Журналіста выганяюць з выбарчага ўчастка: як гэта было і што рабіць самому?
ЦВК Беларусі ў чарговы нагадала сябрам участковых выбарчых камісій пра тое, што паводле заканадаўства неабходна даваць журналістам інфармацыю пра ход галасавання, адказваць на іх пытанні і дазваляць весці фота- і відэазапіс на ўчастку.
Падобныя парады давалі сябрам камісій і ў часе мінулых электаральных кампаній. Тым не менш, з забаронай здымкаў на ўчастках журналісты сутыкаліся амаль на кожных выбарах.
Прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прыгадала некаторыя сітуацыі, звязаныя з доступам журналістаў да інфармацыі на выбарчых участках.
25 верасня 2008 года (парламенцкія выбары) у Мінску фатографу газеты “Народная воля” Юрыю Дзядзінкіну не дазволілі здымаць датэрміновае галасаванне на выбарчым участку са спасылкай на забарону старшыні камісіі.
23 верасня 2012 года (парламенцкія выбары) пазаштатнага журналіста газеты “Новы Час” Мікіту Броўку выдалілі з участка для галасавання ў Мінску, калі ён сабраўся здымаць на відэа працэс падліку галасоў. У той жа дзень на выбарчым участку ў Мінску міліцыя затрымала журналіста “Комсомольской правды” Дзмітрыя Ласько. Затрыманне адбылося пасля таго, як той адмовіўся выдаліць зробленыя на ўчастку фотаздымкі.
20 сакавіка 2014 года (мясцовыя выбары) журналістцы «Брестского курьера» Іне Хоміч не далі сфатаграфаваць выніковы пратакол галасавання. А 23 сакавіка пазаштатнай фотакарэспандэнтцы БелаПАН Валянціне Зянковай не дазволілі рабіць фотаздымкі на выбарчым участку ў Барысаве.
Што рабіць, калі Вам перашкаджаюць працаваць на выбарчым участку?
1. Адразу ж звярнуцца ў ЦВК Беларусі па тэлефоне +375(17)3271903 і паведаміць пра выпадак.
2. Напісаць пісьмовую скаргу на імя старшыні ўчастковай камісіі з указаннем фактаў і кантактаў сведак таго, што Вам перашкаджалі працаваць на ўчастку.
3. Паведаміць пра выпадак калегам у ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” па тэлефоне +375(29)1267098 для распаўсюду інфармацыі, а таксама назіральнікам.