• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Публікацыя фільма пра пратэсты выклікала гучны рэзананс. Прычына — у бяспецы. Што кажуць аўтар і медыя?

    Вялікі рэзананс выклікаў дакументальны фільм пра беларускія пратэсты, які з’явіўся на YouTube-канале RU Delfi Литва. Праваабаронцы мяркуюць, што відэа можа выклікаць новую хвалю затрыманняў. БАЖ звярнуўся па каментары да аўтара фільма і прадстаўніка медыя.

    Праваабаронцы: такія матэрыялы могуць быць выкарыстаныя для крымінальнага пераследу людзей

    Фільм называецца «Хроника настоящего» і з’явіўся на YouTube-канале RU Delfi Литва незадоўга да гадавіны выбараў — днём у панядзелак, 24 ліпеня. Яго аўтар — журналіст і дакументаліст Мікалай Мамінаў.

    — У якасці аператара ён фіксаваў на мабільны тэлефон у храналагічным парадку пратэсты беларусаў, абураных фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў, — анансавалі фільм на YouTube. — Мікалай таксама аказаўся сярод затрыманых, а ягоны тэлефон быў адабраны як рэчавы доказ. Цяпер кадры з гэтага тэлефона — дакументальнае пацверджанне жадання беларусаў пазбавіцца ад Лукашэнкі і злачынстваў ягонага рэжыму. У фільме развіваюцца і фіксуюцца падзеі 2020 года ажно да затрымання аўтара 20 верасня.

    Фактычна фільм — гэта мантаж відэа, зробленых на вуліцах Мінска ў розныя дні пратэсту. Напрыклад, на кадрах зафіксаваныя самыя гарачыя падзеі, якія пачаліся адразу пасля выбараў на пр. Машэрава і вул. Сурганава (9 і 10 жніўня 2020 года). Трэба адзначыць, што твары актыўных удзельнікаў вечаровых падзей былі ў асноўным заблюраныя.

    Але ж пратэстоўцы, якія трапілі на відэа падчас нядзельных маршаў, добра пазнавальныя. Сярод іх, напрыклад, БАЖ заўважыў былых палітзняволеных.

    Ужо праз некалькі гадзін фільм выклікаў хвалю абурэння. Многія гледачы пыталіся, навошта было публікаваць відэа ў самы разгар рэпрэсій і даваць казыры ў рукі рэжыму.

    Падліў смалы ў агонь карыстальнік з нікам, які намякае на яго датычнасць да найбольш жорсткага ўпраўлення МУС, што займаецца рэпрэсіямі. Ён сцвярджаў, што нібыта відэа з’яўляецца падставай для распачынання крымінальных спраў за блакаванне праезджай частцы дарогі.

    Праваабаронцы з «Вясны» таксама занепакоеныя. У Telegram-канале арганізацыі яны папярэдзілі: «Адзначым, што такія матэрыялы могуць быць выкарыстаныя для крымінальнага пераследу людзей паводле арт. 342 КК».

    У хуткім часе фільм быў выдалены з YouTube. Але за гэты час яго паспелі паглядзець некалькі тысяч чалавек. Тыя ж сілавікі, меркавана, паспелі яго спампанаваць і перазаліць на свой канал, пакінуўшы пагражальны каментар.

    Аўтар фільма: Блюрыць тысячны натоўп, які проста ідзе, не мае ніякага сэнсу

    БАЖ звярнуўся па каментар да аўтара фільма Мікалая Мамінава (раней з ім на сайце выходзіла інтэрв’ю). Той выказаў сваю пазіцыю:

    — Дзесьці два месяцы таму фільм выйшаў на літоўскім кабельным тэлебачанні. А на працягу двух гадоў размяшчаліся цізеры да яго. Гэта не першая праца, якая дэманструе падзеі 2020 года. Цяпер вырашылі зрабіць прэм’еру дакументальнага фільма ў стылі без каментароў на RU Delfi Литва.

    Журналіст ведае, які рэзананс выклікала размяшчэнне відэа.

    — Такое ўражанне, што ўсе знаходзяцца ў вакууме. І ў «Радыё Свабода», і ў «Настоящего времени» ёсць у адкрытым доступе такія ж кадры, як у мяне, толькі знятыя журналістамі, якія былі побач са мной. Прычым [відэа] з незаблюранымі тварамі. Увесь парадокс у тым, што вялікая колькасць СМІ і YouTube-каналаў стракаціць [такімі ж відэа] і ніхто не займаўся блюраннем твараў, як рабілі мы.

    Наш суразмоўца падкрэсліў, што кадры з першых двух дзён апрацоўваліся асабліва рупліва.

    — Гэтым займаўся не я, а відэаінжынеры з Delfi. Чаму доступ да фільма цяпер закрыты? Пайшоў нейкі ўкід. Так атрымалася. Пачалі пісаць каментары. Звышунікальная гісторыя…

    Ён узгадаў, што раней выходзіў падобны фільм, які не выклікаў такога абмеркавання.

    Паводле Мікалая Мамінава, відэа зноў можа быць размешчанае пасля яшчэ адной апрацоўкі. Адначасова была накіравана скарга на тое, што фільм быў перазаліты на іншы YouTube-канал (меркавана, належыць сілавікам).

    — Каб фільм адбыўся, былі выдаленыя кадры з актывістамі. Блюрыць тысячны натоўп, які проста ідзе, не мае ніякага сэнсу. Бо такога відэа, паўтаруся, многа. Да размяшчэння фільма мы доўга чакалі і вывучалі ўсё, што ёсць. Усе зрэзы. Калегія, у тым ліку з замежных журналістаў, экспертаў дакументальнага кіно з Германіі, Чэхіі, мясцовых рэдактараў… Была створаная фокус-група, якой паказалі фільм па закрытых спасылках. Агульнае меркаванне было, што яго можна паказваць.

    Як сцвярджае аўтар фільма, у фокус-групу ўваходзілі праваабаронцы. Было прынята рашэнне, у прыватнасці, прыбраць некаторыя буйныя планы. Крытыка, якая зараз выказваецца, мяркуе журналіст, неабгрунтаваная.

    — Любая дакументалістыка ў нейкі момант павінна выклікаць трыгеры. Я не кажу пра сілавікоў і тое, што яны пачнуць гэтым займацца. Але любое кіно, асабліва звязанае з нашай праблемай, павінна выходзіць у свет.

    Чаму фільм выйшаў менавіта зараз? Асноўная ідэя, падкрэслівае Мікалай Мамінаў, нагадаць, як беларусы былі адзіныя, што маглі зрабіць разам і нікога не пужаліся.

    — Відэа павінна было выйсці да лютага 2022 года. Але з пачаткам вайны ва Украіне беларуская тэматыка адышла ў інфармацыйнай прасторы на другі план. Не было магчымасці публікаваць фільм. Ён доўга рыхтаваўся.

    Delfi: Пытанне бяспекі было адным з найпершых

    Пракаментаў для БАЖ сітуацыю таксама рэдактар ru.Delfi.lt Алег Ерафееў. Ён трымаецца такой жа пазіцыі, як і аўтар фільма. На яго думку, відэа з пратэстаў хапае ў адкрытым доступе.

    — Я сам пераканаўся ў гэтым сёння, калі яшчэ раз праверыў інфармацыю. Ніякага блюру [у аналагічных відэа] няма. Прычым ракурсы тыя ж самыя [што ў фільме Мікалая Мамінава].

    У той жа час, паводле слоў Алега Ерафеева, ён не чакаў такой вострай рэакцыі.

    — Перад публікацыяй відэа мы тры разы сядалі з аўтарам, каб заблюрыць твары ўдзельнікаў пратэстаў. Пытанне бяспекі было адным з найпершых. Дарэчы, многія кадры выкарыстоўваліся ў іншых фільмах Мікалая.

    Рэдактар ru.Delfi.lt пацвердзіў, што прэм’ера фільма раней адбылася на літоўскім канале Delfi.lt, і асаблівага ажыятажу ён не выклікаў.

    — Праект фільма быў цікавы нашай літоўскай рэдакцыі. Мы ім дапамаглі з цітрамі, афармленнем. Гэта заняло доўгі час. Дамовіліся, што праз некалькі месяцаў размесцім у адкрытым доступе, каб пабачыла больш шырокая аўдыторыя. Нарэшце, напярэдадні гадавіны выбараў вырашылі фільм апублікаваць.

    Наш суразмоўца адзначыў, што ў рэдакцыі разважаюць, ці варта размяшчаць фільм на YouTube пасля дадатковай апрацоўкі, бо ёсць адпаведныя звароты.

    — Магчыма, мы яшчэ больш жорстка яго дапрацуем. Хоць, падкрэслім, многія з гэтых відэа былі раней у публічнай прасторы.

    Чытайце яшчэ:

    «Да гэтага моманту баюся пачуць, што мой здымак паламаў ім жыцьцё». Беларускія фатографы пра сваю працу ў часы рэпрэсій

    «Ніводнага чалавека з рэдакцыі не ведаю і ніколі не бачыў». Як працуе самвыдат у эміграцыі і падчас вайны

    «Кроў на траве». Прэзентацыя першага дакументальнага фільма Маргарыты Ляўчук

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці