• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіст і пісьменнік Аляксандр Чарнуха: «Варта будаваць свой кантэкст, менш жыць у расійскіх наратывах»

    Дэбютны раман «Свінні» журналіста Аляксандра Чарнухі быў напісаны на расійскай мове, але сёлета выйшаў па-беларуску — у перакладзе пісьменніка Алеся Плоткі. З прэзентацыяй беларускамоўнага выдання Аляксандр выправіўся ў турнэ па Еўропе. Першай кропкай стала Познань — далей будуць Літва, Латвія, Грузія, Нямеччына, Бельгія, Данія, Нідэрланды. Сустрэліся з Аляксандрам Чарнухам у Познані ды паразмаўлялі пра складнасці перакладу на беларускую, а таксама пра тое, ці мог бы быць у кнізе хэпі-энд і як змагацца з «рускім мірам» у галовах ва ўмовах беларусіх рэалій.

    Пра што раман «Свінні»

    «Свінні» — сатырычны раман пра тое, што адбывалася ў Беларусі ў 2020 годзе і пра тое, што адбываецца цяпер. Напісанне кнігі стала для мяне своеасаблівай тэрапіяй — я працаваў журналістам па 20 гадзін, бачыў пратэсты на ўласныя вочы — было невыносна. Хацелася гаварыць, але існавала небяспека падставіць калег і блізкіх. У мяне не было плана, як не было і ўцямнай лінейнай фабулы. Я здзейсніў падарожжа ў адзін бок з кастрычніка 2020-га па красавік 2021-га — «набыў квіток» і паехаў, куды вочы глядзяць. Пакуль пісаў, адбываліся розныя падзеі, давалі прастору для новых сюжэтаў. Спачатку здавалася: усё, што я напісаў — выключна мае фантазіі. Але з цягам часу стала зразумела: у кнізе цесна пераплецены прыдуманыя і непрыдуманыя гісторыі, фікшн і нон-фікшн», — разважае Аляксандр Чарнуха.

    Падзеі ў кнізе адбываюцца вакол райцэнтра Груздзева — у вёсцы Качанава раптоўна пачынаюць паміраць свінні. У беларускай традыцыі свіння — сакральная жывёла: калі ёсць кабанчык, то ўжо жывеш, моцна стаіш на нагах. Мясцовыя жыхары занепакоены, а ўлады кажуць, што эпідэміі не існуе — гэта выдумка, нарэшце усё будзе добра, дый без свінні можна жыць. Падзеі прыводзяць да дэстабілізацыі абстаноўкі ў раёне.

    «Негледзячы на абставіны, не хацелася рабіць кнігу змрочнай, сумнай, — кажа Аляксандр. — Лічу, што смех — наша зброя, тое, што дапамагае жыць у складаных умовах, робіць нас мацнейшымі. Калі смяешся, персанажы робяцца ўжо не такімі вялікімі, не такімі сур’ёзнымі, якімі хочуць выглядаць. Яны разумеюць, што губляюць уладу, калі людзям становіцца смешна».

    Пра асаблівасці беларускамоўнага выдання

    — Год таму вы напісалі «Свінні» на расейскай мове, каб падкрэсліць, як рускі мір праглынае Беларусь. Чаму вырашылі зрабіць пераклад на беларускую?

    — Першапачаткова хацелася, каб кніга выйшла адразу на дзвюх мовах — каб быў выбар, як зручней чытаць. Перакладам заняўся беларускі пісьменнік Алесь Плотка — але ён у той час жыў у Кіеве, праца замарудзілася, толькі праз год пасля выхаду кнігі па-расійску мы здолелі яе здзейсніць. Гэта не проста пераклад — Алесь, прачытаўшы кнігу, па-свойму яе пераасэнсаваў, вызначыў, як яна мусіць выглядаць па-беларуску.

    Быў такі нюанс. Чыноўнікі не размаўляюць на беларускай мове — рабіць іх лепшымі, чым яны ёсць на самай справе, было б няшчыра. У кнізе шмат канцылярызмаў, не ўласцівых для беларускай мовы — складана перакладаць канструкцыі, якія здароваму чалавеку ў галаву ніколі не прыйдуць. Было няпроста, але ў Алеся атрымалася: у беларускай версіі персанажы пачалі размаўляць на трасянцы, прычым, кожны на сваёй, бо ўніфікаванай трасянкі не існуе. За кошт гэтага атрымалася пакінуць у кнізе шмат цікавостах і пасхалак.

    Пра экстрэмізм і хэпі-энд

    — Калі чытаеш кнігу, падаецца, што большасць персанажаў існуюць насамрэч. Як атрымалася перадаць рэчаіснасць? Працавалі ў дзяржаўнай установе, ці гэта жыццёвыя назіранні?

    — Па размеркаванні два гады працаваў у рэспубліканскай «Народнай газеце». Цікава, што да 2020 года ў яе быў слоган «Жыве Беларусь!». Потым яго прыбралі. У рэдакцыі такіх персанажаў было багата — у кнізе для іх таксама ёсць пасхалкі, магчыма, хтосьці з іх сябе пазнае. 

    Аднойчы галоўны рэдактар выпраўляў на «Славянскі базар» журналіста і даў яму рэдакцыйнае заданне: «Калі атрымаецца, вазьміце інтэрв’ю ў Марка Шагала». Гэта ўсё, што трэба ведаць пра ўзровень адукацыі большасці тых, хто працуе ў такіх установах. Я б не здзівіўся, каб інтэрв’ю сапраўды атрымалася. Калі б чалавек прывёз яго са спірытычнага сеанса з Маркам Шагалам, яму б сказалі: «Во, з крэатывам падышоў!»

    Шмат такіх чыноўнікаў пабачыў, калі працаваў у «Анлайнеры». Мяне затрымлівалі на дзесяць гадзін падчас разгрому TUT.BY — таксама атрымаў цікавы антрапалагічны досвед.

    — Кнігу прызналі экстрэмісцкай?

    — Не, яна не прызнана экстрэмісцкай. Мне падаецца, што, калі чыноўнік адкрые кнігу, ён скажа: «Нармальна, усё правільна напісаў — пра нас». Для іх звычайная рэч — вар’яцець ад уласнай важнасці. Хаця кажуць, што экстрэмізм — гэта знак якасці тваёй працы.

    — Ці ёсць у кнізе станоўчыя героі?

    — Мне падаецца, што не. «Свінні» — вельмі непрыемны сусвет, хацелася б, каб чалавек максімальна паглыбіўся ў яго і зразумеў — ніколі зноў.

    — У кнізе ўсё скончылася сумна. А ці мог у яе быць хэпі-энд?

    — Я не люблю хэпі-энды, таму што яны не прымушаюць нас думаць, рэфлексаваць. Хэпі-энд — гэта калі ты, прачытаўшы кнігу, закрыў яе з думкамі: «Добра, што ўсё шчасліва скончылася, я пайшоў далей». Калі ёсць шматкроп’е ці сумная кропка, мусіш падумаць, чаму так адбылося, што можна зрабіць, каб такога больш не здарылася. Гэта важнае пытанне, якое кожнаму з нас варта задаць сабе.

    Пра планы і змаганне з «рускім мірам»

    — Ці ёсць у думках напісаць кнігу, у якой будзе не проста адлюстраванне цяперашняй беларускай рэчаіснасці?

    — Ёсць пасляслоўе да «Свінняў» — апавяданне «Рука»: пра тое, як адкапалі мёртвага чыноўніка і паставілі яго перад людзьмі казаць прамову. Яно напісана ў жанры некрасатыры — мне падаецца, што я ўжо адыходжу ад рэальнага ў бок нерэальнага. Гэта не зусім фантасмагорыя, а хутчэй мікс з містычнага рэалізму. Скончана яшчэ адно апавяданне — яго нікому пакуль не паказваў. Не вельмі б хацеў акрэсліваць пісьменніцкія планы — калі нешта паабяцаў, абавязаны выканаць. З маім тэмпам гэта не заўсёды рэальна.

    — Як думаеце, што можна рабіць, каб змагацца з «рускім мірам» у галовах? Ці магчыма гэта рабіць цяпер у Беларусі ва ўмовах рэчаіснасці «Свіней»?

    Варта будаваць свой кантэкст, менш жыць у расійскіх наратывах. Разумею, што гэта гучыць ідэалагічна, але калі будзем ствараць штосьці сапраўды цікавае па-беларуску, а не сілкавацца тым, што нам даюць адтуль, апынемся самастойнымі, у нас будуць свае сваркі, свае спрэчкі, свае героі і антыгероі.

    Чытайце яшчэ:

    Той выпадак, калі газета выратавала тысячы жыццяў. У якім стане цяпер украінская журналістыка

    «Бабулька-симпапулька». Гомельские пропагандисты скоординировали ботов, чтобы доказать реальность киберпенсионерки

    Мільёны праглядаў і тысячы каментароў: як беларускі журналіст папулярызуе родную мову праз Цік-Ток

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці