• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Праз дакументальныя праекты мы можам прасоўваць беларускую тэму ў замежных медыя», — рэжысёр і дакументаліст Мікалай Мамінаў

    Нядаўна Мікалай Мамінаў трапіў у скандальную гісторыю з Ryanair — авіякампанія адмовіла яму ў пасадцы на борт самалёта. Мы пагутарылі з журналістам не толькі пра праблемы жыцця і працы ў эміграцыі, але і пра работу на дзяржаўным тэлебачанні, былых калег, а таксама пра беларускую тэму ў замежных медыя.

    На пачатку двухтысячных гадоў у Беларусі ты працаваў у розных музычных рэдакцыях…

    — Гэта быў, хутчэй, культурна-забаўляльны кантэнт: «Першы музычны канал», «МУЗ-ТБ», дзе я выступаў у тым ліку ў якасці прадзюсара, праект «Культпрасвет». У той жа час мяне запрашалі як фатографа-рэпарцёра розныя часопісы і газеты. З навінавымі медыя я пачаў супрацоўнічаць з сярэдзіны двухтысячных. Рабіў у асноўным рэпартажы для штодзённых эфіраў на СТБ, АНТ.

    Потым ужо бліжэй да канца нулявых з’явілася шмат буйных праектаў. Напрыклад, «Культурныя людзі» для «Першага тэлеканала». 26-хвілінная праграма выходзіла раз на тыдзень і ўключала ў сябе вялікую колькасць рэпартажаў, запісаў у студыі. Ці гістарычна-асветніцкая праграма на СТБ «Мінск і мінчане». Я працаваў над ёй некалькі сезонаў.

    Паступова прыйшоў да дакументалістыкі: спачатку фатаграфія, потым відэа. Пачалося ўсё з «Белсату», прыкладна з 2010 года. Рабіў кантэнт для праграмы «Рэпарцёр» (яна ўжо закрытая), для праекта «Без рэтушы» (існуе да гэтага часу).

    — Ад дзяржаўнага ТБ да «Белсату» — гэта эвалюцыя ці… Падобная супраца на ідэйна розныя СМІ не асуджалася ў калектыве?

    — Не магу гаварыць пра гэта, як пра творчую эвалюцыю. Я заўсёды працаваў паралельна. На той момант я перажываў даволі складаныя часы. Калі не ўдавацца ў падрабязнасці, то я страціў усіх сваіх родных…

    Мяне ўвогуле тады палітычныя рэчы хоць і цікавілі, але найменш. Я не ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, якое было звязана з палітычнымі акалічнасцямі. У штаце дзяржаўных тэлеканалаў я быў зусім нядоўга, у далейшым супрацоўнічаў па дамовах на праектах пераважна з культурнай сферы. Я ніколі не лічыў, што калі працую для нейкага дзяржаўнага тэлеканала, дык гэта неяк звязана з прапагандай. 

    — Калегі па дзяржаўным тэлебачанні падаваліся ідэйнымі работнікамі? Як мяркуеце, чаму менавіта ў 2020-ым у некаторых з іх загаварыла сумленне, людзі звальняліся, абвяшчалі страйк? 

    — Я працаваў у асноўным з вядучымі першага звяна. Гэта значыць з Вольгай Макей, Іванам Эйсмантам, з яго сястрой Ганнай Эйсмант, з Кацярынай Забянько ды іншымі. Гэтыя людзі цяпер зʼяўляюцца рупарамі прапаганды.

    Некаторыя аператары і журналісты пасля падзей 2020 года сышлі і зʼехалі адразу, але шмат хто застаўся. Гэтыя людзі ў сваёй галаве незразумелым чынам сфармулявалі, што яны маюць рацыю. Вось у гэтым уся трагедыя. Ёсць там шэраг асоб, з якімі проста немагчыма нейкую дыскусію весці, яны топяць за тое, што «гэта ў вас, хто зʼехаў, праблемы», «гэта вы страляеце ў бежанцаў, якія да вас ідуць з боку Беларусі», «гэта вы забойцы», «гэта ў вас на вуліцах дэманстрацыі» і таму падобнае. Поўны абсурд, дэзынфармацыя і інфармацыйны вакуум у іх галовах. Жахліва, бо я гэтых людзей ведаю асабіста.

