Заяўкі па радыё, малюнкі ў камерах, лісты падтрымкі. Пра тое, што дапамагала ў няволі, распавядаюць блогеры і журналісты
Сёння, 29 ліпеня, праходзіць Марафон салідарнасці з беларускімі палітычнымі вязнямі «Нам не ўсё адно!». У анлайн-акцыі прымуць удзел больш за 20 медыя. БАЖ таксама далучаецца да марафону. Сабраныя грошы будуць накіраваныя на дапамогу палітвязням і іх родным. А пакуль нагадаем, што адчувалі журналісты і блогеры, якія зусім нядаўна самі знаходзіліся ў месцах зняволення. Іх словы дапамагаюць зразумець, што дазволіла выжыць за кратамі.
Вольга Лойка: «За кожным сядзельцам павінен стаяць хтосьці “рэсурсны”»
Былую галоўную рэдактарку палітыка-эканамічнага блока Tut.by затрымалі ў траўні 2021 года, калі была разгромленая рэдакцыя буйнейшага незалежнага сайта Беларусі.
У сакавіку 2022 года журналістку вызвалілі. Цяпер яна знаходзіцца па-за межамі Беларусі. У гэтым годзе было абвешчана пра запуск новага медыя — Plan B, галоўнай рэдактаркай якога стала Вольга Лойка.
Відавочна, што месяцы зняволення даліся журналістцы з розных прычын няпроста. У нядаўнім інтэрв’ю «Позірку» яна распавяла:
— Ключавы момант у тым, што літаральна за кожным сядзельцам павінен стаяць хтосьці «рэсурсны». Не ў плане грошай, а ў плане ўвагі да тваіх патрэбаў, гатовы пастаянна, у штотыднёвым рэжыме быць у кантакце з адвакатам, закупляць прадукты і рэчы па спісе. Стаяць у чэргах, перадаваць крэм-шампунь-пілачку-ежу.
Таксама яна адзначае важнасць паслуг адваката, які нярэдка выконвае ролю пасярэдніка паміж знешнім светам і зняволенымі.
Паводле журналісткі, цяпер трэба вызваляць людзей рознымі спосабамі, у тым ліку з дапамогай перамоў з рэжымам.
— Калі ёсць ідэя, як вызваліць палітвязняў без перамоў і саступак, агучце, але я яе не бачу. Мы проста чакаем чагосьці. Напрыклад, што Украіна пераможа, і потым нешта здарыцца такое, што прывядзе да саступак з таго боку.
Апанентам яна прапануе разглядаць гэтае пытанне ва ўласнай праекцыі.
— Калі мы можам вызваліць дзесяць чалавек — ці варта парыцца? Напэўна, варта. Калі ў іх лік можа патрапіць блізкі табе чалавек. За год там фактычна руйнуюцца сем’і, ты выходзіш без прафесіі, працы, дапамогі, якія дазволяць наладзіць узровень жыцця да зняволення.
Далучайцеся да Марафона салідарнасці з беларускімі палітычнымі вязнямі «Нам не ўсё адно!»
Былая палітзняволеная заклікае не палохацца такіх абмеркаванняў, а ўзгадаць лёс канкрэтных асоб.
— Ёсць Статкевіч, а ёсць Фядута, напрыклад, з цяжкім станам здароўя, альбо Маша Калеснікава, у якой была адна канцэпцыя, да таго, як яна захварэла, а пасля — сітуацыя стала іншай. Гэта значыць, мы разумеем, што чалавек не дасядзіць.
Аляксандр Івулін: «Галоўны капітал — гэта неверагодныя людзі»
Склалася адчуванне, што вядомы спартыўны журналіст, правёўшы амаль два гады за кратамі, не змяніўся і захаваў аптымізм нават пасля несправядлівага выраку (яго судзілі за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
— Гэта вельмі карысная штука — не планаваць чагосьці, каб пасля не расчароўвацца, — падзяліўся ён з Tribuna.com сваім бачаннем у першым вялікім інтэрв’ю пасля вызвалення. — Многія людзі, асуджаныя па палітычных артыкулах, ставяць сабе нейкія знакі, чакаюць нейкага моманту — і потым іх няблага «накрывае», калі ў гэты самы момант чагосьці задуманага не здараецца. Я разумеў, што мой тэрмін рана ці позна скончыцца — ну а далей разбярэмся, што рабіць.
За кратамі з’явілася дакладнае разуменне, што галоўны капітал зароблены за 30 гадоў, адзначыў Аляксандр Івулін, гэта неверагодныя людзі. А больш за ўсё яму хацелася ўбачыць блізкіх і абняць бацькоў.
Журналіст таксама адзначыў важнасць лістоў з волі.
— Я адказваў кожнаму. Натхняла, што чалавек па той бок плота, нягледзячы на ўвесь трэш, які творыцца наўкол, знайшоў час і сілы, каб мяне падтрымаць. І як пасля гэтага можна не адказаць?
Трэба знайсці ў лістах баланс паміж пазітывам і негатывам, лічыць Аляксандр Івулін. Расказваць чалавеку, што адбываецца, каб ён не страціў сувязь з рэальнасцю.
— Лепш за ўсё, калі адчуваеш эмпатыю і клопат, і вельмі важна разумець, што ты не адзін і пра цябе памятаюць.
Падтрымайце грашыма палітычных зняволеных і іх сем’і!
Усе данаты будуць збірацца на адзіны рахунак, адкуль сабраныя грошы размяркуюцца паміж фондамі, ініцыятывамі і арганізацыямі, якія дапамагаюць палітзняволеным і іх родным.
У той жа час самым складаным момантам журналіст назваў хвіліны пасля апошняга слова.
— Пра маю сямейную гісторыю ніхто не ведаў, я стараўся яе не выносіць — не люблю, калі мне спачуваюць, таму і не хацеў пра гэта расказваць. На «судзе» ўсё гэта казаць было рэальна цяжка. Момант быў суперэмацыйным (Івулін распавёў пра старэйшага брата з асаблівасцямі псіхічнага і фізічнага развіцця, прызнанага інвалідам — Tribuna.com).
Пазней, у гутарцы з «Нашай Нівай», Аляксандр Івулін заўважыў, што зняволенне — досвед, які застаецца з ім і які зрабіў яго лепшым. Філасофская думка, але далёка не ўсе так ацэньваюць турэмны вопыт.
— Бірка ў мяне была з усмешкай, ды і сам я пастаянна ўсміхаўся, мяне праз гэта сцябалі і іншыя вязні, і канваіры — маўляў, што ты такі задаволены? Урэшце проста казаў, што ў мяне такі прыкус, адчапіцеся ад мяне. Усміхацца было маёй пазіцыяй, такой схаванай формай пратэсту.
Аднак былы палітвязень не ішоў супраць правілаў зоны і нікому гэтага не раіць.
— Калі ты іх прытрымліваешся, калі ты нармальны чалавек са стрыжнем, усё будзе файна. Хаця і ў мяне там не ўсё было класна, месяцы чатыры сышло на адаптацыю.
Хлопец таксама папярэджвае і пра зваротны працэс — акліматызацыю на свабодзе: гэта таксама вельмі няпроста.
Алег Груздзіловіч: «Напярэдадні Новага года выпаў снег, і мы ўбачылі віншаванні»
А вось досвед журналіста Радыё «Свабода», які падрабязна расказаў пра месяцы ў СІЗА і калоніі ў кнізе «Мае турэмныя муры», што была прэзентаваная на гэтым тыдні ў Вільні.
Стратэгіяй Алега Груздзіловіча было імкненне жыць нармальна, наколькі гэта магчыма, насуперак ціску і жорсткім умовам утрымання. З сукамернікамі ён нават Новы год адзначаў, пра што расказваў у інтэрв’ю БАЖ.
— Мы з задавальненнем хадзілі на шпацыр ва ўнутраны двор СІЗА. Напярэдадні Новага года выпаў снег, і мы ўбачылі віншаванні, якія пакінуў нехта са зняволеных. Самі таксама рабілі святочныя надпісы, а на сценах з дапамогай гліны малявалі бела-чырвона-белыя сцяжкі. Такая вось партызаншчына.
Такія парады, дарэчы, даюць псіхолагі: наколькі магчыма спрабаваць захаваць суб’ектнасць. Выконваць дзеянні, якія нагадваюць пра звычайнае жыццё па-за межамі турмы. І журналіст выконваў — прыкмячаў дэталі да будучай кнігі, маляваў, размаўляў з сукамернікамі.
— Для мяне самы блізкі чалавек — гэта мая жонка, я падумаў, што трэба тут яе мець пры сабе, — піша ў кнізе былы палітвязень. — На адрэзку трубы я тынкам намаляваў яе партрэцік, цэлы дзень хадзіў, з ёй размаўляў. Але ўвечары мусіць прыйсці праверка. Я падумаў: яны ж яўна пабачаць. І замазаў трохі свой партрэт. Мне было зразумела, што гэта жонка, а ім — не.
Гэта спроба кампенсаваць адсутнасць нармальнай абстаноўкі, родных, блізкіх, тлумачыў Алег Груздзіловіч. Ну і хочацца таксама разнастайнасці, у СІЗА ж сумна, кожны дзень — адно і тое ж.
— З мякішу хлеба зрабіў фігурку жонкі. У мяне была рознакаляровая зубная паста, я яе размаляваў. Атрымалася яна ў сініх джынсах і ружовай кофтачцы. І потым я з гэтай фігуркай размаўляў. Падчас праверак гэта ўвесь час быў такі захапляльны трылер: я яе захоўваў, хаваў у поліэтыленавы пакецік, і яе ні разу не знайшлі.
Яшчэ адна агульная рыса, якую адзначаюць былыя палітвязні, — думкі пра родных, за якіх перажываеш, бо яны турбуюцца за цябе. Такі вось замкнёны круг, які разарваць вельмі цяжка.
— У мяне ўражанне, што на волі больш хаваюць думкі, чым там, у няволі. Мы ходзім, у нас жоўтыя біркі, мы такія. А на волі, калі ты будзеш праяўляць сябе, цябе з працы звольняць, і рэальна гэта адбываецца. Шмат хто ў мяне там пытаўся: «Ці дарэмна мы там сядзім? Няўжо вы думаеце, што дарэмна?». Я заўжды адказваў, што не, не дарэмна. Толькі хтосьці думае, што гэта ўсё адбудзецца значна раней. Я не з іх ліку. Я думаю, што гэта адбудзецца пазней. Можа, яшчэ пройдзе цэлы цыкл дзесяцігадовы. Бо не вырашаюцца такія праблемы за мяжой. З‑за мяжы можна дапамагчы, спрыяць. А ўсё вырашаецца ў Беларусі.
Аляксандр Кабанаў: «На радыё не ведаюць, каму віншаванне, і прымаюць заяўкі»
Блогер быў затрыманы яшчэ да выбараў у 2020 годзе. А вызваліўся толькі напрыканцы мінулага года. Ён даволі актыўна вярнуўся ў медыйную прастору, з’ехаўшы з Беларусі. Перыядычна Аляксандр Кабанаў узгадвае часы, праведзеныя за кратамі.
— Я ўпэўнены, што ўмовы інфармацыйнай ізаляцыі — гэта загад з самага верху. Начальнік калоніі ці турмы такія пытанні не вырашае. У Мінску разумеюць, што сядзяць шмат палітычных, і іх спрабуюць ізаляваць ад любой інфармацыі. Складаюцца спісы, каму што можна, а што нельга. Часопіс «Мурзилка»? Можна. Расійскія газеты? Можна. А незалежныя беларускія выданні — не. Думаць там недапушчальна.
Навіны прыходзяць у месцы зняволення са спазненнем, але ж прыходзяць. Адна з крыніц — адвакаты, якія прыходзілі з раздрукоўкамі навін.
— На сустрэчу я браў ручку, паперу і рабіў нататкі. Пасля ў камеры абмяркоўвалі. Але адвакат прыходзіў тры-чатыры разы на год.
Каб прабіць ізаляцыю, блізкія палітвязняў часам ідуць на хітрыкі. Блогер падзяліўся адным такім лайфхакам:
— У камерах, праўда не ва ўсіх, ёсць радыё. І па вечарах там круцяць праграму «Віншуем-Жадаем», штосьці такое, дакладную назву не памятаю. Дык вось, на радыё не ведаюць, каму віншаванне, і прымаюць заяўкі, толькі не трэба паказваць, што чалавек арыштаваны. Мяне так некалькі разоў віншавалі, і гэта крута.
Чытайце яшчэ:
Публікацыя фільма пра пратэсты выклікала гучны рэзананс. Прычына — у бяспецы. Што кажуць аўтар і медыя?
«Беларусы зноў пачнуць чытаць газеты, калі зразумеюць, што там пішуць праўду». Гутарка з Віктарам Марчуком
Леанід Судаленка: «Маці думала, што я амаль тры гады быў за мяжой на заробках…»