• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    ЦВК – участковым камісіям: Журналісты могуць фатаграфаваць падлік галасоў

    Напярэдадні выбарчай кампаніі Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў распрацавала «Прыкладны сцэнар трэнінга для сябраў участковых камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (зацверджаны Пастановай ад 1 ліпеня 2015 г. № 19).

    Мэтай правядзення такіх трэнінгаў (дзелавых гульняў) з’яўляецца падрыхтоўка сябраў выбарчых камісій да выканання сваіх функцый на выбарах шляхам мадэлявання і вырашэння сітуацый, што могуць узнікнуць на ўчастках для галасавання.

    Тэма трэнінгу: «Свабодныя, дэмакратычныя выбары – празрыстыя працэдуры».

    У часе трэнінгу яго ўдзельнікі павінныя навучыцца прымяняць на практыцы выбарчае заканадаўства, набыць навыкі па «забеспячэнні дэмакратычнасці і транспарэнтнасці выбарчага працэсу, адкрытасці і празрыстасці падліку галасоў і вызначэння вынікаў галасавання».

    Перадвыбарчыя трэнінгі павінныя быць праведзеныя ў тэрмін да 6 кастрычніка 2015 года. Графік іх правядзення знаходзіцца ў Цэнтрвыбаркаме. Дзелавыя гульні для сябраў камісій могуць праводзіцца на ўзроўні раёна, горада абласнога падпарадкавання, раёна ў горадзе. Пры правядзенні трэнінгу маюць права прысутнічаць назіральнікі, прадстаўнікі СМІ.

    Пры мадэляванні сітуацый падчас трэнінгу яго ўдзельнікі выконваюць розныя ролі (выбаршчыкаў, сябраў камісіі і інш.). Ролі назіральнікаў і прадстаўнікоў СМІ могуць выконваць рэальныя назіральнікі, акрэдытаваныя пры ўчастковай камісіі, і журналісты, прысутныя на трэнінгу.

    У «Прыкладным сцэнары трэнінгу …» прадугледжаныя дзве сітуацыі з удзелам журналістаў. Прадстаўнікам СМІ, якія збіраюцца асвятляць правядзенне выбараў, будзе карысна з імі азнаёміцца.

    uchastak.jpeg

    СІТУАЦЫЯ 4. 9 кастрычніка ў 18.00 на ўчастак для галасавання прыбылі галоўны рэдактар ​​адной з нямецкіх газет і журналіст беларускай FM-радыёстанцыі. Прадстаўнік нямецкага выдання прад’явіў старшыні камісіі пасведчанне супрацоўніка газеты і дакумент аб яго акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь, выдадзены Міністэрствам замежных спраў Беларусі, а карэспандэнт беларускага радыё – сваё пасведчанне журналіста. Супрацоўнікі дадзеных СМІ папрасілі старшыню расказаць пра ход галасавання на ўчастку, адказаць на некаторыя пытанні і дазволіць ім правесці фота- і відэаздымку.

    Старшыня камісіі сказаў журналістам, што яны павінныя атрымаць акрэдытацыю Цэнтральнай камісіі, а паколькі ў прадстаўніка нямецкай прэсы яе няма, то старшыня на яго пытанні адказваць не будзе. Старшыня пагадзіўся адказаць на пытанні беларускага журналіста, але праводзіць фота- і відэаздымку без ўзгаднення з тэрытарыяльнай камісіяй не дазволіў.

    Кіраўнік дзелавой гульні прапануе ўдзельнікам трэнінгу даць ацэнку рашэнню старшыні камісіі.

    Правільнае рашэнне: Расказаць пра ход галасавання на ўчастку, адказаць на пытанні і дазволіць правесці фота- і відэаздымку абодвум журналістам.

    Прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі асвятляюць падрыхтоўку і правядзенне выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Карэспандэнты замежных сродкаў масавай інфармацыі ажыццяўляюць сваю дзейнасць на падставе акрэдытацыйнага пасведчання (карткі), выдадзенага Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь, карэспандэнты беларускіх СМІ – на падставе пасведчання, выдадзенага рэдакцыяй СМІ.
    Узгаднення па выкананні журналістамі сваіх прафесійных абавязкаў на ўчастку для галасавання з тэрытарыяльнай камісіяй не патрабуецца.

    СІТУАЦЫЯ 20. Фотажурналіст, які прысутнічае пры падліку галасоў, пачаў фатаграфаваць сябраў камісіі, якія ажыццяўляюць падлік. Старшыня камісіі заявіў, што фотажурналіст перашкаджае працы камісіі і павінен спыніць здымкі, інакш будзе выдалены з памяшкання ўчастка. Фотажурналіст заявіў, што выконвае рэдакцыйнае заданне і не адцягвае ўвагу сябраў камісіі ад іх працы. Старшыня яшчэ раз папярэдзіў фотажурналіста, што пасля чарговага здымка ён будзе выдалены з памяшкання.

    Кіраўнік дзелавой гульні пытаецца ва ўдзельнікаў трэнінгу, як бы яны паступілі ў дадзенай сітуацыі.

    Правільны адказ: Фотажурналісту не варта перашкаджаць праводзіць здымкі. Фотажурналіст не парушае заканадаўства, паколькі права прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі на асвятленне падрыхтоўкі і правядзення выбараў прадугледжана Выбарчым кодэксам.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці