Вынікі 2015 года. «Прэс-клуб Беларусь»
Адметнай з’явай 2015 года, безумоўна, стаў “Прэс-клуб Беларусь”, якія зладзіў больш за дзесяць адкрытых лекцый і майстар-класаў для журналістаў у Мінску. Прэс-служба ГА “БАЖ” папрасіла кіраўніцу ўстановы Юлію Слуцкую расказаць пра вынікі працы ў гэтым годзе, а таксама падзяліцца сваімі назіраннямі за беларускай медыясферай ды пажаданнямі калегам.
Вынікі года для “Прэс-клуба Беларусь”
– Галоўны наш плён гэтага года – больш за дзесяць адкрытых лекцый і майстар-класаў сусветнавядомых медыяперсон для беларускіх журналістаў. Таксама вельмі важна, што гэта былі не проста лекцыі, але і пачатак шчыльных кантактаў паміж беларускімі журналістамі і замежнымі выданнямі.
Яскравым прыкладам гэтага з’яўляецца Энджалі Лістан, якая паказала беларускім журналістам магчымасці “Guardian’s New East Network”, што пачала працаваць з нашай часткай свету і зрабіла адмысловы медыяпраект. Энджалі не толькі сказала: “Нам у “Guardian” можна пісаць”, але і правяла майстар-клас пра тое, як гэта рабіць, як анансаваць матэрыялы і г. д. І я ведаю ўжо як мінімум пяць беларускіх журналістаў, якія супрацоўнічаюць з “Guardian”.
Яшчэ адзін такі прыклад – прыезд у Беларусь прадстаўніка дацкага канцэрна “Politiken”. Ён распавядаў, як іх канцэрн друкаваных медыя рыхтаваўся да пераходу “на лічбу”. Ён з’ехаў, але мы намераныя працягнуць з ім супрацоўніцтва, бо паспяховы пераход у лічбавы свет – вельмі важная задача для шмат якіх беларускіх СМІ. Гэта той плён, які быў сгенераваны сёлета.
Другое, што я лічу вельмі важным, – усе нашы мерапрыемствы з’яўляюцца адкрытымі. У нас таксама ёсць адкрытая электронная рэгістрацыя на кожнае мерапрыемства, з дапамогай якой мы можам бачыць, хто да нас прыходзіць. І мяне вельмі радуе, што там ёсць не толькі журналісты недзяржаўных выданняў.
Ну і трэцім плёнам года з’яўляецца атрыманне намі афіцыйнай рэгістрацыі ў Беларусі. Спадзяюся, дзякуючы гэтаму ў наступным годзе мы зможам зрабіць яшчэ больш. У нас запланавана яшчэ больш лекцый, яшчэ больш майстар-класаў і некаторыя неспадзяванкі, пра якія пакуль мы казаць не будзем.
Тэндэнцыі ў медыяферы
На жаль, галоўная тэндэнцыя беларускага медыярынку працягваецца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. Гэта вельмі слабое развіццё самога рынку і выкідванне з яго шмат якіх СМІ. Гэта тэндэнцыя, на жаль, нясе вельмі шмат наступстваў для СМІ, і не толькі незалежных. Бо адсутнасць рынку, адсутнасць канкурэнцыі – гэта кепская з’ява абсалютна для ўсіх.
Але другая вельмі магутная тэндэнцыя, якая з кожным днём узмацняе свой уплыў, – гэта развіццё інтэрнэт-прасторы, павелічэнне мажлівасцяў для медыя ў інтэрнэце, імклівы рост інтэрнэт-аўдыторыі. І з гэтай тэндэнцыі таксама вынікае выклік нашым медыя, бо ў лічбавым свеце зусім іншыя законы і правілы. І мне падаецца, што большасць беларускіх СМІ недастаткова валодаюць навыкамі працы на гэтым рынку. Таму нам усім трэба вучыцца, і я спадзяюся, што праз “Прэс-клуб Беларусь” у наступным годзе гэтую тэму атрымаецца працягнуць.
Пажаданні
Усім калегам я жадаю ўнутранай свабоды і вольнага рынку звонку. Калі будзе гэта, будзе расці наша прафесійнае майстэрства, і мы будзем атрымліваць радасць ад нашай працы і ад таго, што яна даходзіць на нашых чытачоў, слухачоў і гледачоў.
Вынікі 2015 года. Папаўненні ў журналісцкіх сем’ях
Вынікі 2015 года. Штрафы фрылансерам
Вынікі 2015 года. Камісія па этыцы
Вынікі 2015 года. Служба і прафесія Антона Сурапіна