«Жыліцкі Версаль» — адзіны стопакаёвы палац на беларускіх землях
Калі вы лічыце, што ўсе беларускія замкі размешчаны на захадзе нашай краіны, то вам абавязкова трэба здзейсніць падарожжа на Магілёўшчыну. У аграгарадку Жылічы Кіраўскага раёна пасля рэстаўрацыі адкрыўся Палацава-паркавы ансамбль Булгакаў — помнік архітэктуры позняга класіцызму, пабудаваны ў XIX стагоддзі. Пра яго распавядае газета «Звязда».
«Жыліцкі Версаль» — менавіта так у свой час ахрысцілі палац, збудаваны ў дваранскім маёнтку Добасна дзвесце гадоў таму. Архітэктурная жамчужына не толькі ўсяго прыдняпроўскага краю, але і, без перабольшання, адзін з найлепшых узораў спадчыны беларускай культуры, некалі належала старажытнаму роду Булгакаў. Велічны палацава-паркавы комплекс, будаўніцтва якога пачалося ў 1823 годзе і працягвалася аж да пачатку ХХ стагоддзя, па прыгажосці і маштабе не саступаў Нясвіжскай рэзідэнцыі Радзівілаў. Тут мелася нават свая аранжарэя, якая па памерах і колькасці экзатычных раслін лічылася найлепшай у беларускіх губернях.
Сам будынак уражваў архітэктурай, а таксама дэкаратыўным аздабленнем фасадаў і ўнутраных памяшканняў. Гэта быў адзіны стопакаёвы палац на беларускіх землях. Дызайн пакояў не паўтараўся нават у дробных дэталях. Унікальныя кесонныя столі, багата аздобленыя пазалотай, да гэтага часу з’яўляюцца візіткай радавога маёнтка Булгакаў. Палац уражваў раскошнымі інтэр’ерамі, дарагой мэбляй, камінамі з мармуру, бібліятэкай у сем тысяч тамоў і каштоўнымі калекцыямі прадметаў мастацтва.
Сядзібу ў Жылічах неаднаразова наведваў знакаміты фатограф Ян Булгак. Захавалася каля трыццаці яго здымкаў палаца. Улетку 1877 года ў гэтых месцах спыняўся Напалеон Орда, які падарожнічаў па Беларусі, Украіне, Літве, Польшчы, робячы замалёўкі архітэктурных помнікаў. Яго творы адрозніваліся строгай дакументальнасцю і сёння служаць каштоўнай крыніцай для гісторыкаў архітэктуры і рэстаўратараў. Знакаміты мастак адлюстраваў палац Булгакаў на двух малюнках.
У розны час сядзіба служыла рэзідэнцыяй, шпіталем, дзіцячым домам і навучальнай установай. Нягледзячы на тое, што за сваю гісторыю гэты архітэктурны шэдэўр пабачыў многае: пампезнае будаўніцтва, раскошу і багацце, запусценне і заняпад, неаднойчы яго рабавалі і раскрадалі, — палацу быў наканаваны шчаслівы лёс. Ён перажыў усе войны: на яго не ўпала ні адна бомба, ён ні разу не гарэў. Гэта адзіны ў Беларусі палацавы будынак, у якім захаваліся ўпрыгажэнні, у тым ліку ляпніна.
Радавы маёнтак Булгакаў сталі аднаўляць больш за дзесяць гадоў таму. Рэстаўрацыя ў чатыры чаргі тут вядзецца з 2009 года. Першая прадугледжвала аднаўленне заходняй часткі палаца і была завершана ў 2011 годзе. Тут размясцілася дзіцячая школа мастацтваў. Затым вярнулі ранейшае аблічча флігелю галоўнага корпуса, разбуранаму ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Трэцяя чарга ўключала адраджэнне ўсіх гістарычных памяшканняў у галоўным корпусе і частцы паўночнага, дзе практычна поўнасцю размесціцца музей, а адзін з флігеляў зойме сельская бібліятэка. У цяперашні час залы комплексу напаўняюцца антыкварнай мэбляй, а таксама сучаснымі копіямі мэблі XIX стагоддзя, карцінамі, нанава ствараецца аранжарэя, разбураная ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і капліца. Чацвёртай чаргой запланавана аднаўленне парку, разбітага яшчэ ў XIX стагоддзі, і воднай сістэмы.
Нягледзячы на рамонтныя і рэстаўрацыйныя работы, якія працягваюцца 14 гадоў, наведаць сядзібу ўжо можна. Для турыстаў адкрыты другі паверх — там праводзяць экскурсіі.
У хуткім часе палацава-паркавы комплекс будзе цалкам адноўлены, і ўжо відавочна, што ён увойдзе ў лік найбольш цікавых гістарычных помнікаў на тэрыторыі Беларусі, зойме сваё заслужанае месца сярод культурных здабыткаў беларускай нацыі і стане перспектыўным турыстычным аб’ектам, нароўні з Нясвіжскім і Мірскім замкамі.
А пакуль што ў аматараў даўніны ёсць выдатная магчымасць наведаць архітэктурны шэдэўр Магілёўшчыны віртуальна, зайшоўшы на сайт Магілёўскай абласной бібліятэкі.
На галоўнай старонцы вы знойдзеце адметны інтэрнэт-рэсурс пад назвай «Жыліцкі Версаль», прысвечаны палацава-паркаваму комплексу. Унікальнасць яго ў тым, што сабраныя з розных крыніц па крупінках звесткі пра палац аб’яднаны ў адным рэсурсе і даступны кожнаму інтэрнэт-карыстальніку. Бо да гэтага часу не выдадзена ні аднаго фундаментальнага гісторыка-архітэктурнага нарыса пра сядзібу накшталт тых, што напісаныя пра іншыя беларускія замкі і палацы, няма ні аднаго прэзентацыйнага фотаальбома.
У фондзе Магілёўскай абласной бібліятэкі, роўна як і ў фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, масіў дакументаў аб сядзібе ў Жылічах прадстаўлены выключна артыкуламі з перыядычных выданняў. З кніг жа маецца толькі малафарматнае выданне 1992 года аб’ёмам у 75 старонак — «Палац у Жылічах = Дворец в Жиличах» В. Ф. Марозава з серыі «Помнікі беларускага дойлідства». Галоўнай кніжнай скарбніцы краіны пашчасціла валодаць яшчэ зборнікам матэрыялаў Рэспубліканскага навуковапрактычнага семінара, які адбыўся на базе Жыліцкага гістарычнага комплексумузея ў 2017 годзе, ды адзінкавымі выявамі палаца ў камплектах паштовак. На гэтым усё.
З прычыны адсутнасці вартага ўвагі друкаванага выдання пра палац Булгакаў супрацоўнікі Магілёўскай абласной бібліятэкі палічылі неабходным ліквідаваць гэты прабел і стварыць віртуальны праект пра яго як альтэрнатыўную і сучасную крыніцу інфармацыі, не прэтэндуючы на выключную дакладнасць узнаўлення гісторыі. Бо чым далей ад нашага часу адбываюцца падзеі, тым менш сведчанняў пра іх трапляе ў рукі даследчыкаў…
Вы пазнаёміцеся з уладальнікамі сядзібы і яркімі прадстаўнікамі вядомага дваранскага роду, убачыце арыгінальную архітэктуру ў стылі класіцызму з масонскім знакам на франтоне будынка, захопіцеся раскошнымі інтэр’ерамі палацавых залаў, павандруеце па алеях самага вялікага ў вобласці старадаўняга парку з дзівосным каскадам сажалак і надзвычай здзівіцеся, якая насычаная гаспадарчая дзейнасць вялася ў маёнтку Булгакаў.
Чытайце яшчэ:
«Я нават не заўважыла, як стала прычынай усіх мужавых няшчасцяў». Калегі расказалі аб сямейных праблемах у міграцыі
«Медиа усиливают эффект поляризации общества». Как проходила защита дипломов в ЕГУ
Жонка Уладзіміра Мацкевіча: «са здароўем ёсць пэўныя праблемы…»