• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як пераследуюць беларусаў за камунікацыю з «экстрэмісцкімі» медыя

    Незалежныя медыя ўнутры Беларусі практычна спынілі сваё існаванне, а рэдакцыі цяпер працуюць з-за мяжы. Пасля пачатку масавых рэпрэсій ў 2020 годзе на грамадзян аказваецца беспрэцэдэнтны ціск. Таксама пад ударам апынуліся недзяржаўныя СМІ: іх пазбаўляюць рэгістрацый, журналістаў затрымліваюць і асуджаюць на вялікія тэрміны за сваю працу. Галоўнае медыя краіны TUT.BY было знішчана, а яго кіраўнічкі, галоўная рэдактарка Марына Золатава і гендырэктарка Людміла Чэкіна, знаходзяцца ў няволі.

    У жаданні яшчэ больш кантраляваць распаўсюд інфармацыі, улады вынайшлі новы спосаб: непажаданыя СМІ прызнаюць «ээкстрэмісцкімі фармаваннямі», а за інтэрв’ю або перадачу ім інфармацыі асуджаюць на вялікія тэрміны зняволення. ПЦ «Вясна» расказвае, за якія віды ўзаемадзеяння з незалежнымі СМІ беларусаў прыцягваюць да крымінальнай адказнасці. А таксама распавядае, каго за гэта ўжо асудзілі.

    Падпіскі і рэпосты

    У Беларусі з 2021 года недзяржаўныя медыя пачалі прызнаваць «экстрэмісцкімі» матэрыяламі. Сталі небяспечнымі падпіскі, рэпосты, рэакцыі і каментары пад публікацыямі ў каналах незалежных СМІ. За падобныя дзеянні арыштоўваюць альбо даюць штраф паводле арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці альбо прапагандуе такую). З 2021 года вядома не менш за 2540 выпадкаў прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці па гэтым артыкуле. З іх арыштавана 512 чалавек на 8343 сутак, прызначана штрафаў на 8313 базавых велічыняў (122000 даляраў).

    Інтэрв’ю і перасылка інфармацыі

    16 чэрвеня 2021 года набылі моц змены ў Законе «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму», у які сярод іншага ўнеслі новы пункт «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», а ў Крымінальны кодэкс дадалі адпаведны артыкул — 361–4. Такой фармулёўкай называюць у тым ліку ўзаемадзеяннне грамадзян з незалежнымі СМІ, прызнанымі ўладамі «экстрэмісцкім фармаваннем».  Радзей падобныя дзеянні улады могуць класіфікаваць як стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім (арт. 361–1 КК).

    Празмерна шырокае і расплывістае вызначэнне «экстрэмісцкай дзейнасці», прадугледжанае беларускім заканадаўствам, дазваляе ўладам маніпуляваць фармулёўкамі дзеля неправамернага абмежавання права на інфармацыю, свабоды слова і свабоды асацыяцый. З 2021 года назіраецца масавая практыка адвольнага прызнання «экстрэмісцкімі матэрыяламі» публікацый незалежных СМІ, разам з абвешчаннем беларускіх СМІ «экстрэмісцкімі фармаваннямі».

    На сёння, паводле «Беларускай асацыяцыі журналістаў», 17 медыя, прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі/арганізацыямі»: «Белсат», «БелаПАН», «Еўрарадыё», «TUT.BY», «Kyky.org», «Наша Ніва», «Радыё Свабода», «Хартыя’97», «Флагшток», «Hrodna.life», «Volkovysk.by», «Маланка Медыя», «Бобруйск Online», “Брестская газета”, «Беларуская асацыяцыя журналістаў», «МОСТ», «Зеркало».

    Большасць з вядомых выпадкаў крымінальнага пераследу падобнага кшталту — за ўзаемадзеянне з «Белсатам» і «Еўрарадыё».

    Агулам па артыкуле 361–4 КК фігурантамі палітычна матываваных крымінальных справаў з’яўляюцца больш за 70 чалавек. Шмат хто з іх асуджаны за перасылку фота і відэа перасоўвання расейскай вайсковай тэхнікі ў ініцыятыву «Беларускі Гаюн». Праз тое, што нярэдка “палітычныя” судовыя працэсы праходзяць у закрытым рэжыме, далёка не пра ўсіх нам вядомыя падрабязнасці.

    Тых, каго судзяць па артыкулах 361–4 і 361–1 Крымінальнага кодэкса за ўзаемадзеянне з незалежнымі СМІ, можна ўмоўна падзяліць на дзве групы: чытачы і рэспандэнты, што даюць інтэрв’ю і дасылаюць ў рэдакцыі медыя інфармацыю, і ўласна журналісты, якія проста выконваюць сваю працу.

    Чытачы

    Цяпер мы распавядзем пра людзей, якія дапамагалі рэдакцыям медыя важнай і аператыўнай інфармацыяй, за што былі асуджаныя. Таксама важна адзначыць, што акрамя  камунікацыі з асноўнымі недзяржаўнымі СМІ, беларусаў судзяць і за ўзаемадзейнічанне з рознымі незалежнымі медыя, ініцыятывамі і навіновымі тэлеграм-каналамі: «Nex­ta», «Беларускі Гаюн», «Рэальная Беларусь», «Дзікае паляванне» і іншыя. 

    «Калі мяне хацелі пакараць, я прыму гэта з гонарам. Але разам са мной пакаралі маю сям’ю, у тым ліку маю малую дачку»

    Дар’ю Лосік, жонку палітвязня Ігара Лосіка, затрымалі восенню 2022 года за інтэрв’ю пра мужа тэлеканалу «Белсат». Супраць жанчыны завялі крымінальнкую справу за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361–4 КК). У Дар’і і Ігара засталася гадавалая дачка Паўліна. 

    Паводле матэрыялаў справы, Дар’я дала інтэрв’ю «экстрэмісцкаму фармаванню» «Белсат», «у якім пазіцыянавала сябе як жонку палітвязня. Яна дала асабістую негатыўную адзнаку дзяржаўным органам, да кампетэнцыі якіх аднесена ажыццяўленне крымінальнага пераследу і правасуддзя. Пры гэтым паведаміла, што яе муж не здзяйсняў крымінальных дзеянняў і асуджаны незаконна. Заклікала сваякоў іншых асуджаных узяць з яе прыклад». У студзені 2023 года Дар’ю асудзілі на два гады калоніі.

    Раней мы пісалі, што казала на судзе Дар’я.

    «Вельмі хочацца ўбачыць блізкіх»

    Былую дацэнтку кафедры італьянскай мовы МДЛУ Наталлю Дуліну затрымлівалі як мінімум шэсць сілавікоў. Да яе дамоў прыйшлі ў кастрычніку 2022 года. Да гэтага цягам года Наталлю судзілі чатыры разы паводле палітычна матываваных адміністрацыйных артыкулах.

    Дакладна невядома, за што асудзілі Наталлю, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. Але ў «пакаяльным відэа» пасля затрымання філолаг кажа, што была затрымана за тое, што давала інтэрв’ю «экстрэмісцкаму фармаванню».

    Летам 2022 года жанчына  выступала ў эфіры «Еўрарадыё». А за тыдзень да гэтага, 20 ліпеня, СМІ ўнеслі ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў». Таксама Наталля з’яўлялася сябрам Каардынацыйнай рады, якая 26 студзеня 2023 года была прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем».

    У выніку 10 сакавіка 2023 года Наталлю Дуліну асудзілі на тры з паловай гады калоніі за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і за ўдзел у пратэсных акцыях у 2020 годзе.

    Пачытайце словы Наталлі з‑за кратаў.

    «Усё будзе добра, інакш быць і не можа!»

    Вайсковы аналітык Ягор Лебядок вясной 2022 года ўдзельнічаў у двух стрымах «Еўрарадыё» на тэму поўнамаштабнай вайны ва Украіне, магчымых сцэнарах яе развіцця і ролі Беларусі ў ёй. Яшчэ ў 2019 годзе мужчына стварыў уласны тг-канал, дзе пісаў пра ваенную бяспеку Беларусі.

    Ужо летам Ягора затрымалі па крымінальнай справе аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці за каментары для СМІ. Згодна з матэрыяламі справы, Лебядок у красавіку і траўні 2022 года «ў мэтах забеспячэння дзейнасці публічнага дэструктыўнага канала, інфармацыйную прадукцыя якога суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі, даў інтэрв’ю прадстаўніку названага канала на тэму правядзення ўзброенымі сіламі РФ спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны і ролі ў ёй Беларусі».

    У кастрычніку праўладныя каналы паведамілі, што супраць Ягора распачалі яшчэ адну крымінальную справу па прыкмеце паўторнасці, і адзначалі, што “кожнае інтэрв’ю экстрэмістам утварае асобны склад злачынства” — паводле ч. 2 арт. 361–4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна альбо групай асоб).

    У снежні 2022 года Ягора Лебядка асудзілі на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

    Даслаў у рэдакцыю Nexta фота бюлетэня для галасавання

    Музыка з Жабінкі Сяргей Нікіцюк пакінуў каментар «Трепло» ў суполцы «Белсат TV» у «ВКонтакте» пад навіной з цытатай Лукашэнкі, а 27 лютага 2022 г., у дзень рэферэндума, мужчына адправіў у бот рэдакцыі «Nex­ta» здымак свайго бюлетэня з дзвюма птушкамі.

    21 лістапада 2022 года Сяргея асудзілі за абразу Лукашэнкі і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці на тры гады калоніі агульнага рэжыму.

    «Я дапамагаю людзям, не маю права ім адмаўляць»

    Адваката Аляксандра Данілевіча затрымалі ў траўні 2022 года за заклікі да санкцый і за дачу інтэрв’ю інтэрнэт-рэсурсу «Трыбуна».

    Кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Аляксандр Данілевіч мае вялікі паслужны спіс. Валодае шматлікімі мовамі. Праходзіў навуковыя стажыроўкі ў Італіі, Швейцарыі і Нідэрландах. З’яўляўся старшынём Беларусікай федэрацыі рэгбі, а незадоўга да затрымання падпісаў антываенны зварот адвакатаў.

    Згодна з матэрыяламі справы, Аляксандр з 9 жніўня 2020 года па 20 траўня 2022 года «шляхам дачы парадаў, указанняў, прадастаўлення інфармацыі, аказання іншай дапамогі садзейнічаў Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны». Ён жа «падрыхтаваў і адрэдагаваў тэкст не менш як трох зваротаў ад прадстаўнікоў «стачачных камітэтаў», у якіх выклаў свядома ілжывыя звесткі аб палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай сітуацыі ў Беларусі, заклікаў кіраўніцтва замежнай кампаніі спыніць дамоўныя адносіны з беларускім контрагентам». Акрамя таго, Данілевіч даў інтэрв’ю «экстрэмісцкаму» інтэрнэт-рэсурсу «Трыбуна».

    10 красавіка 2023 года Аляксандра асудзілі на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

    Словы Аляксандра на судовым працэсе.

    Былы палітвязень апублічыў у медыя дадзеныя супрацоўнікаў “хіміі”, дзе адбываў пакаранне

    Супраць былога палітвязня Дзмітрыя Абрамука завялі новую справу паводле ч. 1 арт. 361–4 КК. Прычынай зацікаўленасці сілавікоў, паводле Дзмітрыя, сталі дадзеныя супрацоўнікаў ПУАТ № 9, дзе ён адбываў тэрмін, у тэлеграм-канале «Дзікае паляванне». У пастах выкарыстоўваліся спасылкі на яго інтэрв’ю і матэрыялы ў медыя. Заяву на Дзмітрыя напісалі супрацоўнікі «хіміі», дадзеныя якіх былі «зліты» ў тэлеграм-канал.

    Сам Дзмітрый знаходзіцца не ў Беларусі.

    Перадаваў інфармацыю ў рэдакцыю «Nexta»

    Студэнта Акадэміі авіяцыі Аляксандра Загдая затрымалі за перадачу інфармацыі ў рэдакцыю Nex­ta.

    За гэта летам 2022 года Аляксандра асудзілі паводле ч. 1 арт. 361–4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) на два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму.

    Даслаў 160 смс-паведамленняў у «Белсат»

    Пенсіянер з Гомеля Валянцін Федарэнка, які мае невылечнае псіхічнае захворванне, даслаў з кнопачнага тэлефона 160 смс-паведамленняў на польскі нумар тэлеканала «Белсат» аб перасоўванні расійскай вайсковай тэхнікі ў Гомелі і аб узлётах расійскіх самалётаў.

    Пра суд Валянціна мала што вядома, у тым ліку і вынік. Яго затрымалі ў жніўні 2022 года, а 12 кастрычніка вынеслі судовае рашэнне.

    Перадаў звесткі журналісту «Белсат»

    Чарговы асуджаны за дачыненні з «Белсатам» — рабочы «Гродна Азота», лідар «Беларускага Незалежнага прафсаюза» Андрэй Ханевіч. Прафсаюзніку паставілі ў віну размову з журналістам «Белсат», падчас якой мужчына «перадаў нейкія звесткі». Тэлефон Андрэя праслухоўвалі, а размовы запісвалі супрацоўнікі спецслужбаў.

    Восенню 2022 года Андрэя Ханевіча асудзілі за дыскрэдытацыю Беларусі і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці на пяць гадоў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

    Дасылаў фота вайсковай тэхнікі ў чат-бот «Nexta»

    28-гадовага жыхара Баранавічаў Дзмітрыя Шувалава абвінавацілі ў тым, што ён у тэлеграме адпраўляў у чат-бот рэдакцыі «Nex­ta» (прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем» 29 кастрычніка 2021 года) фота і відэа вайсковай тэхнікі з каментарамі.

    3 жніўня 2022 яго асудзілі на два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму.

    Журналісты

    На сённяшні дзень, паводле маніторынгу БАЖ, у няволі знаходзяцца 33 прадстаўнікі медыя.

    Два дырэктара інфармацыйнага агенцтва «БелаПАН» за кратамі

    Дырэктарку БелаПАН Ірыну Леўшыну і былога дырэктара агенцтва Дзмітрыя Наважылава затрымалі ў жніўні 2021 года і абвінавацілі ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні (ч. 1 арт. 361–1 КК). Дзмітрыя дадаткова абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (243 КК).

    Шостага кастрычніка 2022 года Ірыну асудзілі на чатыры гады калоніі агульнага рэжыму, а Дзмітрыя – на шэсць гадоў калоніі агульнага рэжыму.

    Асуджаныя адвакатка і журналіст

    Журналіста Паўла Мажэйку затрымалі напрыканцы лета 2022 года па вяртанні ў Беларусь. Яго судзілі разам з адвакаткай Юліяй Юргілевіч з перадачу інфармацыі «Белсату».

    Згодна з матэрыяламі справы, Юлія Юргілевіч перадала Паўлу Мажэйку інфармацыю пра пазбаўленне яе адвакацкай ліцэнзі, сваё выключэнне з Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў, а таксама даныя пра разгляд Мінскім гарадскім судом крымінальнай справы ў дачыненні да Алеся Пушкіна і прызначэнні яму пакарання. Абвінавачанне ўпэўненае, што Павел Мажэйка перадаў гэтыя звесткі нявызначаным асобам для публікацыі на «Белсат» у лютым-сакавіку 2022 году. Ягоны ўчынак кваліфікаваны як «дзеянні групай асобаў па папярэдняй змове з Юліяй Юргілевіч».  

    26 ліпеня 2023 г. Юліі Юргілевіч і Паўлу Мажэйку прысудзілі па 6 гадоў калоніі, Юліі — агульнага рэжыму, Паўлу — узмоцненага. Павел і Юлія не прызналі віну. 

    Відэааператара-фрылансера затрымалі разам з жонкай, гадавалую дачку накіравалі ў шпіталь

    Відэааператара Вячаслава Лазарава і яго жонку Таццяну Пыцько абвінавачваюць у супрацы з незалежнымі СМІ, які ў Беларусі прызнаны “экстрэмісцкім фармаваннем”.

    У Следчы камітэт трапіў архіў відэааператара, што захоўваўся на ягоных камп’ютарах і ў тэлефоне. Там знайшліся відэаздымкі, падчас якіх прысутнічала і Таццяна Пыцько. На думку следства, такім чынам яна ўзяла ўдзел у дзейнасці экстрэмісцкага фармавання.

    Вячаслава ўжо затрымлівалі ў 2020 годзе падчас асвятлення пратэсных акцый. Цяпер сямейная пара знаходзіцца пад следствам.

    Асвятляў акцыі пратэсту, займаўся краязнаўчай дзейнасцю

    Гомельскі журналіст Яўген Меркіс супрацоўнічаў з незалежнымі СМІ, асвятляў акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 г. Яго неаднаразова затрымлівала міліцыя, праз суды штрафавала і адпраўляла на суткі. Пасля прызнання шэрагу незалежных СМІ экстрэмісцкімі фармаваннямі Яўген займаўся краязнаўчай дзейнасцю.

    У верасні 2022 журналіста затрымалі. Як тады напісала праўладная газета «Гомельская праўда», Яўген Меркіс адпраўляў тг-каналам звесткі аб перасоўванні вайсковай тэхнікі. Таксама паведамлялася, што Яўген працаваў для тэлеканала «Белсат».

    30 траўня 2023 г. суд прызнаў Яўгена вінаватым у стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім (ч. 3 арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса), а таксама ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і 2 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса) і асудзіў на чатыры гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

    «Яна-та дакладна не дазволіць ні ім, ні сабе ўпасці духам»

    Ірыну Слаўнікаву, штатную супрацоўніцу TVP (Telewiz­ja Pol­s­ka) і былую супрацоўніцу «Белсата» затрымалі ў кастрычніку 2021 года ў Мінскім аэрапорце, калі яна з мужам вярталася з адпачынку.

    Жанчыну асудзілі за кіраванне экстрэмісцкім фармаваннем і за ўдзел у пратэсных акцыях 2020 года на пяць гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

    Для праекту «Прэса пад прэсам» муж і сябры Ірыны распавялі пра яе.

    «Думаю, як бы гэта ні прагучала, жанчынам, што апынуліся ў камеры з Ірай, у нейкім сэнсе пашанцавала. Яна-та дакладна не дазволіць ні ім, ні сабе ўпасці духам».

    Займаўся дабрачыннасцю, аднаўляў гістарычную спадчыну Наваградчыны

    Журналіста, відэааператара Алеся Любенчука затрымалі ў траўні 2022 года. Яго абвінавацілі ў супрацоўніцтве з тэлеканалам «Белсат».

    27 кастрычніка 2022 года Алеся Любенчыка прызналі вінаватым паводле ч. 3 арт. 361–1 (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) Крымінальнага кодэкса і асудзілі на тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

    Алесь Любянчук з’яўляецца евангельскім вернікам і паходзіць з традыцыйнай пяцідзястніцкай сям’і з Палесся. У царкве Алесь праводзіў заняткі ў нядзельнай школе. Алесь шмат займаўся дабрачыннасцю, дапамагаў дзецям-сіротам, арганізоўваў турыстычныя паходы і аднаўляў гісторыка-культурную спадчыну Наваградчыны.

    Асудзілі за здымкі для журналісцкага расследвання

    Іван Мураўёў – журналіст, аператар і фатограф, які працаваў для незалежных СМІ. А таксама ўласнік «Кальяннай № 1» у Мінску, дзе яго і затрымалі летам 2022 года і абвінавацілі ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні (ч. 3 арт. 361–1 КК).

    «Беларуская асацыяцыя журналістаў» пазней даведалася, што Мураўёва асудзілі за відэаздымкі для расследавання журналіста Станіслава Івашкевіча, якое выйшла на тэлеканале «Белсат». Сюжэт пад назвай «Сяброўка Ліліі Лукашэнка і алігархі сталі бенефіцыярамі справы артапедаў» з’явілася ў ліпені 2022-га. 

    25 снежня 2022 года Івана Мураўёва асудзілі на два з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

    Мэтанакіравана сачылі за відэааператарам і праслухоўвалі яго тэлефон

    Павел Падабеда затрымалі ў студзені 2023 года і абвінавацілі ў супрацы з незалежным смі. Пазней стала вядома, што Паўла абвінавачваюць у супрацы з тэлеканалам «Белсат». Сярод іншага, яго таксама падазравалі ў падрыхтоўцы сюжэтаў для расследвальніцкіх праграм — у прыватнасці, пра знікненне відэааператара Дзмітрыя Завадскага і забойства журналіста Паўла Шарамета, пісала  «Беларусая асацыяцыя журналістаў».

    Акрамя таго, стала зразумела, што за Паўлам Падабедам мэтанакіравана сачылі, яго тэлефон праслухоўваўся — у якасці «доказаў»  на судовым працэсе ўключалі запісы размоваў, з якіх нібыта вынікае датычнасць да «экстрэмісцкага рэсурсу». Гэтаксама цытаваліся ліставанні ў месенджарах. 

    30 чэрвеня Паўла асудзілі на 4 гады калоніі агульнага рэжыму.

    Чытайце яшчэ: 

    Палітзняволены Вячаслаў Лазараў сустракае за кратамі свой 47-мы дзень народзінаў

    «Кіраўніцтва расцаніла сыход Дзімы як асабістую здраду». Да 40-годдзя Дзмітрыя Семчанкі — невядомыя факты з яго жыцця

    Сны пра вяртаньне дадому і дзіцячыя вершы. Навіны Андрэя Кузьнечыка

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці