• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Якое права мы маем фатаграфаваць людзей, што адчуваюць такі боль?» Як распавядаць пра вайну

    У суботу завяршыўся Львоўскі медыяфорум, які сёлета сабраў ва Украіне медыйшчыкаў з дзясяткаў краін свету, у тым ліку і беларускіх. Падчас панэляў і дыскусій уздымаліся найбольш актуальныя ў сённяшніх умовах пытанні працы СМІ па асвятленні вайны. Алесь Мінаў спецыяльна БАЖ наведаў сустрэчу і працягвае распавядаць пра некаторыя з іх.

    «На нас ляцелі не толькі ракеты, але і фэйкі»

    Рон Хавів (Ron Haviv) — амерыканскі фотажурналіст, які факусуецца на праблеме правоў чалавека ва ўзброеных канфліктах, адзначае, што кожны дзень у свеце генеруюцца мільярды здымкаў: аматарскіх і прафесійных. 

    — Як зрабіць сваю працу значнай і заўважнай сярод іх?

    Фота мае некалькі функцый. Найпершае — паказаць, што адбываецца. У той жа час фотаздымкі робяцца сімваламі. Інфармацыйная барацьба вядзецца ў тым ліку і ў сферы памяці.

    —  Фота — надзвычай моцны інструмент, які ўплывае на людзей. Цяперашняя вайна ва Украіне, напэўна, найбольш фотазафіксаваная за ўсю гісторыю войнаў. 

    З іншага боку, адзначае журналіст, час ідзе, з’яўляецца ўсё больш і больш фотаздымкаў адусюль, адпаведна яны губляюць значнасць. Паўстае рэакцыя «чарговага дня вайны», губляецца ўвага. Таксама фатографам больш складана патрапіць у тыя ці іншыя месцы, бо працуюць абмежаванні.

    — У нашай працы вельмі істотны чыннік — праўдзівасць: фота нельга запярэчыць. Адзін здымак з Марыупаля ламае ўсе наратывы расейскай прапаганды, — дадае спадар Хавів.

    Антаніна Рыя прадстаўляе праект «Ukrain­ian PR Army», які працуе для пашырэння ўкраінскіх галасоў і наратываў у міжнародных медыя. Украінская піяр-армія на сёння — няўрадавая арганізацыя, мэта якой «змагацца з хлуснёй і дэзінфармацыяй», не даваць свету забыць пра вайну ва Украіне. Праект стварыў грунтоўную базу ўкраінскіх экспертаў і спікераў па мностве пытанняў і дзеліцца кантактамі з міжнароднымі СМІ. За год працы Піяр-армія дапамагла стварыць больш за 5 тысяч матэрыялаў з агульным ахопам амаль у 7 мільярдаў праглядаў.

    — Цяперашняя вайна — гэта мой асабісты досвед — тлумачыць Антаніна. —  Але стрэс мяне мабілізуе: у першыя гадзіны поўнамаштабнага ўварвання сабраліся спецыялісты, каб даваць адпор і на інфармацыйным фронце. Бо на нас ляцелі не толькі ракеты, але і фэйкі. 

    Адзін з напрамкаў дзейнасці арганізацыі — праект «Дзе нашыя людзі?», прысвечаны праблеме прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Расеі. Антаніна падкрэслівае, што для глыбіннага разумення гэтай тэмы варта занурыцца і ў адносна нядаўнюю гісторыю, бо прыклад дэпартацыі крымскіх татараў мае агульныя рысы з сённяшнімі ваеннымі злачынствамі РФ. 

    Фінальны заклік Антаніны Рыя «Давайце пераможам расіян на інфармацыйным полі разам!» зала сустракае доўгімі апладысментамі. 

    Наста Станько (Нro­madske) асвятляла вайну ад самага пачатку ў 2014 годзе. Незадоўга да поўнамаштабнага ўварвання вырашыла адпачыць ад журналістыкі. 

    — Мне было 27 год, калі пачалася вайна. Я сядала ў цягнік і ехала на ўсход працаваць. 24 лютага ў мяне было аднагадовае дзіця. Таму для мяне гэта былі дзве розныя вайны. Але я развіталася з сынам і паехала зноў на фронт, — дзеліцца Наста. 

    — Ці варта гэта ўсё — пакінутае дзіця, хваляванні блізкіх — таго, што я раблю, ці ёсць карысць ад маёй працы? Дапамагае адчуванне аддачы. Гэта і мільённыя прагляды ва Украіне і за мяжой. І звычайная годнасць і храбрасць: у цябе на вачах чалавек робіць гераічны ўчынак, і ты шчаслівы, што жывеш сярод такіх людзей! 

    Наста дэманструе ўрыўкі са сваіх рэпартажаў, у адным з іх здымачная група была з паліцэйскімі, якія пад абстрэлам вывозілі параненага хлопца да лякарні. 

    — Калі яго давезлі, дактары зазначылі, што яшчэ б дзве-тры гадзіны і ўратаваць бы не атрымалася. Тыя паліцэйскія былі не абавязаныя ехаць у небяспечную зону: гэта была іх ініцыятыва і простае жаданне дапамагчы, што ўрэшце і ўратавала жыццё чалавеку. 

    Журналістка з болем у голасе дзеліцца, што восем герояў яе рэпартажаў загінулі: звесткі аб смерці некаторых з іх нават прыходзілі яшчэ падчас падрыхтоўкі матэрыялу. 

    «Трэба хапацца за доказы адразу!»

    Амерыканская журналістка Джанін дзі Джавані (Janine di Gio­van­ni) асвятляла 19 войнаў і 3 генацыды. На адной з папярэдніх панэляў Джанін распавядала пра сваю працу ў Іраку, Босніі і Руандзе, падкрэсліваючы тэму справядлівасці, пакарання злачынцаў. Сёння Джанін прэзентавала свой цяперашні праект па фіксаванні ваенных злачынстваў на тэрыторыі Украіны:

    — Гэты праект узнік ад вялікай лютасці! Гэта мая трэцяя пуцінская вайна; я была ў Чачні, у Сірыі, цяпер ва Украіне. 

    Мяне неаднойчы выклікалі ў Гаагу па розных справах, я ведаю па досведзе, што журналісцкія працы часта не адпавядаюць патрабаванням, каб быць доказамі ў судзе супраць злачынцаў. Таму мы ўзялі метадалогію, навучылі спецыялістаў і цяпер вядзем фіксацыю расейскіх злачынстваў, каб гэтыя матэрыялы былі выкарыстаныя супраць іх, каб урэшце была адноўленая справядлівасць. Перадаем сведчанні і ва ўкраінскую пракуратуру, і ў міжнародныя структуры. У гэтай працы галоўнае — не траўмаваць людзей ізноў, таму мусім працаваць, звяртаючы на гэта ўвагу.

    Ужо на аснове сабраных звестак праект рыхтуе фільмы і матэрыялы, якія пашыраюцца ў СМІ, каб данесці да шырокай аўдыторыі пра ўсе жахі цяперашняй вайны. 

    Каб праілюстраваць уплыў журналістаў на сітуацыю падчас гвалтоўных падзеяў, Джанін распавядае пра свой досвед у Сьера-Леонэ:

    — Журналістаў там было вельмі мала, усяго пару чалавек. Паўстанцы атачылі сталіцу, урад пачаў страляць па натоўпе, у якім была і я, людзей забівалі проста на маіх вачах. Нейкі мясцовы ўзяў мяне пад руку і вывеў адтуль. Мы накіраваліся да рэзідэнцыі прэзідэнта, які адтуль уцёк: у будынак можна было свабодна зайсці. Я выйшла адтуль са стосам дакументаў — сапраўдныя доказы. Гэта ўсё клятыя дыяменты! Праз іх гвалт і пачаўся. У дакументах былі схемы паставак, лічбы… Я разумела, што трымаць гэтыя паперы смяротна небяспечна, у той жа час усведамляла іх значнасць. У размове з брытанскім консулам (ён быў апошнім з заходніх дыпламатаў, які заставаўся ў краіне) я распавяла пра знаходку. Яго адказ быў: «Дура, цябе ж заб’юць праз іх». Але я вывезла гэтыя дакументы, і яны ўрэшце дайшлі да суда, сталі доказамі.

    Успамінала яна і пра першую пуцінскую вайну ў Чачні.

    — Горад зраўнялі з зямлёю, і чачэнскія вайскоўцы адступалі ў сёлы, я была з імі. Мы бачылі паўсюль доказы жудасных катаванняў, злачынстваў, што рабілі расейскія войскі. Я гэта дакументавала, каб свет пабачыў. Але Чачня — адзін з прыкладаў, калі зверствы застаюцца непакараныя. Гады ідуць, сведкі паміраюць. Трэба хапацца за доказы адразу! Калі ў мяне пытаюцца, чаму я працягваю працаваць, адказваю: ведаю, што гэта патрэбна людзям, — падкрэслівае  спадарыня Джанін.

    Яшчэ адзін амерыканскі журналіст Хрыстафер Ахіконэ (Christo­pher Occhicone) працуе ва Украіне ад 2016 года. Ён паказаў падборку жахлівых здымкаў з розных украінскіх установаў, каментуючы: «Гэта дзеці з эпілепсіяй, якіх проста прывязваюць да ложкаў замест дапамогі», «Гэта 15-гадовы хлопчык, які важыць 15 кілаграмаў» і г. д. 

    Журналіст падкрэсліў, што нават падчас вайны нельга маўчаць пра падобныя тэмы. Сваю прэзентацыю ён працягнуў аповедам пра працу з вайскоўцамі на фронце.

    — Якое права мы маем фатаграфаваць людзей, што адчуваюць такі боль? — каментуе журналіст фотаздымкі цяжкапараненых байцоў. — Гэтае пытанне вісіць нада мной увесь час. Мы павінны мець канкрэтную мэту. Наша праца мусіць паказаць чалавечыя аспекты, перадаць пачуцці. Мы шмат кажам пра тое, што бачым, але ж тое, што там чуем — не менш жахлівае. Гэта не проста крык, гэта стогны і енк. 

    Чытайце яшчэ:

    Манипулирование и другие фокусы: как пропаганда редактирует реальность

    Брэсцкія ўлады запрасілі журналіста са Швейцарыі для «фармавання пазітыўнага іміджу»

    Мова міру супраць мовы вайны. Хто фармуе наратывы і нясе за іх адказнасць

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці