Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына не вызвалілі з карцара
Журналіста-палітвязня, аўтара «НЧ» Дзяніса Івашына, якога ў пазамінулую пятніцу змясцілі ў карцар на 7 сутак за чарговае «парушэнне правілаў унутранага распарадку», праз тыдзень усё ж не выпусцілі. Верагодна, яму прызначылі дадатковыя «суткі», піша «Гарадзенская праваабарона».
За што журналіст патрапіў у няміласць да адміністрацыі ПУ «Турма №1» гэтым разам, невядома, як і нагода для папярэдняга «пакарання».
У каментары жонка Івашына Вольга выказала меркаванне, што гэта можа быць або спробай псіхалагічнага ціску на журналіста з незразумелай мэтай, або помстай за яе штодзённыя пасты, у якіх перыядычна згадваюцца ў тым ліку і супрацоўнікі гарадзенскай турмы ў даволі негатыўным кантэксце. Яна лічыць такія паводзіны абсалютна характэрнымі для служак сістэмы, аднак неэфектыўнымі ў дачыненні як да Дзяніса, так і да яе самой. Ані Дзяніс Івашын не пахіснецца ў сваёй пазіцыі і поглядах, ані Вольга Івашына не перастане пісаць праўду пра мужа і пра ўсё, што вакол яго адбываецца падчас палону.
Колькі сутак карцара дадалі палітвязню ў якасці «пакарання», таксама невядома, сваякі Івашына будуць спрабаваць даведацца гэта, рыхтуючы перадачы палітвязню.
Журналіст Дзяніс Івашын быў затрыманы пасля публікацыі чарговай часткі расследавання пра былых беркутаўцаў, якія працавалі ў мінскім АМАПе.
Дзяніс супрацоўнічаў як валанцёр з камандай расследавальнікаў «InformNapalm», якая пісала пра ўплыў Расіі на Беларусь, Сірыю, Украіну і іншыя краіны. Таксама Івашын працаваў у «Новым Часе», вядомы публікацыямі пра рэстаран «Поедем поедим», пабудаваны побач з месцам масавых расстрэлаў беларусаў у Курапатах.
Дзяніса Івашына абвінавацілі ва «ўмяшанні ў дзейнасць міліцыянераў» і ў «здрадзе дзяржаве». Суддзя Гродзенскага абласнога суда Валерый Раманоўскі прысудзіў палітзняволенаму журналісту, аўтару «Новага Часу» Дзянісу Івашыну 13 гадоў і 1 месяц пазбаўлення волі, а таксама штраф у памеры 150 базавых велічынь.
Коллеги в тюрьмах. Напишите им письмо поддержки АКТУАЛЬНЫЕ АДРЕСА
Чытаць яшчэ:
На Забегу незалежнасці ў Беластоку беларускія журналісты беглі з імёнамі зняволеных калег
Праваабаронцу Насту Лойку зноў арыштавалі на 15 сутак. Супраць яе ўжывалі катаванні
Прапагандыст Ігар Тур стаў выкладчыкам журфака БДУ