Як дзяўчына з Мінска стала адной з заснавальніц сучаснага брытанскага балету
Яна атрымала сусветную вядомасць як дызайнерка сцэнічных касцюмаў і тэатральная мастачка. Працавала з першай пастаяннай брытанскай трупай Ballet Club і была адной з тых творцаў, хто заклаў традыцыі сучаснага брытанскага балету.
І таксама — адной з тых, чыё імя Беларуская рада культуры ўключыла ў кампанію #art_born_Belarus: беларусы мусяць ведаць і прамаваць у свеце, каб аўтарку не прадстаўлялі яе «Russian-born theatrical designer» альбо «брытанскую мастачку».
«Салідарнасць» сабрала 6 фактаў з жыцця тэатральнай мастачкі Соф’і Федаровіч.
Не стала ўрачом
Нарадзілася ў Мінску, у сям’і ўрача, у лютым 1893-га, тут правяла дзяцінства і скончыла жаночую гімназію. Жывапіс вывучала спачатку ў Кракаве, потым у Маскве і Санкт-Пецярбургу — праўда, па некаторых звестках, падчас першай сусветнай вайны вучобу адсунула на другі план праца ў Чырвоным Крыжы. Яна сама заразілася і захварэла на брушны тыф — але ачуняла.
Пасля рэвалюцыі яна з’ехала з Расіі за мяжу, спачатку каб паправіць здароўе і сустрэцца з сябрамі, потым падумала — і засталася ў Еўропе фактычна на ўсё астатняе жыццё.
«Таксавала» ў Парыжу
Наступныя дзесяць год яна жыла ў розных гарадах — у прыватнасці ў 1922‑м пераехала ў Парыж, актыўна малявала, выстаўлялася. Малявала ў тым ліку балетных танцораў, атрымаўшы дазвол прыходзіць на рэпетыцыі — лавіла рух, імкнулася перадаць яго на паперы.
А паколькі выдаткаў мастацтва прыносіла значна больш, чым прыбытку, падпрацоўвала ў таксі па начах. І хоць сталіца Францыі на той час была на першым месцы па колькасці аўтамабіляў у Еўропе, жанчыны-вадзіцелі ўсё-ткі былі вялікай рэдкасцю.
Замахнулася на высокую моду
Першую тэатральную замову мастачка атрымала ад знакамітай танцоркі і балетмайстаркі польскага паходжання Мары Рамбер — на касцюмы і дэкарацыі для балету «Трагедыя моды, альбо Пунсовыя нажніцы».
У гісторыі пра ўразлівага куцюр’е герой настолькі засмуціўся, калі ягоная праца не спадабалася, што прыйшоў у адчай і забіў сябе нажніцамі. Мары Рамбер выканала ў кароткай пастаноўцы ролю дзёрзкага жывога манекена, а яе вучань Фрэдэрык Эштан — партыю куцюр’е.
З гэтай пастаноўкі 1926 года пачаўся не толькі сцэнаграфічны ўзлёт Сафіі Фдаровіч, але і ейнае плённае і доўгае супрацоўніцтва з Эштанам, які называў мастачку сваім «самым дарагім сябрам, найлепшым сааўтарам і найвялікшым творчым паплечнікам і дарадцам».
Дарэчы, рэзкаватая Сафія ўразіла вытанчанага англічаніна Эштана з першай сустрэчы: ён згадваў, што быў зачараваны яе стылем а‑ля гарсон, абыякавасцю да моды, кароткай стрыжкай і пры тым анёльскай прывабнасцю «хлопчыка з царкоўнага хору».
Да таго ж высветлілася, што яна насамрэч любіць балет — не толькі вонкавае мастацкае афармленне, але і танец сам па сабе; яна не раз наведвала пастаноўкі як глядач, сябравала з многімі танцорамі і сачыла за развіццём іхняй кар’еры.
Прыняла брытанскае грамадзянства
З таго часу Сафія стала афіцыйнай мастачкай новастворанай трупы Ballet Club — першай сталай трупы ў брытанскім балеце. Агулам у творчай біяграфіі сцэнографкі — афармленне 25 балетаў (11 з іх — у тандэме з Фрэдэрыкам Эштанам), 4 опер і 2 п’ес.
Адметнай рысай яе стылю сталі прастата і стрыманасць — каб дэкор не адцягваў увагу ад уласна балету, Федаровіч стварала настрой і перадавала адчуванне часу і месца ўсяго некалькімі элементамі, колерамі і лініямі.
У 1940 годзе Федаровіч прыняла брытанскае грамадзянства — і, магчыма, таму шмат на якіх аўкцыёнах і ў мастацкіх галерэях, дзе выстаўляюцца яе працы, мастачку дагэтуль прадстаўляюць «брытанскім творцам». Зрэшты, нават у працах мастацтвазнаўцаў сустракаюцца азначэнні «руская польскага паходжання» альбо проста «руская».
Дарэчы, у гэтым жа годзе мастачка распрацавала дэкарацыі і ўборы для пастаноўкі Андрэ Ховарда «La fête étrange» у Лонданскім балеце — яе касцюмы крытыкі назвалі «простымі, але выкшталцоўнымі», а саму пастаноўку Каралеўскі і Шатландскі балет паказвалі больш як 200 разоў.
Не зведала «зорнай хваробы»
На тэатральных падмостках Сафія Федаровіч супрацоўнічала таксама з такімі вядомымі балетмайстрамі, як Нінет дэ Валуа, Антоні Цюдор, афармляла пастаноўкі для Ковент Гардэн Опера («Травіята» Дж.Вердзі, 1948, «Мадам Батэрфляй» і «Тоска» Дж.Пучыні, 1950, «Арфей і Эўрыдзіка» К.Глюка, 1953).
А паралельна яна працягвала займацца жывапісам — партрэты і нацюрморты яе экспанаваліся ў Восеньскім салоне і салоне Незалежных у Парыжу, на выставах «Лонданскай групы», былі паказаныя публіцы ў межах Выставы рускага мастацтва ў Лондане.
Яе стрыечны брат, гісторык літаратуры Вацлаў Лядніцкі, не без гонару адзначаў у сваіх мемуарах, што яна «здабыла сабе такое высокае становішча ў лонданскім мастацкім асяродку», а таксама згадваў, што «скульптурнае мастацтва прынесла ёй такі вялікі трыумф у Парыжы, Італіі і Амерыцы».
Зрэшты, наконт вядомасці ў Амерыцы і скульптур даследчыкі нічога не могуць сказаць пэўна. Тлумачаць гэта тым, што мастачка па натуры была вельмі стрыманай і закрытай, вяла спартанскі лад жыцця, далёкі ад выхадаў у свет, не любіла фатаграфавацца і нават не выходзіла на паклоны з усёй трупай. А тым больш не любіла распавядаць пра свае перажыванні — і не дала ніводнага інтэрв’ю.
Атруцілася газай
Гэта была трагічная выпадковасць — уцечка газы ў доме па вуліцы Беры-Уок, 22 у Чэлсі ўнесла жыццё мастачкі ў халодным студзені 1953 года. Да свайго 60-годдзя яна не дажыла крыху менш як месяц. Большую частку назапашаных сродкаў яна пакінула найлепшаму сябру Фрэдэрыку Эштану, аб якім кранальна клапацілася ўсе гады.
Праз два гады другі яе сябар Сайман Фліт сабраў пісьмовыя ўспаміны знаёмых і прыхільнікаў мастачкі, і сабраў іх у кнізе, якую выдаў прыватным чынам і распаўсюдзіў сярод невялікага прыяцельскага кола.
Пазней на доме была ўсталяваная мемарыяльная шыльда — вельмі простая, на ёй пазначаны даты жыцця і імя: «Тут жыла Сафі Федаровіч, мастачка балету і оперы». А вось яе працы разышліся па розных краінах свету — у музеі і прыватныя калекцыі.
Чытайце яшчэ:
«Памаўчы са мной па-беларуску». Кранальны пост літаратара Міхася Скоблы да 75-годдзя Яўгеніі Янішчыц
Что стоит и чего не стоит делать, проводя интервью: 12 советов журналистам
Алег Груздзіловіч: «Калі мяне катавалі,то сказалі спаць на драўлянай падлозе»