    Наконт таго, ідэйныя яны ці не. Вядома, яны ўсе адданыя Лукашэнку, але іх адданасць вынікае з кар’ерных амбіцый.

    Быў час, калі мы сядзелі за адным сталом і гутарак пра палітыку ніхто не вёў, людзі не былі з такім светапоглядам. Але ў гэтым грамадстве, прасторы і часе яны пагадзіліся з такімі ўмовамі.

    Будзем глядзець цвяроза, не пагадзіўшыся і не зʼехаўшы своечасова, яны б не тое, што страцілі сваю ідэнтычнасць, а проста былі б знішчаныя. Таму я думаю, што яны кіруюцца двума матывамі: гэта пагроза жыццю і пагроза знішчэння як прафесіянала, асобы. Але я не веру ў іх перакананасць, што яны не бачаць праблем, бо ўсё ж адукаваныя людзі.

    Чаму менавіта ў 2020-ым у некаторых з іх загаварыла сумленне? Усе былі пагружаныя ў сваю тэму, меркавалі, што ўсё нармальна. Дзеля справядлівасці, я сам так думаў, бо быў засяроджаны на сваёй справе.

    — Досвед працы дакументаліста, я так разумею, і прыдаўся ў 2020 годзе падчас фіксацыі пратэстаў.

    — Так, можна сказаць, што папярэдняя дзейнасць падвяла да працы ў 2020 годзе. Таксама ў нейкай ступені, можна сказаць, што гэта пачалося несвядома.

    Па шчырасці, нават не меркаваў, што ў 2020‑м так усё будзе. Пасля папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў неяк усе хваляванні хутка сціхалі. Мы з сям’ёй вярнуліся з адпачынку за дзень да галасавання. На наступны дзень на сваім выбарчым участку ўжо бачыў шмат людзей з белымі бранзалетамі. А ўвечары пачалося…

    Падзеі развіваліся імкліва. У мяне быў 11‑ы iPhone, і вось на яго я пачаў здымаць рэпартаж, фотарэпартаж, пісаць сторыз. Пачынаючы з моманту, калі ставіў галачку на галасаванні, бо адпраўляў на платформу «Голас».

    Ну, а сам экшэн — ужо ўвечары. Пасля 21 гадзіны, калі мы з жонкай так і не змаглі дачакацца вынікаў каля ўчастка для галасавання, то паехалі да «Стэлы».

    Здымаў, фатаграфаваў усё, што было магчыма, практычна нон-стоп, таму што разумеў: маленькія кавалкі хронікі не даюць уяўленне пра падзеі.

    У дакументалістыцы важныя агульныя планы, калі ты можаш прасачыць за тым, што адбываецца.

    І гэта было самае складанае, бо я перасоўваўся ўвесь час на ровары і толькі на ровары… У мяне было некалькі здымак па-за роварам, але калі б не мой спрыт, то ўжо дакладна б пасадзілі, таму што за мной бегалі і ў зялёнай вопратцы, і ў чорнай…

    Працаваў без аніякіх апазнавальных знакаў, што я «прэса». Як пазней стала зразумела, пазначаць сябе было падобна да самагубства. Хтосьці паспеў зʼехаць, а многія калегі, як мы ведаем, цяпер знаходзяцца за кратамі… Наогул здзіўляюся, як здолеў да 20 верасня здымаць кожнае шэсце і не быць схопленым. Прычым здымаў у розных частках горада, матэрыялу было вельмі шмат. Пазней здымаў і для «NEXTA» — на гэтым тэлеграм-канале было шмат маіх відэа- і фотаматэрыялаў. У дзень майго першага затрымання 20 верасня 2020 года я здымаў для CNN рэпартаж. Падчас працы зразумеў, што за мной пільна назіраюць «людзі ў цывільным». Але змог нават дабрацца дадому, заліць відэаматэрыял у воблака. А потым у дзверы пагрукалі…

    — Калі зʼявілася ідэя, што варта рабіць дакументальную стужку?

    — Бліжэй да канца жніўня прыйшла ідэя запісаць на відэа свой аповед і свае думкі, такое своеасаблівае аўтаінтэрвʼю. Таксама запісаў аповед жонкі, якая актыўна брала ўдзел у пратэстах, але мы з ёй звычайна ў розных месцах знаходзіліся. У выніку больш поўная карціна атрымлівалася. Акрамя таго, ёсць і запісы нашых дзяцей пра тое, як яны бачылі тыя падзеі.

    Тады ўжо стала вымалёўвацца ідэя дакументальнага фільма. Пасля арышту і вымушанага ад’езду з Беларусі, пошуку новага месца для жыцця працу над фільмам давялося адкласці. Але пазней я да яго вярнуўся, і ў канцы 2022 года выйшаў кароткаметражны дакументальны фільм «Вайна няпраўды». Да публікацыі фільм глядзелі прадзюсары з Нямеччыны, з Чэхіі, у іх былі станоўчыя водгукі на працу. Атрымаўся фільм-партрэт сям’і.

    — Не было думкі, што тэма ўжо неактуальная і не варта зноў пра яе казаць?

    — Наадварот, вельмі важна нагадваць тым, хто зараз спрабуе прынізіць беларускія пратэсты 2020 года, наколькі жорстка рэжым Лукашэнкі пераследаваў і працягвае пераследаваць людзей, якія толькі хацелі выканання сваіх правоў і выходзілі на мірныя пратэсты.

    Асноўная ідэя праекта — неперадузяты погляд на падзеі лета-восені 2020 года, якія ствараюць новае грамадства свядомых беларусаў. Мы павінны памятаць, колькі нас было на вуліцах, якія лозунгі мы выкрыквалі, якія плакаты прыносілі, павінны паказаць свой боль. І гэта не канец, гэта толькі пачатак шляху да нашай свабоды. Бо я ведаю, што большасць беларусаў працягвае жыць тымі падзеямі і пераасэнсоўваць іх значнасць.

    Гэтая дакументальная кінанавела нагадвае, што тады ў нас не атрымалася. Але, як кажуць, за аднаго бітага двух нябітых даюць. Мы атрымалі крывавы, жорсткі, але вельмі прыдатны да будучыні досвед. Дакладней, мы да гэтага часу яго атрымліваем і асэнсоўваем. І гэты фільм не вучыць нас, як дзейнічаць у будучыні, фільм паказвае, якімі мы можам быць і якімі мы мусім быць, каб нашыя надзеі і нашыя страты не былі дарэмнымі.

    У той час з прычыны спецыфікі сённяшніх незалежных СМІ асвятленне пратэсных маршаў адбывалася ў выглядзе кароткіх фрагментаў відэа. А «Вайна няпраўды» — гэта паўнавартасны дакументальны фільм-партрэт, сабраны з 8 гадзін знятага матэрыялу ў стылі «мабільнай здымкі ад першай асобы».

    Аснова — падзеі, пачынаючы з 9 жніўня і да канца кастрычніка — да моманту паўторнага майго арышту. Пасля другіх сутак я выйшаў з пераламанымі рэбрамі і зразумеў, што ад мяне ўжо не адчэпяцца. Мы з сямʼёй былі вымушаныя пакінуць краіну.

    Пазней мабільныя здымкі з пратэстаў 2020 года былі змантаваныя ў поўнаметражны фільм «Хронікі сучаснасці». Прэмʼера адбылася на тэлеканале Delfi (Літва) з субцітрамі на літоўскай мове.

    Гэта мой дэбют як рэжысёра, аўтарская праца ад першай асобы, якую мне дапамагала рабіць рэжысёр мантажу, яна цяпер знаходзіцца ў Беларусі. Фільм пакуль толькі на платнай платформе Delfi.lt, хутка ён будзе на Delfi.ru для рускамоўнай аўдыторыі ў адкрытым доступе. Стужку будзем заяўляць на розныя фестывалі, ёсць ідэя паказаць яго ў цэнтральным кінатэатры ў Вільні.

    — Ці ёсць рэпарцёрская праца цяпер у тваім жыцці? Ці цяжка было знайсці работу па спецыяльнасці не ў Беларусі?

    — Мы з Беларусі эвакуяваліся ў Чарнігаў. Нам вельмі дапамог тады Адукацыйны дом правоў чалавека ў Чарнігаве. Планавалі далей кіравацца ў Польшчу, але мяне запрасілі на працу ў «Маланка Медыя». Таму пераехалі ў Літву, гэта было на самым пачатку студзеня 2021 года. Праца на «Маланцы» была менавіта рэпартажная. А яшчэ быў рэвалюцыйны настрой.

    Такая перадавая лінія фронту інфармацыйнай барацьбы — штодзённая, часам без выходных. Але ў выніку гэта прывяло да эмацыйнага выгарання. Прафесія фатографа-дакументаліста, калі ўвесь час знаходзішся ў эпіцэнтры, гэта цяжка псіхалагічна.

    У такім рытме хапіла сіл пратрымаюцца нейкі час, але потым ад навін захацелася сысці. Тады і стаў больш засяроджвацца над дакументальным фільмам «Вайна няпраўды».

    — Ці запатрабаваная работа беларускага журналіста ў замежных рэдакцыях?

    —  Я здымаю перыядычна для «Белсата», раблю фотарэпартажы з акцый беларусаў Літвы для «Зеркала». Гэта значыць вярнуўся да асвятлення навін. Але не толькі. Для «Белсата» працягваю здымаць дакументальныя фільмы.

    Што тычыцца замежных медыя, часта здымаю для інфармацыйнага тэлеканала і інтэрнэт-выдання «Дождж», для Delfi, ёсць праекты на чэшскім тэлебачанні. Таксама супрацоўнічаю з праектам «Радыё Кропка», гэта канал пра  жыццё гарадоў Балтыі і ўсяго свету, і з праектам Sapere Aude — яго падтрымлівае Школа грамадзянскай асветы. Sapere Aude накіраваны супраць расійскай прапаганды, арыентаваны перш за ўсё на расіян.

    — Вы ў Літве ўжо больш за два гады. За гэты час адбыліся розныя падзеі, звязаныя з Беларуссю. Як змянялася зацікаўленасць у беларускіх тэмах?

    — Калі я пераехаў у Літву, у мяне, напрыклад, некалькі разоў бралі інтэрвʼю для літоўскіх медыя, для польскага тэлебачання (TVP) пра жорсткія рэпрэсіі беларускага рэжыму ў дачыненні да незалежных журналістаў. Гэтыя рэпартажы былі з субцітрамі на літоўскай і польскай мовах. Нагадаю, мы з сямʼёй прыехалі ў Літву на пачатку 2021 года. Тады беларуская тэма ў замежных СМІ была папулярнай, гэта было на слыху.

    Многія ж незалежныя журналісты ўцяклі ад пераследу менавіта ў Літву. Тут сталі актыўна развівацца беларускія медыя, YouTube-каналы. Але потым, калі рэпрэсіі дайшлі да таго, што каналы сталі адзін за адным прызнавацца экстрэмісцкімі, людзі пачалі адпісвацца ад іх, матэрыялы бачаць усё менш людзей. Такая сабе дэактуалізацыя.

    Акрамя таго, як мне зараз падаецца, калі з дня ў дзень пераліваеш з пустога ў парожняе, усё губляе сэнс. Глядзіш навіны, а кажуць пра адно і тое ж кожны дзень, гэта як бы перастае быць актуальным. Такі парадокс успрымання інфармацыі.

    Да чаго я гэта вяду? Да таго, што калі пачалася вайна ва Украіне, пра беларусаў пачалі забываць. Вось чаму я выпусціў дакументальныя фільмы «Вайна няпраўды» і «Хронікі сучаснасці» — каб актывізаваць інфармацыйную працу.

    Я мяркую, што беларуская тэма, акрамя фармату навін, мусіць падтрымлівацца таксама падобнымі буйнымі дакументальнымі праектамі і гісторыямі. Герояў-беларусаў, якія прайшлі праз розныя падзеі пратэстаў і вымушаныя былі ратавацца ўцёкамі з роднай краіны, цяпер шмат. На іх прыкладах можна расказваць і пераасэнсоўваць нашу гісторыю.

    Чытайце яшчэ:

    Забрать нельзя оставить. Как белорусская журналистка возвращала свой автомобиль из Украины

    Журналіст Караль Гусеніца: Падзеі ў Беларусі ў 2020-ым былі важныя для палякаў праз агульнага ворага — Расію

    Mediakritika ладзіць апытанне пра прафесійныя стандарты ў медыя. БАЖ заклікае калег прайсці апытанне

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці