• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Прэзідэнт ЕФЖ звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі ў справе журналістаў-фрылансераў

    Кіраўнік Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (ЕФЖ) Могенс Бліхер Б’ерэгард прапануе ўнесці ў беларускае заканадаўства змены, якія замацавалі б прававы статус журналістаў-фрылансераў. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісце сп-ра Б’ерэгарда на імя Аляксандра Лукашэнкі ад 26 лістапада.

    “Як нам стала вядома, 4 жніўня 2015 года, адказваючы на ​​пытанне журналіста Радыё “Свабода” Валерыя Каліноўскага пра выпадкі прыцягнення да адказнасці… беларускіх журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, Вы выказалі наступнае меркаванне: «Я думаю, што гэта глупства… Забараняць – гэта не мой прынцып. Я вывучу гэтую праблему. Што тычыцца гэтых штрафаў, таксама вывучым. Людзі ж не багатыя, і я разумею. Я вам абяцаю, што я разгледжу гэтае пытанне. Не таму што мы з вамі сустракаемся, а таму што вы, мабыць, маеце рацыю тут. Мы паглядзім на гэтую праблему».

    Дадзеная праблема паўстала з красавіка 2014 г., калі на падставе пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях, складзеных прадстаўнікамі органаў унутраных спраў, суды Рэспублікі Беларусь сталі прыцягваць да адказнасці беларускіх журналістаў, матэрыялы якіх былі размешчаны ў замежных сродках масавай інфармацыі. Агульная сума накладзеных на іх штрафаў па стане на 19 жніўня 2015 склала каля 146 780 000 рублёў”, – нагадвае прэзідэнт ЕФЖ.

    “На думку міліцыі і судоў, гэтыя дзеянні кваліфікаваліся па частцы 2 арт. 22.9 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП) як «парушэнне парадку вырабу і (або) распаўсюду прадукцыi сродкаў масавай інфармацыі».

    Аднак, на нашу думку, прымяненне да журналістаў указанага артыкула КаАП прыводзіла да парушэння канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне, захоўванне i распаўсюд інфармацыі і негатыўна ўплывала на міжнародны імідж Рэспублікі Беларусь”, – піша Могенс Бліхер Б’ерэгард.

    “Раней журналісцкія арганізацыі, у прыватнасці, Беларуская асацыяцыя журналістаў, спрабавалі вырашыць гэтую сітуацыю, звяртаючыся ў дзяржаўныя органы, спрычыненыя да прыцягнення да адказнасці журналістаў-фрылансераў. У прыватнасці, былі накіраваныя звароты ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь, Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Аднак вышэйпералічаныя органы не распачалі належных крокаў па вырашэнні сітуацыі.

    З глыбокім задавальненнем мы даведаліся пра тое, што пасля таго, як Вы выказалі сваю думку па згаданай праблеме, прыцягненне журналістаў-фрылансераў да адміністрацыйнай адказнасці спынілася.

    Выказваем надзею, што кіраўнічыя органы Беларусі і надалей будуць прытрымлівацца гэтай прагрэсіўнай тэндэнцыі. Для прадухілення падобных праблем у будучыні лічым магчымым прапанаваць унесці ў беларускае заканадаўства змены, якія замацавалі б прававы статус журналістаў-фрылансераў”, – гаворыцца ў лісце кіраўніка ЕФЖ.

    Прэзідэнт ЕФЖ “раз’юшаны ростам штрафаў” беларускім фрылансерам

    Фрылансэры: Ня верым у словы Лукашэнкі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці