• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Жыццё падчас вайны: кадры, што натхняюць, ад беларуса-фатографа ў Адзесе

    Аляксандр Зянковіч — мастак камп’ютарнай графікі, які пяць год таму захапіўся фатаграфіяй і, як ён сам прызнаецца, цяпер паўсюль ходзіць з фотаапаратам. Хлопцу асабліва даюцца стрыт-здымкі. Аляксандр здымаў беларускія пратэсты, а цяпер дакументуе жыццё Адэсы падчас вайны, дзе знайшоў свой другі дом за тыдзень да падзей 24 лютага. Папрасілі яго падзяліцца назіраннямі і здымкамі з горада, які тры месяцы як стаў прыфрантавым.

    «На другі дзень у Адэсе зразумеў, што вось яно — маё»

    «Наша Ніва»: Раскажыце, калі вы з’ехалі з Беларусі і што паслужыла спускавым механізмам?

    Аляксандр Зянковіч: У мяне агулам працяглы бэкграўнд стасункаў з нашымі праваахоўнымі органамі: упершыню я пабываў на Акрэсціна яшчэ ў 2011 годзе. У 2020‑м я зноў досыць актыўна браў удзел у мітынгах і фатаграфаваў, што на іх адбывалася. Па прафесіі я IT-спецыяліст, але па светаадчуванні — фатограф. Я заўсёды з фотаапаратам, толькі ў прыбіральню без яго хаджу (пасміхаецца). 

    Здымаў я без акрэдытацыі, і ў верасні 2020-га мяне затрымалі і асудзілі на восем сутак па артыкуле 23.34 КаАП (сёння гэта 24.23. — «НН»). Пасля той адсідкі я ўжо вырашыў зрабіць сабе акрэдытацыю СМІ і афіцыйна здымаў для газеты «Новы час», але на той момант дакументы перасталі даваць хоць якую абарону, яны працавалі наадварот: на журналістаў пачалося паляванне. Мяне схапілі на маршы на Курапаты, далі 13 сутак. Пашанцавала, што не крымінальную справу — яе тады раздавалі амаль усім затрыманым.

    Пасля адседкі я ўбачыў, што амаль да ўсіх маіх экс-сукамернікаў пачалі прыходзіць паўторна. У тым ліку, напрыклад, да майго калегі з «Новага часу» Дзмітрыя Дзмітрыева.

    Я зразумеў, што мне некамфортны стан чакання таго моманту, калі і да мяне могуць завітаць а шостай раніцы.

    Плюс на фоне ўсяго гэтага мяне пачалі прасіць з’язджаць на працы. Мая фірма стварае камп’ютарную графіку, і я ўнікальны спецыяліст у тым плане, што, калі мяне затрымліваюць, праца калег таксама стопіцца. З усімі гэтымі аргументамі я прыняў рашэнне аб рэлакацыі, зрабіў візу па польскай праграме Busi­ness Har­bour. 

    «Наша Ніва»: Але потым вы неяк апынуліся ў Адэсе. 

    АЗ: У Польшчы я ўжо пачаў займацца легалізацыяй, глядзеў кватэры, але ў мяне было нейкае ўнутранае адчуванне, што гэта не маё, таму я рабіў усё вельмі павольна. І вось я купляю квіткі ў Кіеў па запрашэнні сябра, там я адразу ўдыхаю поўнай груддзю, бо нібыта трапляю ў сваё асяроддзе. Я, відаць, як рачная рыба, якая не можа ў моры: блізкае культурнае асяроддзе мне важнейшае за побытавы еўрапейскі камфорт.

    Але Кіеў як для жыцця мне таксама не вельмі спадабаўся, бо я не люблю перагружаныя гарады, дзе вялікі трафік, шмат машын, усе некуды бягуць. Я пабыў там два тыдні і вырашыў паехаць далей — паглядзець Украіну. Тым больш, ва Украіну на той момант перасталі пускаць замежнікаў. Я падумаў, што, калі з’езду, то дакладна не павандрую па краіне, бо невядома, калі вярнуся.

    Была ідэя паехаць на самы поўдзень — пачаць з Адэсы і рухацца далей па цікавых гарадах. Але на наступны ж дзень у Адэсе я адмяніў усе свае планы, бо зразумеў, што вось яно — маё месца. Я трапіў туды, дзе мне максімальна камфортна, і тут я хачу жыць.

    Я хутка ўлюбіўся ў адэсітаў: яны адкрытыя і цікавыя, імпазантныя і жывыя. У Еўропе ў дварах ужо не сустрэнеш суседзяў, якія разам гуляюць у даміно, шашлык смажаць, а тут гэта ёсць.

    Я пачаў шукаць кватэру, распытваць, як рабіць ВНЖ, збіраць дакументы. Але праз тыдзень пачалася вайна.
     

    «Я застаўся, каб дакументаваць рэальнасць»

    «НН»: Якім было ваша 24 лютага?

    АЗ: На ўскраінах бамбілі ладна, а я жыву ў цэнтры, і кватэра ў мяне з добрай гукаізаляцыяй, так што я не чуў зусім нічога. Нават калі ўключаліся сірэны.

    Прачнуўся я ад таго, што мне напісаў бацька ў вайберы. Ëн пытаў: «Санька, што там у вас адбываецца? Пішуць, што вайна». А я яму: «Ды брахня, усё ціха, у нас нічога не адбываецца, супакойся». І далей лёг спаць. Але недзе праз гадзіну тата напісаў зноў: «Не, Саша, усё ж вайна». Я залез у інтэрнэт і прачытаў, што Кіеў бамбяць, але ўсё яшчэ не мог у гэта паверыць.

    Са мной хутка звязаліся беларусы, з якімі я паспеў пазнаёміцца ў Адэсе: яны эвакуяваліся з дзецьмі і ў іх было адно месца ў машыне, клікалі з сабой. Але я сказаў, каб яны ехалі без мяне. Мне трэба было для пачатку прывесці думкі ў парадак.

    Схадзіў у душ і пайшоў паглядзець, што адбываецца ў горадзе. Выходжу, а там вакол аўтобусы, грузяцца людзі, хаос, мітусня, усе бегаюць з бауламі, выклікаюць таксі. Я блукаў у прастрацыі, не асэнсоўваючы, што рабіць.

    Што б ты не планаваў на выпадак вайны, ты ніколі не ведаеш, як насамрэч будзеш сябе паводзіць, калі над галавой пачнуць лётаць ракеты. Гэта немагчыма ўявіць. Я разлічваў, што мне хопіць мужнасці застацца і рабіць тое, што я ўмею: дакументаваць рэальнасць. Так і атрымалася.

    «НН»: Ваш працадаўца дазволіў вам застацца?

    АЗ: Мне задавалі пытанні: што там робіш, давай вяртайся ў Польшчу. Але я супакоіў калег: у мяне ўсё пад кантролем, у Адэсе бяспечна. Калі будзе навісаць рэальная небяспека, я з’еду. Я не «сарвігалава», як, напрыклад, ваенныя журналісты, якія едуць у гушчу падзей і пад кулямі здымаюць. Я нават адклаў сабе наяўныя грошы роўна на квіток на такі выпадак, бо з імі адразу пачалася праблема.

    «Ракета праляцела проста над галавой»

    «НН»: Але небяспечныя моманты пасля наступалі. Увесь свет уразіла трагічная гісторыя на Вялікдзень: калі на свята ў шматпавярховік прыляцела ракета і забіла адразу тры пакаленні адной сям’і. Ракеты ў горад прыляталі на 9 Мая і пасля. У які момант вам было страшна і хацелася, мабыць, з’ехаць?

    АЗ: Каб прам з’ехаць, такога не было.

    Першы раз я адчуў рэальны страх амаль у самым пачатку вайны, недзе на трэці дзень. Пакуль у мяне не было акрэдытацыі, усё адно хацелася неяк дапамагаць мясцовым. У Адэсе было ўжо цёпла ў канцы лютага, а я прыехаў туды ў зімовых рэчах. І вось валанцёры паўсюль пісалі, што не хапае цёплага адзення. Я вырашыў сабраць усё сваё, што было: абутак, тэрмабялізну. Спачатку не ведаў, куды несці, і, проста шпацыруючы па горадзе, натрапіў на пункт з адзеннем, якое збіралі для тэраабароны. 

    І роўна ў той момант, калі я перадаваў рэчы, раздаўся вельмі гучны выбух. Так бабахнула — усе пападалі на падлогу, кінуліся разбягацца. У выніку аказалася, што гэта спрацавала СПА, але мне на той момант здавалася, што ўсё, канец — бамбяць цэнтр. І вось калі ты ў першы раз адчуваеш настолькі блізкасць гэтай вайны, сэрца калоціцца, канечне.

    Пасля да нас неаднаразова прыляталі нізкалётныя ракеты. Неяк я гуляў у горадзе, праходзіў па парку і ракета праляцела ў мяне наўпрост над галавой. І гэта, канечне, такі жудасны гук, не апісаць. Яны тады бамбілі нафтавую базу ў горадзе. 

    Я супакойваў сябе тым, што ўсё гэта ляціць кудысьці, гэта адзінкавыя выпадкі. Тым больш, калі ты глядзіш навіны і бачыш, як там «прасуюць» Марыупаль ці Харкаў, і там людзі застаюцца пры гэтым, мая сітуацыя ў параўнанні — зусім нішто. 

    І ў выніку адбываецца нейкае прывыканне. На сірэны ўвогуле перастаеш звяртаць увагу, яны робяцца фонам, пад які ты нават не прачынаешся. Вайна робіцца новай рэльнасцю, штодзённасцю. Я сам уражваюся гэтаму, але псіхіка працуе так, што нават такія рэчы хутка робяцца нормай.

    Я сам, дарэчы, нават ні разу не спускаўся ў бамбасховішча — пакуль не адчуваў патрэбы, бо нават па тэорыі верагоднасці наўрад ці першая ж ракета прыляціць у мой дом у цэнтры. І мне важней выспацца добра і быць працаздольным, чым сядзець у падвале. Я залежны ад сну.

    У любым выпадку мы тут разумеем, што, пакуль расіяне не ўзялі Мікалаеў, нам хвалявацца ў Адэсе няма пра што. Мікалаеў так стаічна трымаўся, што мы сябе абсалютна бяспечна адчувалі. І тым больш, калі аперацыю з перыферыі звярнулі і пайшлі на Данбас.

    Так, рускія любілі пульнуць бессэнсоўнымі ракетамі на святы — як было на Вялікдзень ці 9 Мая. Але такія эпізоды больш злуюць, чым пужаюць: «Жывёліны, я нікуды не паеду, я буду тут да апошняга, буду разам з адэсітамі сядзець і кактэйлі рабіць».

    «Адэса ў першыя дні вайны нагадвала Мінск у 2020‑м»

    «НН»: Як мяняўся горад і атмасфера ў ім з пачаткам вайны і да сёння?

    АЗ: У першыя ж дні горад апусцеў — гэта першае, што кінулася ў вочы. Было нават жудасна: ты прызвычаіўся, што вуліцы запоўненыя машынамі і людзьмі, а тут на Дэрыбасаўскай ні душы. Зачыніліся ўсе бізнэсы, кафе закалацілі фанерай.

    А потым неяк хутка, праз пару тыдняў, усё вярнулася больш-менш да нормы. Спачатку людзі ў паркі з дзецьмі павыходзілі, на знакамітым рынку Прывоз пачалі нешта прадаваць, набываць. Адчыніліся крамы і гандлёвыя цэнтры, рэстараны.

    Дагэтуль, праўда, ёсць складанасці з набыццём пэўных рэчаў: зараз спёка прыйшла, і я не магу ніяк шорты знайсці чамусьці. У Адэсу ж усё новае праз порт дастаўляецца, а ён не працуе. Асартымент і памерны шэраг абмежаваны таму.

    Бліжэй да набярэжнай, канечне, усё забарыкадавана — у вожыках, мяхах з пяском. А ў цэнтры звычайнае жыццё нібыта, няма адчування, што вайна. Толькі людзей паменш і плыні бежанцаў на вуліцах, каменданцкі час з 22.00.

    «НН»: Украінцы, адэсіты адкрыліся для вас з нейкага новага боку ў гэтых абставінах?

    АЗ: Адэсіты вельмі хутка ўключыліся ў валанцёрскі варушняк. Адэсу і Львоў закранула менш, і яны сталі такімі гарадамі-хабамі, якія рэгулявалі плыні бежанцаў і дапамогі. Адэса ўзяла на сябе паўднёвы накірунак, а Львоў — цэнтральна-заходне-ўсходні. Як грыбы пачалі расці пункты прыёму дапамогі.

    Ледзь не кожная другая машына — з налепкай «валанцёр», яны загружаныя рэчамі, вадой, мяхамі з пяском, якія возяць з пляжа, каб умацоўваць будынкі і помнікі.

    Нечым гэта нагадвала адразу Мінск у 2020‑м — такім пад’ёмам салідарнасці і валанцёрскага руху.

    Усе пляжы ачэпленыя паласатамі стужкамі, там стаяць знакі «Замінавана», але знаходзяцца адэсіты, якія зусім адчайныя: яны пералазяць праз гэтыя стужкі і загараюць на пляжах усё роўна. Паліцыя дзяжурыць і ганяе іх. Тады мясцовыя загараюць, дзе атрымліваецца: на бетоннай частцы пляжаў, на летніх тэрасах кафэ, напрыклад. Але купацца ў моры зараз немагчыма: тыя месцы, дзе тэарэтычна можа высадзіцца дэсант, замінаваныя.

    «НН: Якія зараз настроі ў украінцаў, з якімі вы кантактуеце?

    АЗ: Тут як і ў нас у 2020‑м годзе — вечныя арэлі: сёння мы перамаглі, а заўтра — усё прапала. Са многімі мясцовымі валанцёрамі мы ўжо сябруем, і вось яны па-рознаму кажуць. Часам натхнёныя: вось, увесь свет з Украінай, мы пераможам, пойдзем у контрнаступ. Але як толькі пачынаюць з’яўляцца нейкія навіны пра затрымкі з узбраеннем, з немагчымасцю ўзгадніць эмбарга на імпарт нафты з Расіі з боку Венгрыі (знакамітая еўрапейская цяганіна) — усё гэта прыбівае іх у такія моманты. Я іх вечна супакойваю, кажу: «Уявіце, Расія ўсе свае рэсурсы кінула на гэтую вайну на невялікім участку і вынікі ніякія. А з узбраеннем новым вы адаб’ецеся ад оркаў».

    Канечне, на ўвесь гэты эмацыйны стан накладваецца стомленасць.

    «НН»: Сутыкаліся з негатыўным стаўленнем да сябе праз тое што вы — беларус?

    АЗ: Негатыву праз тое менавіта, што я беларус, не было. У мяне тут рэгулярна правяраюць дакументы, мінімум раз на тыдзень паліцэйскія ці вайскоўцы. Правяраюць пашпарт, і калі я аддаю ім яго, рэакцыі асаблівай нейкай не бачу на тое, што ён беларускі.

    Была рэакцыя толькі на фотаапарат. Аднойчы бабуля ўбачыла, што я з ім гуляю, пачала распытваць, адкуль я і хто такі. І калі пачула, што беларус, у яе здарылася істэрыка. Яна пачала спыняць машыны, крычаць: «Тут беларус нешта здымае, дапамажыце!» Адны валанцёры ў выніку спыніліся, падышлі праверыць мае дакументы і супакоілі бабулю тым, што «я — добры беларус».

    Яшчэ аднойчы гуляў па спальным Кіеўскім раёне. Там ёсць Паўднёвы рынак і від цікавы, эклектычны на яго фоне — царква з залатымі купаламі і прадпрыемства. Я толькі пачаў гэта фатаграфаваць, як падбеглі нейкія мужыкі, схапілі мяне і пачалі пагражаць: «Ага, патрапіўся, шпіён».

    Бэйджык іх мой не пераконваў, прасілі пашпарт, але я сказаў, што пакажу яго толькі ў прысутнасці паліцыі. Іх гэта супакоіла, яны сфоткалі мой бэйджык, але на развітанне сказалі, што калі да іх нешта прыляціць (у сэнсе — ракета), то мне «п****ц». У мяне тут няма злосці, бо я разумею, чаму яны так, і гэта яшчэ акурат той раён, дзе раней недалёка прыляцела тая ракета на Вялікдзень.

    «Нават у Гітлера былі саюзнікі, у Пуціна іх няма, таму Украіна пераможа»

    «НН»: Вы застаецеся дакументаваць вайну ва Украіне? 

    АЗ: Так, і я б увогуле хацеў, як і раней, пабываць не толькі ў Адэсе. Але я ж толькі з беларускім пашпартам пакуль. Старыя ВНЖ беларусам працягваюць, а новыя пакуль амаль не выдаюць.

    Дом у мяне, канечне, у Беларусі, і я туды вярнуся, як толькі зменіцца сітуацыя, адчую, што для мяне там цалкам бяспечна. А пакуль я не магу вярнуцца, то мой другі, актуальны дом — Украіна.

    У мяне няма ніякіх сумневаў, што Украіна пераможа, незалежна ад таго, як будзе развівацца сітуацыя на Данбасе. Ніводнай дзяржаве не ўдавалася перамагчы ў вайне ў адзіноце. Нават у Гітлера былі саюзнікі, у Пуціна іх няма.
    Советы по использованию научных исследований в журналистских материалах

    Советы по использованию научных исследований в журналистских материалах

    Аб прастрэленай назе і ўцёках праз балота: у Германіі вышла кніга пра беларусак

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці