Затрымалі журналістку “Витебского курьера” Жанну Жалевіч
Учора Жанна Жалевіч паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што ёй патэлефанавалі з аддзела ўнутраных спраў Першамайскага раёна Віцебска і запрасілі прыйсці “на гутарку” 15 лістапада да 10-й раніцы. (Пазней яна выдаліла гэты допіс.) Спытаўшы ў супрацоўніка міліцыі, ці варта браць з сабой нейкія рэчы, пачула адказ: “На ўсялякі выпадак вазьміце”. З гэтага журналістка зрабіла выснову, што проста гутаркай справа можа не скончыцца.
З тэлефоннай гутаркі Жанна Жалевіч даведалася і прычыну выкліку: нібыта ў яе сацыяльных сетках міліцыянты знайшлі выявы “са сцягам” і нейкімі “надпісамі”. Нічога больш канкрэтнага не патлумачылі.
Сёння пасля ўваходу ў будынак Першамайскага райаддзела міліцыі тэлефон журналісткі не адказвае ўжо больш за 3 гадзіны. Гэта дае падставы меркаваць, што яе затрымалі да суда па адміністрацыйнай справе – найверагодней паводле артыкула 24.23 КаАП за так званае “несанкцыянаванае пікетаванне ў інтэрнэце”.
Калі можа адбыцца суд, пакуль не вядома. Жанне Жалевіч пагражае пакаранне штрафам альбо адміністрацыйным арыштам, прычым апошні варыянт вельмі не пажаданы: журналістка мае сур’ёзныя праблемы са здароўем.
Апошнім часам Жанна Жалевіч супрацоўнічала з інтэрнэт-выданнем vkurier.by, пісала пераважна на культурную тэматыку – пра выставы, спектаклі ды іншыя мастацкія мерапрыемствы ў Віцебску.
Чытайце яшчэ:
Журналіста Андрэя Пачобута пачнуць судзіць 28 лістапада
Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына не вызвалілі з карцара
Журналіста Аляксандра Любенчука этапавалі ў магілёўскую турму №4