«Кіраўніцтва расцаніла сыход Дзімы як асабістую здраду». Да 40-годдзя Дзмітрыя Семчанкі — невядомыя факты з яго жыцця
28 жніўня 40-годдзе адзначае былы палітычны аглядальнік і кіраўнік прэзідэнцкага пула на АНТ Дзмітрый Семчанка. Некалі аблашчаны ўладамі журналіст сустракае юбілей у івацэвічскай калоніі №22, куды яго накіравалі адбываць тэрмін — 3 гады зняволення. У Дзень народзінаў Дзмітрыя яго сябры Наталля і Міхаіл Максімавы, якія разам з ім працавалі на тэлебачанні, і іншыя былыя калегі ўзгадваюць невядомыя факты з жыцця Семчанкі. Яны хочуць падтрымаць імянінніка, бо ведаюць, як яму зараз цяжка.
3 гады калоніі — менавіта так адрэагаваў рэжым на тое, што ў жніўні 2020-га Дзмітрый публічна асудзіў беспрэцэдэнтную жорсткасць сілавікоў і на знак пратэсту звольніўся з тэлеканала. Колішняму пераможцу прафесійнага конкурсу «Тэлевяршыня», лаўрэату прэстыжных прэмій сярод дзяржаўных медыя не прабачылі здрады: кідалі за краты некалькі разоў па адміністрацыйных артыкулах, пакуль не завялі крымінальную справу нібыта за распальванне сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК).
З улюбёнчыка дзяржТБ Семчанка імкліва ператварыўся ў «экстрэміста» і «тэрарыста»: у чэрвені 2023 года МУС і КДБ дадалі яго ў свае спісы. Яго апеляцыйную скаргу на вырак Вярхоўны суд пакінуў без зменаў. Праваабарончая супольнасць прызнала журналіста палітычным вязнем.
Кар’ера на АНТ — вынік шматгадовай працы
Дзмітрый Семчанка больш за дзесяцігоддзе адпрацаваў на тэлеканале АНТ: спачатку ў якасці спецыяльнага карэспандэнта, а пасля — палітычнага аглядальніка.
Ён родам з Магілёва і марыў стаць гісторыкам. Але атрымаў адукацыю інжынера і па кастынгу трапіў на магілёўскае тэлебачанне, дзе па-беларуску вёў праграму пра тэхналогіі ў энергетыцы. Праз гэта Семчанку заўважылі ў сталіцы, запрасілі на АНТ.
— Ён шмат працаваў, зарабляў аўтарытэт. І працу сваю любіў, і сюжэты рабіў такія, якія цяпер ніколі не пакажуць па ТБ. Нават за тэму «Маткі-328» браўся (рух яднае беларускіх бацькоў, чые дзеці асуджаныя па артыкуле 328 КК за незаконны зварот наркотыкаў. — Рэд.), — расказвае Наталля Максімава. — І яго сюжэты рэальна дапамагалі вырашаць праблемы: людзі дзякавалі і цяпер пішуць, падтрымліваюць яго ў турме. Таму прызначэнне Дзімы ў прэзідэнцкі пул — заканамерны рост.
Прэзідэнцкі пул — прафесійная смерць журналіста
— Але ў нашым грамадстве асацыяцыя, што калі ты ў пуле, то адразу працуеш на Лукашэнку. Аднак работнікі МАЗа робяць тое ж самае: плацяць падаткі ў бюджэт і падтрымліваюць эканоміку дыктатара, — бярэ слова Міхаіл Максімаў. — Трэба разумець, як уладкавана беларускае тэлебачанне. Ты робіш сюжэты, нешта атрымліваецца, цябе пачынаюць нахвальваць і паступова ўводзяць у вушы, што з часам зможаш працаваць у пуле з прэзідэнтам, што гэта вельмі ганарова. А калі ты апыняешся там, то разумееш, што трапіў у прафесійную пастку.
Бо многія тэксты вычытваюцца і ўхваляюцца зверху. І ўсе сюжэты зводзіліся да аднаго: якая Беларусь моцная і класная, і ўсё гэта дзякуючы прэзідэнту, як беларусам з ім пашанцавала. Усё, іншых варыяцый Эйсмант не дапускала.
Плюс працавала і самацэнзура. Насамрэч пул для журналіста — прафесійная смерць. Спецыяліст там ніяк не развіваецца, робіць адно і тое ж па коле, як зомбі. Шчыра кажучы, на тэлебачанні былі адэкватныя журналісты, якія стараліся працаваць дзеля людзей, а не толькі такія, як Азаронкі, Краквіны, Пуставыя, Гладкія. Але пасля выбарчай кампаніі 2020 года кіраўніцтва канала адкрыта сказала: «Пляваць, што скажуць. У нас цяпер адзін глядач, працуем на яго», маючы на ўвазе Лукашэнку.
Міхаіл расказаў цікаўную рэч пра стаўленне работнікаў дзяржтэлебачання да сваёй працы:
— Усе сюжэты пра Лукашэнку, Палату прадстаўнікоў, Савмін супрацоўнікі паміж сабой называлі высерамі. І ніхто не абураўся, нават сам аўтар, калі хтосьці з аператараў, мантажораў, выпадковых калег такое казаў. Наадварот, смяяліся. Самых таленавітых, асабліва амбіцыйную моладзь, падштурхоўвалі да прапагандысцкіх сюжэтаў. І паступова на многія рэчы чалавек пачынае заплюшчваць вочы. Час праходзіць, аглядваецца, што нарабіў.
А куды падзецца? Звольніцца і на БТ?
— Дык туды не возьмуць, бо адразу выдадуць воўчы квіток. Да таго ж бясконца, на кожнай планёрцы супрацоўнікам казалі: вы нікому не патрэбныя, вы лайно, калі вы звольніцеся, то нікуды не ўладкуецеся. І многія працягвалі працаваць, як жвачку цягнулі. А Дзіма малайчына, што звольніўся. Амаль усе з яго пула тады затаіліся, чакалі, чым усё скончыцца, — успамінае падзеі 2020-га года спадар Міхаіл. — Потым некаторых, хто застаўся на АНТ і не падтрымаў страйк, кіраўніцтва аддзячыла: дало кватэры ў Мачулішчах і Чыжоўцы, ільготныя крэдыты.
Падтрымаў прапанову зрабіць прамы эфір з Акрэсціна
— Дзіма быў вельмі адукаваны, начытаны. Любіў расказваць факты з гісторыі Беларусі. Яго было цікава слухаць, — распавядае спадарыня Наталля. — Памятаю выпадак: яшчэ да пачатку перадвыбарчай кампаніі 2020 года мы ў ньюс-руме, дзе было шмат журналістаў, абмяркоўвалі нацыянальную ідэю, якая магла б аб’яднаць беларусаў, усходніх і заходніх, дапамагла б ім усвядоміць сябе адзіным народам. І Дзіма намаляваў на дошцы бела-чырвона-белы сцяг, але замест чырвонай стужкі — арнамент. Мы зразумелі: гэта тое, што трэба! То-бок аб’яднаючы сімвал быў знойдзены задаўга да падзей 9 жніўня.
10 жніўня Наталля Максімава прапанавала Дзіме зрабіць сумесны прамы эфір з Акрэсціна і расказаць, што на самой справе там адбываецца.
— А гэта агульная праца: акрамя вядоўцы патрэбныя аператар і людзі ў студыі, якія будуць прымаць сігнал.
Я тады не да канца разумела, наколькі магу Семчанку давяраць, бо ён у пуле. А там усе не давяраюць адзін аднаму, бо кожны баіцца, што яго здадуць. І хто што думае насамрэч, не заўсёды зразумела.
— Але Дзіма пагадзіўся: «Так, Наташа, я з табой, зраблю ўсё, што ад мяне залежыць». На жаль, 10 жніўня кіраўніцтва вырашыла ніякіх прямых эфіраў не даваць: напалохалася, што праўда трапіць на тэлебачанне. З таго выпадку я ведала: гэтаму чалавеку магу давяраць, што ён з нашых, — падкрэслівае спадарыня Наталля.
Па словах сяброў, Дзмітрый ганарыўся, што ён беларус, і быў фанатычна настроены наконт незалежнасці рэспублікі. Аднак шчыра лічыў, што Лукашэнка дапамагае Беларусі заставацца суверэннай, што менавіта ён утрымлівае яе ад паглынання Расійскай Федэрацыяй.
— На АНТ былі супрацоўнікі, той жа Вячаслаў Бандарэнка, які казаў «Белоруссия» і што — мы гэта частка РФ. Дык з такімі персанажамі Семчанка пераставаў мець зносіны і не працягваў ім руку, каб павітацца. І рабіў гэта абсалютна дэманстратыўна, паказваючы сваю пагарду, — прыводзіць прыклад Міхаіл Максімаў. — Яго ў Расіі называлі русафобам за тое, што крытыкаваў Жырыноўскага, Мядзведзева.
Маркаў расцаніў яго сыход як асабістую здраду
Былыя калегі расказваюць, што, калі Семчанка прыйшоў да кіраўніцтва падпісваць заяву на сыход, у кабінеце 2 гадзіны стаяў дзікі роў: «Ты нягоднік! Не смей звальняцца! А што іншыя падумаюць?!»
— У іх быў шок. Маркаў расцаніў сыход Дзімы як здраду і асабістую здраду. Але Семчанка не мог заставацца на АНТ пасля таго, што адбылося ўначы з 9 на 10 жніўня. Лічыў, што тады здрадзіць народу, што працаваць там надалей злачынна. І ніякія прапанаваныя пернікі не маглі яго спыніць. І гэтаксама думала велізарная колькасць людзей. Бо разам з Семчанкам ў тыя дні звольніліся 70 чалавек! Гэта вельмі шмат, улічваючы, што ў штаце АНТ усяго 300 супрацоўнікаў. І гэта не прыбіральнікі, не тэхнічны персанал, а вядоўцы, журналісты. З‑за чаго ў наступныя дні на тэлеканале цалкам палегла ранішняя трансляцыя, суткамі круцілі «Ералаш» і нейкія архіўныя здымкі.
Большасць тых, хто тады добраахвотна сышоў з АНТ, не афішавала свой учынак. Звольнілі і тых, хто ўдзельнічаў у забастоўцы. Потым іх усіх пераследавалі, вызывалі ў Следчы камітэт. Усе былыя супрацоўнікі АНТ былі вымушаныя з’ехаць за мяжу.
Звальненне Семчанкі выклікала аграмадны рэзнанас не только на АНТ
Сыход Дзмітрыя выклікаў аграмадны рэзнанас не только на АНТ, але і на БТ, СТВ. Вось як апісвае тыя падзеі яшчэ адзін сведка — былы карэспандэнт дзяржТБ:
— Быў вялікі кіпіш! Усе сутаргава абнаўлялі навінавую стужку TUT.BY, каб даведацца хоць якую свежую інфармацыю. У каго былі знаёмыя ў АНТ — тэлефанавалі калегам у надзеі пачуць аспрэчанне. На БТ усе былі збіты з толку: час смуты і недаверу. Супрацоўнікі мала мелі зносін міжсобку: «А раптам ён не тых поглядаў?», «А раптам раскажа?..» Трохдзённае маўчанне дзяржСМІ толькі нагнятала становішча.
І вось на фоне хістанняў на БТ з’яўляецца навіна пра звальненне Дзмітрыя. Назаўтра пачыналі заскокваць у апошні вагон петыцыі да Мінінфарма ад працаўнікоў дзяржСМІ.
У наступныя 7 дзён людзі адмаўляліся ад працы ці павальна ішлі ў водпускі, каб перачакаць «у мора надвор’я».
— Аператары рыхтавалі страйк і ў сваім кабінеце дружна глядзелі эфір «Белсата» з пратэстаў. І менавіта ў гэты час пачалі вылазіць такія, як Ксенія Лебедзева і Марыя Пятрашка на БТ, Тур — на АНТ, Азаронак — на СТВ.
Прынцыпова заставаўся ў Беларусі
Увесь час пасля сыходу з АНТ Семчанку паступалі сігналы аб небяспецы яго становішча ў Беларусі. Але ён упарта не хацеў эміграваць.
— У сярэдзіне 2021 года мы з мужам вырашылі тэрмінова з’язджаць, бо ГУБОПіК ужо слаў пагрозы, сюжэты пра нас рабіў. Пыталіся ў Дзімы: «Ты ж разумееш, што не стаіць пытанне, прыйдуць за табой ці не. Пытанне: калі?» І нават калі былі ўжо ў Германіі, у адноснай бяспецы, угаворвалі яго: «Уцякай з сям’ёй. Тут выдатная беларуская дыяспара, яна дапаможа». Але ён усё роўна адмаўляўся, казаў: «А хто застанецца, калі я з’еду?» І што гэта будзе здрада Беларусі. Жонка яго ва ўсім патрымлівала, — адзначае Наталля. — Ён вельмі моцны духам чалавек. І верыць усім сэрцам, што сядзіць за правую справу. Я ведаю, наколькі яму зараз там цяжка. Але ён праходзіць гэтае пекла з годнасцю.
Галоўная каштоўнасць для Семчанкі — сям’я і дзеці
Мала хто ведае, але, нягледзячы на досыць уплывовую публічную пасаду, Дзмітрый — вельмі хатні чалавек. З працы заўсёды спяшаўся дадому, да любімых жонкі Юліі і 7‑гадовага сына. Адпачываць імкнуўся толькі разам з імі. Верны муж і цудоўны тата, вельмі надзейны і прынцыповы, як сведчаць сябры. Сям’я і дзеці для яго — галоўная каштоўнасць. Дарэчы, у ліпені была 9‑я гадавіна вяселля Семчанкаў. З гэтай нагоды Юлія напісала ў сацсетках шчымлівыя радкі:
«Аднойчы, калі мне было 18, Бог прынёс мне на далонях каханне. Ды не проста сапраўднае, а такое, аб якім я заўсёды марыла і верыла, што будзе. Дзе ўзаемапавага, безумоўны давер, шчырасць у кожнай размове, дзе няма “мужчынскіх або жаночых” справаў, дзе агульны і асабісты рост і развіццё. […] Аднойчы, роўна 9 гадоў таму, мы далі гэтае абяцанне адно адному і трымаем яго дагэтуль. Дзе б ні былі, мы ідзем гэты шлях разам. Балючы, цяжкі, камяністы, з нечаканымі заваротамі, маланкай, дажджом і градам, але ідзем».
Яны пазнаёміліся ў сацсетках. Сябры распавядаюць ‚што Дзмітрый любіў успамінаць іх першую сустрэчу, як запытаў у Юліі, ці верыць яна ў каханне, і як спадабаўся тады яе адказ. Спачатку сур’ёзна адзін аднаго не ўспрымалі, а потым як накрыла!.. Юліі тады было 18, Дзмітрыю — 28 гадоў. Для абодвух гэты першы шлюб.
Блізкія да пары людзі расказваюць, што сваю любоў да гісторыі Беларусі і мовы Семчанка прывіў і жонцы. Разам яны любілі шпацыраваць па цікавых мясцінах. Дзмітрый у такія хвіліны ператвараўся ў натхнёнага расказчыка: сыпаў ведамі і цікавымі фактамі. І асабліва захапляўся родным Магілёвам.
Паэтычна таленавіты
Паэтычныя здольнасці Дзмітрыя выявіліся даўно. Але менавіта за кратамі, у час выпрабаванняў, у яго нарадзілася шмат прыгожых і балючых твораў. І ўсе яны напісаныя па-беларуску. Верш, прысвечаны роднай мове, шырока разышоўся па сацсетках.
Прабач нам, Мова Родная!
Як шчанюкі бязродныя,
Мы здрадзілі табе.
Мы моўчкі назіралі,
Як маці забівалі,
Казалі, што іх дзьве.
Прабач, што не крычалі,
Як школы зачынялі,
Крыўляліся з цябе.
А мы не разумелі,
Якое цуда мелі.
Засталіся ў журбе.
Мы сэрца прадавалі,
Народны код гублялi,
Боль — каранi iрваць.
Нас проста раз’ядналі.
Нас і людзьмі ня звалі,
Каб статкам кіраваць…
Але ж ня выйшла гэта!
Прачнуліся мы летам,
І зразумелі раптам: мы народ.
Не сонцам мы сагрэты,
На ўсіх адна ёсць мэта —
Краіны мары ўбачыць узыход.
Палохаюць нас мовай,
Каб зноў трымаць ў палоне,
Каб зноў мільёны раз’яднаць.
Крычаць: «Заставят вас учиться!
Она нигде не пригодится.
Она вообще не ваша мать».
Прабач ім, Мова Родная,
Але мы станем годныя,
Навучым размаўляць сваіх дзяцей.
У свеце мовы розныя,
Іх ведаць — плюс для розуму,
Але свая павінна быць радней!
Увага, якая надае сэнс
У адным з лістоў на волю Дзмітрый пісаў: «Прыемна ўвага, якая надае сэнс маім учынкам і сёняшнему існаванню тут. Міне нейкі час (спадзяюся, што хутка), і ў адным са знакавых месцаў абавязкова зробяць помнік у выглядзе анёла з паштоўкай у адной руцэ і ў бандэролькай у другой. Зразумела, каму ён будзе прысвечаны».
Таму давайце падтрымаем імянінніка лістамі з віншаваннямі і цёплымі словамі!
Пішыце яму па адрасе: ПК №22, 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20. Семчанку Дзмiтрыю Віктаравічу.
Чытайце яшчэ:
У лістах з‑за кратаў Андрэй Кузнечык разважае пра беларускія СМІ і пра тое, як сніць Мінск
Той выпадак, калі газета выратавала тысячы жыццяў. У якім стане цяпер украінская журналістыка
Відэааператара Вячаслава Лазарава і яго жонку Таццяну Пыцько будуць судзіць 5 верасня