Брэсцкія ўлады запрасілі журналіста са Швейцарыі для «фармавання пазітыўнага іміджу»
У Брэсцкім аблвыканкаме 29 траўня адбылася сустрэча намесніка старшыні абласной выканаўчай улады ў рэгіёне Вадзіма Краўчука з журналістам і палітычным дзеячам са Швейцарыі Гі Мэтанам (Guy Mettan).
Паводле афіцыйнага паведамлення telegram-канала Брэсцкага аблвыканкама, падчас гутаркі Вадзім Краўчук адзначыў, што «ўмацаванне беларуска-швейцарскіх дзелавых кантактаў важна для фармавання пазітыўнага іміджу Беларусі, давядзення да палітычных і дзелавых колаў Швейцарыі аб’ектыўнай інфармацыі аб нашай краіне».
У сустрэчы таксама брала ўдзел кіраўніца галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Таццяна Гагакава.
Якая насамрэч мэта візіту Гі Мэтана на Берасцейшчыну (і ўвогуле ў Беларусь), дакладных звестак няма.
Між тым, напярэдадні ён даў інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь 1», дзе заявіў, што «заходняя прэса прадстаўляе навіны прадузята, з забабонамі, і гэта крах аб’ектыўнасці і бесстароннасці».
Гі Мэтан сцвярджае, што працуе журналістам ўжо 43 гады, і больш не лічыць заходнія СМІ аб’ектыўнымі: «Ужо мінімум 15 гадоў, і асабліва зараз, запушчана русафобскае бачанне, якое накіравана супраць Расіі і Беларусі».
Таксама, на думку Гі Мэтана, Беларусь і Расія не толькі дэманізуюцца ў заходніх СМІ, але і прадстаўляюцца як краіны з аўтарытарным рэжымам.
«Маё меркаванне: кожная краіна мае права выбіраць уласны ўрад, сваю свабоду, ніхто не павінен умешвацца і дыктаваць, што краіна павінна рабіць», — распавёў швейцарскі журналіст у эфіры дзяржаўнага беларускага тэлебачання.
Пра Гі Мэтана вядома, што ён нарадзіўся ў 1956 годзе. Працаваў у розных выданнях у сваё краіне, а таксама займаўся палітычнай дзейнасцю і некаторы час узначальваў Швейцарскі Чырвоны Крыж. Апроч палітычнай і грамадскай дзейнасці, Гі Мэтан пачаў кар’еру пісьменніка. У 2015 годзе ён выдаў кнігу пад назвай «Захад — Расія: тысячагадовая вайна. Русафобія ад Карла Вялікага да ўкраінскага крызісу», якую лічаць скандальнай. У гэтай кнізе аўтар даследуе вытокі русафобіі, імкнецца дэмістыфікаваць міжнародныя адносіны, а таксама абвінавачвае заходнія СМІ ў падвойных стандартах.
За сваю публіцыстычную дзейнасць Гі Мэтан быў узнагароджаны расійскім урадам ордэнам Дружбы, а міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» абвінаваціла яго ў рэтрансляцыі расійскай прапаганды.
24 ліпеня 2022 года на расійскім Першым канале дэманстраваўся дакументальны фільм «Кароткі дапаможнік па тым, як уладкаваны свет». Стужка заснаваная на кнігах Гі Мэтана, прысвечаных пытанням русафобіі. Фільм складаецца з чатырох серый і апавядае пра супрацьстаянне заходніх дэмакратый з Расіяй з пункту гледжання замежнага адмыслоўца, які нібыта прыйшоў да нестандартных для еўрапейскіх палітолагаў высноў.
Чытайце яшчэ:
Манипулирование и другие фокусы: как пропаганда редактирует реальность
Справу журналісткі Ларысы Шчыраковай перадалі ў суд
Мова міру супраць мовы вайны. Хто фармуе наратывы і нясе за іх адказнасць