• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Я нават не заўважыла, як стала прычынай усіх мужавых няшчасцяў». Калегі расказалі аб сямейных праблемах у міграцыі

    Міграцыя — гэта цяжкае выпрабаванне само па сабе. Жыллё, побыт, праца, іншае заканадаўчае поле, праблемы з легалізацыяй... А калі яшчэ і ў сям'і нешта не складаецца, і некалі надзейнае плячо раптам становіцца ілюзіяй? На ўмовах ананімнасці нашыя калегі расказалі, як міграцыя паўплывала на іх сем'і і адносіны. А псіхолаг дала парады, як зберагчы стасункі на чужбіне.

    «Каб не твая палітыка, зараз бы гуляў на юбілеі Санька». Марыя, рэдактарка сайта

    З’ехаць з Беларусі нам давялося на пачатку 2022 года. Мы з мужам сем гадоў разам, і думак пра расстанне нават не было. Наадварот, ён вельмі станоўча ставіўся да змены месца жыхарства, новых магчымасцяў, нешта фантазіраваў, планаваў. І вось мы з’ехалі.

    Я па-ранейшаму працавала ў медыя. Мужу прыйшлося цяжэй. Рэалізавацца ў сваёй прафессіі ў рэжыме анлайн магчымасці не было. Але ў майго сужэнца залатыя рукі — ён і сантэхнік, і электрык, і проста майстра па рамонце рознай тэхнікі. Таму я не хвалявалася — знойдзецца праца, трэба только сябе рэкламаваць, хоць бы ў сацсетках, дапамагала ў гэтым. Але пасля некалькіх разавых падпрацовак муж згубіў інтарэс да працы на замову.

    Праходзіў дзень за днём, я шмат працавала, рабіла нейкія праекты. Знайшліся новыя сябры, калегі, ладзіліся сумесныя пасядзелкі з землякамі.

    Спачатку муж хадзіў са мной, потым яму гэта стала нецікава. Увесь час бавіў на канапе з гаджэтамі ў руках, гуляў у гульні, глядзеў відэа, тэлефанаваў сябрам у Беларусь.

    У нашых размовах сталі з’яўляцца такія фразы: «Каб не ты, зараз бы сядзеў з Сярогам на рыбалцы» ці «Каб не твая палітыка, зараз бы гуляў на юбілеі Санька»…  Я нават не заўважыла, як стала прычынай усіх няшчасцяў мужа.

    Гутаркі «па душах» ужо нічога добрага не прыносілі. Усё заканчвалася скандалам ці плясканнем дзвярыма. А трэба было працаваць, трымаць рэсурс і добры настрой, каб самой не сарвацца ў тугу і дыпрэсію.

    Адразу скажу, што майму мужу ў Беларусі нічога не пагражала, у адрозненне ад мяне ён мог спакойна ехаць і жыць там далей. Праз шэсць месяцаў такого вось жыцця ён так і зрабіў. Нібыта паехаў, бо маці захварэла. Ну вось так і жывем зараз, зрэдку тэлефануе, размаўляем пра ўсялякія дробязі. Колькі так будзе доўжыцца наша «сямейнае» жыццё, я не ведаю.

    Але для сябе адзначыла, што адной мне неяк спакайней.

    «З’язджалі з Беларусі з двума дзецьмі, а тут у мяне з’явілася трэцяе – мой муж». Святлана, журналіст

    Да расстання ў нас з мужам не дайшло і наўрадці дойдзе, але свае цяжкасці ёсць. Разам мы ўжо 15 гадоў. У нас двое сыноў — адзін школьнік, другі яшчэ ў дзіцячым садку. У 2021‑м усёй сям’ёй з’ехалі з Беларусі. Мы з мужам абодва працуем у медыя, і заставацца было вельмі небяспечна.

    Самым складаным быў першы год. Знайсці кватэру, неяк наладзіць побыт, увайсці ў рытм працы, уладкаваць дзяцей (аднаго ў школу, другога ў садок). Было так, што рукі апускаліся, хацелася на сцены выць ад бяссілля.

    І ў гэты цяжкі перыяд мяне вельмі здзівіла і нават напалохала пазіцыя мужа. Дома, у Беларусі, гэта быў найкруцейшы вырашала ўсіх праблем, ён «разрульваў» іх адным-двума званкамі. А тут… Усе пытанні раптам ляглі на мае плечы. Ён нават баяўся выйсці з кватэры, казаў: «Ай, ты крыху мову ведаешь, ідзі ты вырашай».

    І вось так усе праблемы даводзілася вырашаць мне: з жыллём, са школай, з садком, з паліклінікамі, нават з сантэхнікамі і прыбіральшчыкамі. А мне ж яшчэ патрэбна было працаваць!

    Прайшоў год, асноўныя цяжкасці пераадолелі. А вось пазіцыя майго мужчыны засталася ранейшая. Здаецца, ужо неяк можна было вярнуцца да свайго звыклага стану гаспадара сям’і, які зможа зробіць, вырашыць. Але ж… Таксі выклікаць — не, лепш ты, педыятру патэлефанаваць — не, у цябе атрымаецца лепш, і так па ўсіх пытаннях. Яшчэ смецце вынесці можа ды ў краму збегаць са спісам прадуктаў.

    Мужу так спадабалася жыццё ў яго асабістым сусвеце, дзе ўсё нейкім чынам само робіцца, што я ўжо пачала сумна смяяцца: маўляў, з’язджала з двума дзецьмі, а тут яшчэ трэцяе з’явілася. Зараз думаю ўсё ж звярнуцца да сямейнага псіхолага. Трэба ратаваць гаспадара.  

    «Я і не заўважыў, што мая дапамога патрэбна была той, што побач». Андрэй, журналіст

    З маёй дзяўчынай мы былі разам пяць гадоў, з іх паўтара года — у міграцыі. Увесь час жыцця на чужбіне мне падавалася, што ў нас усё добра. І вось у адзін дзень высветлілася, што гэта не так. Без асаблівых тлумачэнняў яна сышла ад мяне, больш мы не сустракаліся.

    Расстанне перажыў вельмі цяжка. Нават давялося скарыстацца дапамогай псіхатэрапеўта, «пасядзець» на антыдыпрэсантах. Так цяжка мне не было ніколі.

    Канешне, калі б такое здарылася дома, у Беларусі, выйсці з гэтай псіхатраўматычнай сітуацыі было б лягчэй. Бо дома і сцены лечаць, а ў міграцыі любыя эмоцыі значна мацнейшыя, тут кожная справа — ужо стрэсавы фактар і, здаецца, канец свету.

    Ужо потым я аналізаваў сваю гісторыю, шукаў адказы, чаму так здарылася. Усё ж нібыта было добра… Я прыйшоў да высновы, што званочкі ўсё ж такі былі, але я палічыў іх за дробязі.

    Справа ў тым, што ў міграцыі, каб меньш часу заставалася на думкі і смутак, я выбраў працу. Падключыўся да шматлікіх і разнастайных праектаў. І амаль увесь мой час займала праца і дапамога тым, каму яна патрэбная. За гэтым усім я і не заўважыў, што мая дапамога патрэбна была той, што побач.

    Мінула ўжо паўгода з нашага расстання. Сваё жыццё я не змяніў, таксама шмат працую. Але для сябе зрабіў дзве важныя пазнакі — на будучыню.

    Першая: не баяцца звяртацца па дапамогу да спецыялістаў з прыстаўкай «псіха». Ведаю, што без псіхатэрапіі я б не выйшаў з таго стану. Другая: калі падалося, што нешта стала не так у адносінах — няхай, на першы погляд, гэта дробязь — трэба адкласці ўсе справы, сядаць і размаўляць. Не адмахвацца ад першых званочкаў, прагаворваць кожны з іх.

    Пары, сем’і ў міграцыі вельмі неабароненыя ад іспытаў, яны як арганізм без імунітэту. Ён увесь расходуецца на пераадоленне стрэсавых фактараў і выжыванне. Таму, паводле маіх назіранняў, разводаў у мігрантаў значна больш, чым вяселляў.   

    «У эміграцыі эмоцыі значна больш яркія. Мабыць, таму і пажаніліся». Аксана, сябра БАЖ

    На шчасце, шмат сем’яў мігрантаў і рэлакантаў спраўляюцца з выпрабаваннямі жыцця на чужбіне. Ёсць нямала і тых, хто стварыў сем’ю ў міграцыі. Напрыклад, Аксана і Юры з Баранавічаў распісаліся ў Батумі 2 сакавіка.

    З Юрай мы былі знаёмыя з 1999 года, калі працавалі ў адным выданні. Перыядычна сустракаліся, бо жылі ў адным горадзе. А ў 2020‑м «сустрэліся» ў адным з пратэсных чатаў. І больш ужо не разыходзіліся.

    Але ў Беларусі ажаніцца не думалі. Было не да таго. То працавалі, то нешта рабілі для пратэстаў. То ператрусы, то допыты, то затрыманні…

    На Радзіме ў кожнага былі свае асобныя заняткі, сябры. Зараз гэтага не засталося. І ўсе эмоцыі, і станоўчыя, і адмоўныя, вывальваем адзін на аднаго. У эміграцыі эмоцыі значна больш яркія. Мабыць, таму і пажаніліся.

    Мы не думаем заставацца ў Грузіі, таму зараз жывем адным днём. Гэта з аднаго боку дае нейкую лёгкасць, але калі пачынаеш задумвацца, то разумееш, што тваё жыццё ідзе, ты не становішся маладзейшы, не робіш кар’еру, не робіш нічога для сям’і, а нібыта паставіў жыццё на паўзу. Мяне гэта часовасць вельмі турбуе. Здаецца, што калі асядзем недзе, усё стане лепш.

    Ці ёсць адчуванне, што разам лягчэй? Не ведаю. Гэтыя адчуванні часта змяняюцца на супрацьлеглыя. Гэта такое жорсткае хістанне. Магчыма, праз перажытыя, непрапрацаваныя траўмы. Мы з аднаго боку адзін для аднаго падтрымка, а іншым часам — самы вінаваты ва ўсім чалавек.

    Сямейны псіхолаг Ганна Матуляк: «Як пара справіцца з цяжкасцямі пераезду, залежыць ад сталасці партнёраў, іх адносін і гатовасці пераадольваць цяжкасці разам»

    Эміграцыя — крызісны перыяд, незалежна ад таго, здарылася яна вымушана або па жаданні і запланавана. Усе чальцы сям’і перажываюць гэтую падзею па-рознаму, таму ў любым выпадку сямейная сістэма выпрабоўвае перагрузкі. Кожны нервуецца, трывожыцца, навокал усё нязвыклае, чужое. У гэтым струмені мы становімся не такія чулыя, гнуткія і цярплівыя да блізкіх.

    Ускладняецца крызіс адаптацыі наяўнасцю іншых асабістых ці сямейных крызісаў (прафесійны, фінансавы, самавызначэння, крызісы дзяцей).

    Калі сям’я ў эміграцыі знаходзіцца ў спрыяльным перыядзе, то шанцы, што партнёры змогуць стаць адзін аднаму падтрымкай вышэйшыя, чым у пар з праблемамі, якія напластаваліся на пераезд.

    У крызісныя перыяды мы праяўляем сябе не так як звычайна. Тыя абароны і спосабы, якія дапамагалі нам абыходзіць вострыя куты раней, зараз проста не будуць працаваць, і вы можаце выявіць, што перад вамі чалавек, якога вы зусім не ведаеце. Тое, як пара справіцца з цяжкасцямі пераезду, залежыць ад сталасці партнёраў, іх адносін і гатовасці пераадольваць цяжкасці разам.

    Чатыры галоўныя прычыны канфлікту і магчымага разрыву

    1. Несупадзенне тэмпу развіцця

    Напрыклад, адзін з партнёраў хутчэй адаптуецца і інтэгруецца ў новае жыццё (мова, знаёмствы, вывучэнне мясцовай культуры), а іншы быццам застыў у ранейшым жыцці (не выходзіць з дому, абмяжоўвае кантакты і г. д.). Сюды ж адносіцца самаразвіццё: адзін працуе, вучыцца, даведваецца шмат новага. А іншы нават не глядзіць у гэты бок і ігнаруе працэс партнёра.

    Гэта можа быць часовай з’явай, бо пры моцным стрэсе ў нас ва ўзмоцненым рэжыме працуюць кампенсаторныя механізмы: нехта «б’е» (робіць, дасягае, вучыцца), хтосьці «бяжыць» (адмаўленне), а хтосьці «замірае». Гэта можа быць часовым станам, але калі ён зацягваецца, то адносіны могуць аказацца пад пагрозай. Праз час блізкія людзі могуць апынуцца ў розных сусветах — пакуль адзін дасягаў і стараўся, другі ў лепшым выпадку застаўся на месцы. І часцей за ўсё з чамаданам крыўд, пачуццём неплацежаздольнасці і незадаволенасці.

    2. Адмаўленне свайго стану і неабходнасці падтрымкі

    Часам лянота, апатыя, эмацыйная нестабільнасць можа быць прыкметай дыпрэсіі. Асабліва, калі гэта суправаджаецца злоўжываннем алкаголю, бескантрольнай ежай, падвышаным запатрабаваннем у сэксуальнай разрадцы ці «запойным» праглядам фільмаў/серыялаў і г. д.

    Усё гэта можа быць несвядомай спробай стварыць сабе альтэрнатыўную рэальнасць, у якой не так трывожна… Калі партнёр знаходзіцца ў такім стане, не ўсведамляе неабходнасць дапамогі і не звяртаецца па яе, то гэта таксама зона рызыкі разбурэння адносін.

    3. Побытавыя складанасці

    Змяненні ўмоў жыцця, узроўню дастатку. Незадаволенасць назапашваецца, перарастае ў стомленасць і раздражненне. Часта ў такім стане пачынаецца «пошук вінаватага», і аказваецца ім часцей за ўсё той, хто прымаў рашэнне аб пераездзе.

    4. Крызіс трох гадоў пасля эміграцыі

    Самая вялікая колькасць разводаў прыпадае на першы год пасля пераезду, а потым на трэці-чацвёрты. З аднаго боку, нелагічна, бо гэта той час, калі ўжо ўладкаваўся побыт, наладзілася жыццё ў новай краіне, усё стала больш зразумелым і звыклым. І вось раптам, адзін з партнёраў можа заўважыць, што пакуль ён рабіў шмат, каб асімілявацца ў новае асяроддзе, іншы стаяў на месцы. Разрыў паміж імі настолькі велізарны, што расстанне можа быць непазбежным.

    Як дапамагчы сужэнцу перажыць пераезд. Парады псіхолага

    - Кажыце пра свае перажыванні. Слухайце і чуйце свайго партнёра. Гэта ўніверсальная рэкамендацыя на ўсе выпадкі жыцця. Чым больш гутарак, тым больш шанцаў, што пара знойдзе выйсце з сітуацыі.

    - Захоўвайце традыцыі і выспачкі прыхільнасці (сумесныя прагулкі і выхады, прагляд фільмаў, прыгатаванне ежы). Крызісныя перыяды і пераезд правяраюць сям’ю на трываласць, у тым ліку на прадмет блізкасці і каштоўнасцяў у адносінах. Агульнасць трэба ўвесь час шукаць і ўмацоўваць вялікія і маленькія рытуалы, якія быццам «склейваюць» пару.

    - Аб’ядноўваюць эмоцыі. Сумесныя паездкі, прагляд фільмаў і абмеркаванне. Нешта выклікала перажыванні, якімі вы можаце падзяліцца і абмеркаваць адзін з адным.

    - Увага партнёра вельмі важная. Калі выконваюцца межы, прызнаецца каштоўнасць, ёсць справядлівая ацэнка працы і ўкладанняў.

    - Разуменне сэнсу і даляглядаў адносін. Дзеля чаго вы разам? Ці плануеце вы сумесную будучыню? Для ўстойлівасці і дабрабыту пары вельмі важна разумець, што ў вас ёсць агульная мэта/мэты і кожны з вас гатовы ўзяць на сябе адказнасць за яе рэалізацыю.

    - Сямейная тэрапія. Калі напруга ў пары не становіцца меншай і нарастае, звяртайцеся за дапамогай да адмыслоўцаў. Напрыклад, гэтым летам мы з маім калегам рыхтуем ў Вільні некалькі мерапрыемстваў для пар у эміграцыі.

    Чытайце яшчэ:

    «Для іх падзеі ў нашым рэгіёне — гэта канфлікт Расіі з краінамі-спадарожнікамі». Беларускі журналіст пра наведванне Паўднёвай Карэі

    «Атрымаліся не толькі нататкі пра турэмнае жыццё». Алег Груздзіловіч — пра сваю кнігу

    Суд працягнуў знаходжанне пад вартай для журналіста Паўла Падабеда да 26 чэрвеня

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці