• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    За паўтара месяца за кратамі ад журналіста Паўла Падабеда на волю “прарваліся” ўсяго два лісты

    Відэааператара Паўла Падабеда вось ужо месяц утрымліваюць у СІЗА № 1 Мінска, перад гэтым ён адбыў 15-суткавы арышт нібыта за распаўсюд “экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Але да сёння няма ўцямных звестак, які “крымінал” яму інкрымінуюць наогул.      

    Службе маніторынга распавялі, што блізкія атрымліваюць ад яго толькі эпізадычныя весткі — да маці нейкім чынам “прарваліся” два лісты. Іншымі словамі, раз на паўмесяца. 

    Выглядае, што ліставанне “дазуецца” ў аднабаковым парадку. Родзічы па-ранейшаму працягваюць рэгулярна дасылаць карэспандэнцыю на  “Валадарку”, але з атрыманнем адказаў вялікія праблемы. Пры тым, што Павел Падабед сам прасіў у сваіх допісах паперу і канверты для наладжвання перапіскі, і яму ўсё перадалі. 

    Акрамя таго, кожны тыдзень сваякі стаяць пад брамай следчага ізалятара з харчова-рэчавымі перадачамі, лёс якіх гэтаксама цьмяны. Але прынамсі бяруць, не разварочваюць. 

    Няшмат спадзяванняў на “інфармацыйнага пасярэдніка” ў асобе адваката: на ўсе пытанні той адказвае, што акалічнасці справы — “следчая таямніца”. Таму дагэтуль незразумела, якое канкрэтна “крымінальнае злачынства” інкрымінуюць затрыманаму журналісту.   

    Сувязь з Паўлам Падабедам знікла 20 студзеня, калі ён выправіўся на пошту зрабіць аплату за навучанне сына. Пасля было запланаванае наведванне яшчэ аднаго адраса, але туды журналіст ужо не патрапіў, проста перастаў адказваць на званкі. З улікам, што паспеў аформіць толькі адзін плацёж, выглядае, што затрымалі яго менавіта ў паштовым аддзяленні.

    Факт арышту пазней ён сам пацвердзіў у тэлефанаванні сваякам — без удакладненняў, у чым канкрэтна яго вінавацяць. Паспеў толькі паведаміць, што ў кватэры адбыўся ператрус. З вонкавага агляду жылля родныя зрабілі выснову, што знік камп’ютар ды іншыя носьбіты інфармацыі.

    Пасля таго, як 23 студзеня мінулі 72 гадзіны ад моманту папярэдняга затрымання, на волю відэаператар так і не выйшаў. Некалькі наступных дзён сваякі не разумелі, дзе яго шукаць, паколькі на Акрэсціна, дзе звычайна ўтрымліваюцца “палітычныя”, арыштант не значыўся. Нарэшце родных праінфармавалі, што той у ІЧУ Мінскага раёна на вуліцы Скарыны. Падставай — адміністрацыйны артыкул 19.11 за распаўсюд  (рэпост) «экстрэмісцкіх матэрыялаў». За гэта суд пакараў Паўла Падабеда 15 суткамі арышту.

    Прызначаны тэрмін скончыўся 4 лютага, але напярэдадні меркаванага вызвалення яго перавезлі ў ізалятар на Акрэсціна, дзе адбыўся допыт. Следам журналіста перавялі ў СІЗА № 1 Мінска — на яго завялі крымінальную справу, сутнасць якой невядомая нават ягонай сям’і.  

    Такім чынам, аб прычынах цікавасці з боку сілавікоў да 43-гадовага журналіста, які раней супрацоўнічаў у якасці відэааператара з шэрагам незалежных медыяў, можна толькі здагадвацца. Мяркуючы па ўсім, арышт усё ж звязаны з колішняй прафесійнай дзейнасцю.

    Паўла Падабеда і раней затрымлівалі падчас выканання рэдакцыйных заданняў, аднак усё збольшага заканчвалася “прафілактычнай гутаркай” ці ў крайнім выпаку загадам на выдаленне адзнятага матэрыялу. Так, пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і наступнай пратэснай актыўнасці яго разам з іншымі калегамі неаднаразова дастаўлялі ў аддзяленні міліцыі. І нават увосень 2020-га, калі краіну ахапілі масавыя пратэсты, затрыманні мелі прэвентыўны характар — нейтралізаваць на час кульмінацыі “масавага мерапрыемства”, каб не было карцінкі.

    Але цяпер сітуацыя іншая — за кратамі ўжо нямала тых, хто фіксаваў драматычныя падзеі. Гаворка перадусім пра відэааператараў Аляксандра Любенчука, асуджанага на 3 гады калоніі агульнага рэжыму за “ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні”, і Івана Мураўёва, які атрымаў на паўгода меней на падставе аналагічнага абвінавачання.   

    Чытаць яшчэ: 

    Праваабаронцаў «Вясны» асудзілі на вялікія турэмныя тэрміны. БАЖ пратэстуе супраць судовай расправы

    БАЖ праводзіць апытанне аўдыторыі: прайдзіце яго і дапамажыце нам стаць лепш!

    Читают УНИАН, смотрят YouTube и устают от новостей: результаты опроса протестной аудитории

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці