Сны пра вяртаньне дадому і дзіцячыя вершы. Навіны Андрэя Кузьнечыка
Колькасьць кніг, прачытаных палітвязьнем у Наваполацкай калёніі, набліжаецца да сотні. Працуе ён на дрэваапрацоўцы 6 дзён на тыдзень, але знаходзіць час і натхненьне на жартаўлівыя вершы, піша Свабода.
Свабодавец Андрэй Кузьнечык у лістах з турмы турбуецца за сына, якога на лецішчы пакусалі «нейкія інсэкты», дасылае анэкдоты для дачкі і нагадвае жонцы, што яна для яго найпрыгажэйшая ў сьвеце.
«Сны сьняцца ўсялякія рознажанравыя. Але адзін быў рэалістычны»
У кожным лісьце Андрэй Кузьнечык дзеліцца сваімі снамі. У новых снах ён трапляе дахаты і думае, што так сабе і ўяўляў сваё вяртаньне. Але «непрыемна было пасьля гэтага зноў прачнуцца ў турме». Ці сьніць «нешта псыхадэлічнае са знаёмымі людзьмі» і «чарговы раз аказваецца ў гіпэрмаркеце-турме з судовай заляй».
«Сны пасьля твайго падбадзёрваньня і трактоўкі пастараюся зноў пазапамінаць, хоць у самыя сэнсацыйныя дні нічога знакавага дакладна ня сьнілася…
Сны сьняцца ўсялякія рознажанравыя. Але адзін сон быў рэалістычны: там я сядаў у мэтро „Шабаны“, доўга стаяў у чаргу ля касы, там „кэштаўся“, бо грошы памяняліся. Потым дома задуменна разважаў, што вось так доўга думаў, як яно будзе, і вось яно ўжо і наступіла — я дома і рэфлексую над першымі хвілінамі доўгачаканага стану ў філязофскім настроі. Ну як было не паверыць у рэальнасьць такога сну? Аж прачынацца раніцай было сумнавата ў сапраўднай рэальнасьці», — піша Андрэй.
У кожным лісьце — жартаўлівы дзіцячы верш
У палітвязьняў, якія атрымалі вялікія тэрміны зьняволеньня, за кратамі адкрываюцца новыя нечаканыя таленты. Цяпер былы палітвязень, які днямі вызваліўся, нашанівец Андрэй Скурко напісаў для свайго маленькага сына цэлую кнігу вершаў «Пра сланоў і барсучкоў», якая ўжо выйшла.
Свабодавец Андрэй Кузьнечык на паштоўках з забаўнымі малюнкамі, якія яму дасылае жонка, таксама піша для сваіх дзетак Яніны і Мацьвея вершы. Вершаў на добрую кнігу ўжо набралася і ў Андрэя Кузьнечыка. Апошні ягоны верш быў пра мышаня.
Па дахоўцы лупіць зьліва,
Бы ламае піяніна.
І ў маланкавым мігценьні
Між страхоцьця і трымценьня
Ў хату цень хвастаты ўскочыў
Зь цемры вераб’інай ночы.
Енк завесаў. Стогн масьніцаў.
Лісьце ў шыбах мітусіцца,
Шэпча вусьцішна: «Ня сьпі!»
Цень прынюхаўся, абтросься
І разявіў, падалося,
Аж да столі пашчу:
«Пі‑і»…
…«Пі‑і?»
Душа трымціць у пятках
Праз малое мышанятка?!
(А яно ўжо ў кут з абуткам
Утачылася ціхутка)
Не пасьпела разьвіднецца -
Каўка грукаецца ў сенцы:
«Прачынайцеся, трывога!
Мышцы трэба дапамога!
Сына-неслуха ні сьледу!
Мо ім кот ужо пасьнедаў?»
З шафы вуркнуў коцік сонны:
«Што яшчэ за забабоны?
Рацыён у нас не кепскі
І бязь неслухаў суседзкіх.
Хай не панікуе мышка:
Вунь „абвешчанае ў вышук“,
Сьпіць, накрыўшы пыску лапкай,
Мышанё ва ўтульным тапку».
Жонка Андрэя Алеся пасылае мужу шмат фатаздымкаў дзяцей, каб бацька бачыў, як яны растуць, сталеюць, а таксама дзіцячых малюнкаў. Бацька творчасьць сям’і заўсёды крытычна ацэньвае.
«Ледзьве не забыўся пахваліць твайго шэдэўральнага жэўжыка, а таксама Янчынага шэдэўральнага ката-птаха.
Перажываю з вашымі стасункамі з восамі — гэта ж надта балюча! Спадзяюся, Мацейку не яны ўджалілі, а не такі страшны камар — бр-р-р‑р, канечне! Я ў дзяцінстве, калі маліны ў лесе зьбіраў, уступіў у нейкае асінае кодла! Страшна ўспамінаць, колькі было страху і енку!», — успамінае і свае дзіцячыя перажываньні палітвязень.
«Часам бываюць цікавыя нумары, але часьцей пуставатыя»
Андрэй папрасіў сваякоў выпісаць шмат пэрыёдыкі. Часопіс «Маладосць» ён выпісвае «дзеля вершаў, а не партрэтаў аўтарак, як падумалі суседзі-сядзельцы», — удакладняе палітвязень. Чытае, акрамя літаратурна-мастацкіх часопісаў, шмат газэт. І як прафэсійны рэдактар, часам знаходзіць у іх і карысную інфармацыю.
«Ня ведаю, ці дабраліся вы да таго лужка, пра які ў навінах расказвалі? А да 109‑й школы вы дакладна даберацеся, прынамсі Янечка. Дык „Вячэрні Мінск“ напісаў, што там цяпер дужа адметны кабінэт геаграфіі. Часам бываюць цікавыя нумары, але часьцей пуставатыя. Ці можаш скінуць мне загалоўкі якога-небудзь „Мінскага кур’ера“ — мо там яшчэ цікавей? Праўда, сумняваюся! А, і зірні яшчэ „Транспортный вестник“. Раней яны выстаўлялі цалкам на сайце „Мінсктрансу“. Там былі цікавыя часам навіны побач з інтэрвію зь перадавікамі», — дзеліцца сваімі ўражаньнямі Андрэй.
«А можна ў вас знайсьці тыгра ў клетку?» — «У нас ёсьць тыгры толькі ў палоску»
9‑гадовай дачцэ Яніне бацька дасылае жартаўлівыя анэкдоты.
«Дырэктар заапарку тэлефануе ў Афрыку: „А ці можна ў вас знайсьці тыгра ў клетку?“
— Алё, у нас ёсьць толькі тыгры ў палоску».
***
«Васіль, а ў цябе калі прафэсійнае сьвята?
— 8 жніўня, дзень афтальмоляга, і 13 жніўня — дзень чыгуначніка.
— Кім жа ты працуеш?
— Вочкі ў дзьверы ўстаўляю».
***
«Ня бойцеся, гэтыя павукі і зьмеі не ядавітыя і ніяк ня могуць пашкодзіць вашаму здароўю.
— А як жа інфаркт?».
На дадзены момант ў няволі застаюцца 33 прадстаўнікі медыя
Коллеги в тюрьмах. Напишите им письмо поддержки АКТУАЛЬНЫЕ АДРЕСА