін суседзяў з Усходу Лукашэнка вымушаны выбудоўваць пэўную палітыку з суседзямі з Захаду. І змена атмасферы ў дачыненні да журналістаў – частка гэтай палітыкі. Нават сам факт інтэрв’ю незалежным СМІ – яе частка.

    – Праз інтэрв’ю з Лукашэнкам Вы самі трапілі пад пэўную крытыку з боку калег. Ці не засталося расчаравання?

    – Я ад самага пачатку быў гатовы да таго, што мае пытанні і адказы Лукашэнкі будуць абмяркоўвацца. Прыкра, што ўзняўся шквал нейкіх неканструктыўных абвінавачванняў і абразаў з боку калег. Многія пісалі – ці варта ісці было, ці варта падаваць руку… Я лічу, што ісці адназначна было варта. Варта было задаваць гэтыя пытанні. Хоць бы нават для таго, каб спыніўся ціск на нашых калег. Бо такая наша прафесія – ісці і задаваць пытанні.

    Пасля выказвання Лукашэнкі ў жніўні самі пакараныя фрылансеры  скептычна ставіліся да магчымасці адлігі. Цяпер калегі канстатуюць: пераслед па артыкуле 22.9 прыпыніўся, але незалежным журналістам у Беларусі заўсёды даводзіцца быць гатовымі да ўдару.

    – За восем гадоў працы ў незалежнай журналістыцы я ўжо прызвычаілася быць напагатове. Спачатку нам бясконца давалі папярэджанні, потым пачалі штрафаваць. Зараз быццам бы адліга, але ўвесь час чакаеш удару ў спіну. Жывеш з чаканнем, што цябе ўсё роўна не пакінуць у спакоі, што табе будуць перашкаджаць. Гэта не такія моцныя перашкоды, каб сысці з прафесіі, але яны насамрэч напружваюць заўсёды, – гаворыць сябра ГА “БАЖ” Ларыса Шчыракова, сёлета двойчы аштрафаваная за працу без акрэдытацыі на замежнае СМІ.

    Кіраўніцтва ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” звяртае ўвагу на іншы момант: у Беларусі не адбылося аніякіх зменаў у заканадаўстве альбо практыцы яго прымянення, якія маглі б засцерагчы ад паўтарэння кампаніі ціску.

    – У нас на сцяне ў офісе вісяць лічбы датычна затрыманняў журналістаў і прыцягнення іх да адміністрацыйнай адказнасці. У мінулым годзе, напрыклад, было 29 затрыманняў і 10 адміністрацыйных спраў, сёлета – 13 затрыманняў і 28 адміністрацыйных спраў. Мы бачым, што фігуруюць амаль тыя ж лічбы, толькі змяніліся санкцыі… Так, новых спраў пасля 4 жніўня не заводзілі, але ні на якім заканадаўчым узроўні гэта не зафіксавана і няма ніякіх гарантый, што сітуацыя не паўторыцца. Гэта можа здарыцца ў любы момант, як толькі ўлады гэтага захочуць, – падсумоўвае старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці